Трамп перакрыў кран і Літве: спыняецца фінансаванне праваабарончых груп, у тым ліку і беларускіх. Пуцін «адчайна сігналізуе», але баіцца размаўляць з Украінай наўпрост. Як ідзе расследаванне трагедыі ў Вашынгтоне? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

ЗША спынілі ўсе праекты замежнай дапамогі на 90 дзён, каб правесці аналіз іх дзейнасці. “Гэтая нечаканая навіна ўдарыла таксама па праваабарончых арганізацыях і праграмах беларускай і расейскай апазіцыі, якія базіруюцца ў Вільні”, – піша мясцовае выданнеLRT.
“ЗША з’яўляюцца асноўным пастаўшчыком гуманітарнай дапамогі ў свеце, які выдае штогод каля дзясяткаў мільярдаў еўра. Фінансаванне было прыпынена для самых розных відаў дзейнасці: ад размініравання і лячэння ВІЧ у Афрыцы да падтрымкі ветэранаў і працы арганізацый грамадскага сектара ва Украіне. Вашынгтон разглядае гэта фінансаванне як адзін з геапалітычных інструментаў процідзеяння ўплыву Расеі і Кітая. У Вільні дзейнічаюць дзясяткі няўрадавых арганізацый, якія фінансуюцца ЗША і працуюць з беларускай і расейскай апазіцыяй, – гэта ў тым ліку тыя арганізацыі, якія дапамагаюць эвакуіяваць апазіцыянераў, чыё жыццё знаходзіцца ў небяспецы. “Гэта закранула нас адразу і маштабна, – мы вымушаны спыніць дзейнасць па выкрыцці беларускай дзяржаўнай прапаганды, правядзенні экспертнай працы і журналісцкіх расследаванняў”, – заявілі ў пісьмовым каментарыі прадстаўнікі няўрадавай арганізацыі “Ecohome“, якая пераехала ў Вільню і забаронена ў Беларусі. – Ёсць пагроза, што беларуская дзяржава зможа бесперашкодна апанаваць усе дэзінфармацыяй, а назіральнікі не змогуць працягваць сваю працу”. Аднак прадстаўнікі некаторых НДА, якія працуюць з Беларуссю, падкрэслілі парталу LRT, што яны змогуць працягваць сваю дзейнасць, паколькі яны не поўнасцю залежалі ад амерыканскага фінансавання і шмат у чым працавалі за кошт сродкаў, сабраных дзякуючы ахвяраванням і іншым крыніцам”, – падкрэслівае літоўскае выданне.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у інтэрв’ю Associated Press, што выключэнне яго краіны з перамоваў ЗША і Расеі па дасягненні міру было б “вельмі небяспечным” і заклікаў да дадатковых абмеркаванняў паміж Кіевам і Вашынгтонам для распрацоўкі плана спынення агню.
“Я ўпэўнены, што перамовы Амерыкі і Расеі пра Украіну без Украіны – гэта вельмі небяспечна”, – сказаў Зяленскі. На яго думку, у прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна “могуць быць свае адносіны”, але гаварыць без Кіева “небяспечна для ўсіх”. Ён дадаў, што ўсе еўрапейскія краіны хацелі б размовы Кіева і Вашынгтона наконт больш хуткага заканчэння вайны, а сам Зяленскі хацеў бы чуць у гэтым абмеркаванні і Еўропу, якая шмат дапамагала Украіне. Пазней ён выклаў у сваіх сацсетках урывак інтэрв’ю і дадаў, што Пуцін баіцца прамых перамоваў з Украінай. Пуцін не раз заяўляў, што перамовам перашкаджае ўказ, падпісаны Зяленскім у пачатку кастрычніка 2022 года. У ім сцвярджалася рашэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны аб немагчымасці перамоваў з Уладзімірам Пуціным. Сам Зяленскі ўжо ў студзені 2025 года тлумачыў, што гэтае рашэнне было абгрунтаванае неабходнасцю спыніць сепаратызм у краіне, таму што Пуцін «пачаў вельмі хутка будаваць вялікую колькасць розных каналаў разам з сепаратыстамі, з прадстаўнікамі іншых дзяржаў»”, – піша амерыканскае выданне. Таксама ў інтэрв’ю Associated Press Зяленскі выказаўся пра сяброўства ў НАТА, назваўшы яго самым “танным” варыянтам гарантый бяспекі для Украіны, які да таго ж будзе выгадны для Трампа.
Катастрофу ў Вашынгтоне звязалі з так званым аэратаксі для VIP-персон. Газета The Wall Street Journal даведалася, што ў вольны ад місій і вучэнняў час экіпаж Black Hawk займаўся транспарціроўкай высокапастаўленых ваенных унутры Вашынгтона і за яго межамі. Гэта стварала дадатковую нагрузку на аэрапорт Рэйгана, які і так быў недаўкамплектаваны дыспетчарамі. У выніку сутыкнення верталёта з пасажырскім лайнерам у ноч на 30 студзеня загінулі ўсе 67 чалавек, якія знаходзіліся на борце двух суднаў. У дзень катастрофы верталёт адпрацоўваў перавозку вышэйшых кіраўнікоў ЗША ў бяспечную зону на выпадак нападу на сталіцу. «Яшчэ ў В’етнамскую вайну», – піша The Wall Street Journal, «батальён перавозіў генералаў у гарачыя кропкі і назад. Цяпер гэтыя верталёты ў вольны час працуюць як таксі для афіцыйных VIP-персон. Крыніцы выдання адзначаюць, што пілотам, з іх жа слоў, падабаецца быць “таксістамі” для генералаў. Але аэрапорт Рэйгана адзін з лётчыкаў назваў сваім нялюбым з-за перагружанасці і кароткіх узлётна-пасадачных палос. У вайсковым асяроддзі практыку VIP-перавозак лічаць неабходнасцю з-за шчыльнага графіка высокапастаўленых асоб. Але 31 студзеня авіяцыйныя ўлады спынілі такія палёты. З тэхнічных дакументаў вынікае, што ў верталёта хапала часу, каб пазбегнуць сутыкнення. Дыспетчары двойчы папярэджвалі яго аб збліжэнні з пасажырскім самалётам. Не выключана, што экіпаж Black Hawk бачыў у гэты момант нейкі яшчэ аб’ект. А ў момант катастрофы адзін дыспетчар, які адказваў за перамяшчэнне верталётаў паблізу аэрапорта, адначасова інструктаваў экіпажы самалётаў», – піша амерыканскае выданне.
Вядомая ў Балгарыі ўрач і спецыяліст у галіне харчавання доктар Людміла Ямілава заявіла па тэлебачанні, што галаданне карыснае – маўляў, паглядзіце на былых вязняў Асвенцыма, якія дажылі да 100 гадоў. Гэтыя словы выклікалі буру абурэння ў краіне.
«Кіраўнік яўрэйскай абшчыны прафесар Алек Оскар рэзка асудзіў выказванні ўрача, назваўшы яе словы “дурнымі і скандальнымі”: “Гэта праўда, што памяць з часам цьмянее, але такія заявы недарэчныя і гучаць як здзек з памяці ахвяр Халакоста”. Пасол Ізраіля ў Балгарыі Ёсі Леві-Сафры звярнуўся ў МЗС Балгарыі са скаргай і просьбай пра афіцыйнае асуджэнне. Міністэрства замежных спраў Балгарыі на чале з міністрам Георгам Георгіевым, які ў мінулым займаў пасаду першага каардынатара па барацьбе з антысемітызмам, выступіла з рашучай вымовай слоў доктара Емілавай, заявіўшы, што МЗС лічыць іх “недарэчнымі і зневажальнымі памяць мільёнаў ахвяр Халакоста і нацызму”. У той жа дзень лекар выступіла з заявай, у якой публічна папрасіла прабачэння за свае словы і выказала шкадаванне за непрыстойную сувязь, знойдзеную ёю для прыкладу ў інтэрв’ю. “Я з павагай схіляюся перад нявіннымі ахвярамі Халакосту”, – цытуе лекара ізраільскае выданне “Вести”.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






