- Нямецкія аналітыкі ўхвалілі эканамічны рост Польшчы
- У Грэцыі легалізаваныя мігранты, якія працаўладкаваныя

Гэтымі днямі чарга з аўтобусаў на мяжы з Беларуссю і Польшчай ўтварылася ў тым ліку з-за допытаў «сілавікоў». Дапытваюць людзей падрабязна, пра пратэсты і датычнасць да экстрэмізму, правяраюць асабістыя рэчы і тэлефоны. Агулам чарга складае каля 15 км.Не адстаюць і легкавікі, кіроўцы якіх перад пачаткаў Калядаў, стаялі па 8 гадзін у чарзе. Мелі месца і бойкі паміж кіроўцамі. «Бліжэйшыя дні на межах Беларусі і ЕЗ могуць выдацца вельмі гарачымі. Прычына – у рэйсах турэцкай авіякампаніі Southwind Airlines, якая распачала ажыццяўляць пералёты са Стамбула ў Менск. Кошт квітка складае прыкладна 200 еўра», – перадае нямецкая газета Bild.
„Сляды авіякампаніі Southwind Airlines вядуць у Расею, а ў арабскіх сацыяльных сетках зараз наўмысна распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што Германія з 2024 года ўзмоцніць жорсткасць крытэрыяў прыёму бежанцаў. Польскія спецслужбы мяркуюць, што такія чуткі могуць падштурхнуць патэнцыйных нелегальных мігрантаў да спробы выпрабаваць поспех яшчэ ў 2023 годзе, а рэйсы Southwind Airlines з’яўляюцца зручнай магчымасцю хутка дабрацца да мяжы з ЕЗ. Польскі бок мяркуе, што ў выпадку Southwind Airlines размова можа ісці аб сумеснай аперацыі Расеі і Беларусі з мэтай справакаваць калядна-навагодні міграцыйны (мікра)крызіс», – піша нямецкае выданне.
Прэстыжная нямецкая газета Handelsblatt адзначае, што за апошнія 20 гадоў Польшча «цудоўна развівалася». На думку аналітыкаў, хутка Польшча можа дагнаць Германію па ўзроўні ВУП на душу насельніцтва. У артыкуле Handelsblatt здзіўляюцца, чаму распрацоўваць прапановы па рэформе ЕЗ зноў будзе Італія, якая развівалася горш.
«Калі паглядзець на развіццё краін ЕЗ за апошнія 20 гадоў, то давядзецца прызнаць, што ні адна краіна не развівалася так дрэнна з пункту гледжання ВУП на душу насельніцтва, як Італія. У той жа час, іншыя краіны развіваліся цудоўна, асабліва Ірландыя і Польшча. Хоць Польшча пачынала з самага нізкага ўзроўню, прагрэс, які адбыўся ў краіне, не мае аналагаў у Еўропе. Радыкальныя рэформы рынкавай эканомікі ў Польшчы, лібералізацыя сістэмы адукацыі з выразным акцэнтам на якасць і вельмі добрыя ўмовы, створаныя дзяржавай, і сталі прычынамі хуткага развіцця. Польшча практычна па ўсіх паказчыках апярэджвае Нямеччыну, і застаецца толькі марыць, ці пройдзе шмат часу, перш чым Польшча дагоніць Нямеччыну па ўзроўні ВУП на душу насельніцтва.
Калі ЕЗ хоча правесці рэформы зараз і зноў стаць канкурэнтаздольным у будучыні, яму варта абапірацца на рэкамендацыі тых, хто даказаў, што можа дабіцца прагрэсу, а не слухаць парады тых, хто дзесяцігоддзямі не можа мадэрнізаваць сваю краіну. Гэта датычыцца і Германіі», – наракае нямецкае выданне.
Грэцкі парламент унёс змены ў заканадаўства, якое датычыцца мігрантаў. Цяпер замежнікі, якія нелегальна ўехалі ў краіну, змогуць атрымаць трохгадовы від на жыхарства і афіцыйны дазвол на працу, калі яны пражываюць у краіне не менш за тры гады, ужо маюць працоўнае месца – і не здзейснілі ніякіх караемых дзеянняў. Колькасць такіх мігрантаў ацэньваецца прыкладна на 30 тысяч чалавек. Абумоўлена гэта мера недахопам працоўных рук у эканоміцы, перш за ўсё – у аграсектары. Грэцкі партал Capital выступае супраць такой міграцыйнай палітыкі.
«Ключ да кіравання міграцыяй – у кантролі межаў, строгім адборы заяўнікаў і наглядзе за тымі, хто знаходзіцца і працуе ў краіне. Гэта азначае, што тых, хто заязджае нелегальна, трэба высылаць адваротна, а не ўзнагароджваць за ўсё добрае. Рашэнне праблемы міграцыі патрабуе доўгатэрміновай стратэгіі, заснаванай на палітычным кансэнсусе большасці партый у парламенце і ў грамадстве. Змяненні, якія прымаюцца па выніках начных пасяджэнняў, не садзейнічаюць рэалістычнаму падыходу. Наадварот, яны ўзмацняюць падазрэнні ў наяўнасці ўтоенай мэты – і ствараюць добрую глебу для ўзнікнення тэорый змовы», – папярэджвае грэцкае выданне.
Прыхільнікі стварэння Суперлігі вядучых еўрапейскіх футбольных клубаў святкуюць першую перамогу: Еўрапейскі суд вынес пастанову, паводле якой футбольныя асацыяцыі ФІФА і УЕФА не маюць правы забараняць найбуйным клубам і іх гульцам удзельнічаць у спаборніцтвах, якія канкуруюць з розыгрышамі, арганізаванымі гэтымі асацыяцыямі. Гэта мяняе расстаноўку сіл у футболе. «Ці дойдзе справа да стварэння Суперлігі – не гэтак ужо важна», – піша амстэрдамская газета De Telegraaf.
«З 21 снежня 2023 года вялікія футбольныя асацыяцыі будуць ісці на повадзе ў клубаў, а не наадварот. І фінансавыя плыні, пра якія ў канчатковым выніку і ідзе гаворка, пойдуць тым жа шляхам. Гэта – прыемная дынаміка, паколькі дыктатура УЕФА і ФІФА не ведала межаў. Роўна як і іх нахабства. Суд зламаў гегемонію УЕФА і ФІФА. Усё, сумнеўныя асобы накшталт прэзідэнта першай – Чаферына і прэзідэнта другой – Інфантына зараз ужо не змогуць паводзіць сябе так, быццам яны не кіраўнікі арганізацый, а ўсемагутныя сіяцельныя каралі», – адзначае нідэрландскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






