Знікла спікерка КР Беларусі. Еўрапейцы павінны быць гатовы самастойна выжыць у першыя 72 гадзіны крызісу. ЗША адклалі ўвядзенне бязвізавага ўезду для грамадзян Румыніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Спікерка Каардынацыйнай рады апазіцыі Беларусі Анжаліка Мельнікава знікла 25 сакавіка, з таго часу сувязі з ёй не было. Па дадзеных КР, яна пакінула Польшчу. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета дэмсіл Павел Латушка паведаміў аб знікненні Мельнікавай у польскія праваахоўныя органы», – перадае DW.
“Мы спадзяемся на лепшае, але разумеем, што прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі застаюцца прыярытэтнымі мэтамі спецслужбаў рэжымаў у Беларусі і Расеі”, – заявілі ў КР. Між тым беларуская газета “Наша Ніва” 29 сакавіка паведаміла, што Мельнікава вылецела ў Лондан, а яе былы муж адначасова з’ехаў з Польшчы ў Беларусь. “Наша Ніва” адзначае, што нядаўна КР павінна была атрымаць транш ад донараў у памеры каля 100 тысяч еўра. Пасля знікнення Мельнікавай доступу да гэтых сродкаў у Каардынацыйнай рады няма, удакладніла газета. КР афіцыйна запытала у донараў інфармацыю, ці ажыццяўляліся пералічэнні сродкаў на рахунак Фонду Анжалікі Мельнікавай.
Абавязкі спікера КР часова будзе выконваць віцэ-спікерка Станіслава Гліннік», – перадае DW.
***
“Еўракамісія заявіла, што грамадзянам Еўразвяза трэба назапасіцца дастатковай колькасцю ежы, вады і іншых прадметаў першай неабходнасці, каб забяспечыць сябе сродкамі да існавання на працягу як мінімум 72 гадзін у выпадку ўзнікнення крызісу”, – паведамляе Vitrina.pl.
“У новым звароце, апублікаваным у сераду, камісія падкрэсліла неабходнасць для Еўропы змяніць свой лад мыслення, развіваць культуру “гатоўнасці” і “ўстойлівасці”. У 18-старонкавым дакуменце папярэджваецца, што Еўропа сутыкаецца з новай рэальнасцю, азмрочанай рызыкай і нявызначанасцю, і ў якасці асноўных фактараў згадваюцца поўнамаштабная вайна ва Украіне, геапалітычная напружанасць, якая расце, сабатаж крытычна важнай інфраструктуры і радыёэлектронная барацьба. Камісар ЕЗ па кіраванні крызіснымі сітуацыямі Хаджа Лахбіб апублікавала інструкцыйнае відэа, у якім пералічыла асноўныя прадметы, якія кожны павінен мець дома на выпадак крызісу. Сярод іх: Прадукты харчавання і вада – запас мінімум на 72 гадзіны. Ліхтар – пажадана на батарэйках або з магчымасцю зарадкі ад дынама-машыны. Power bank – для падзарадкі тэлефона ў выпадку адключэння электрычнасці. Радыё на батарэйках – для атрымання інфармацыі ў крызіснай сітуацыі. Наяўныя грошы – на выпадак збояў у электронных плацяжах. Лекі – асабліва тыя, якія прымаюцца на пастаяннай аснове. Прадстаўнікі ЕК падкрэслілі, што важна ведаць працэдуры эвакуацыі ў раёнах, схільных да паводак, а таксама значэнне сістэм ранняга папярэджання аб пажарах. Адначасова ЕК заклікае ўключыць у школьныя праграмы ўрокі па гатоўнасці да надзвычайных сітуацый, у тым ліку даць вучням навыкі барацьбы з дэзінфармацыяй і маніпуляваннем інфармацыяй. Нагадаем, што нядаўна прадстаўнікі польскага ўрада таксама заявілі аб неабходнасці гатоўнасці жыхароў краіны да 72 гадзін аўтаномнага існавання без падтрымкі дзяржавы і прапанавалі падрыхтаваць эвакуацыйныя заплечнікі”, – піша польскае выданне.
***
Незадоўга да змены ўлады ў ЗША Вашынгтон абяцаў увесці рэжым бязвізавага ўезду для грамадзян Румыніі на тэрмін знаходжання да 90 дзён. Там гэтага рашэння даўно і з нецярпеннем чакалі: планавалася, што новыя правілы набудуць моц у канцы сакавіка. Цяпер жа было абвешчана, што гэтая мера адкладаецца на нявызначаны час. Як заявілі з Вашынгтона, там маюць намер яшчэ раз праверыць, наколькі Румынія адпавядае стандартам бяспекі, якія прад’яўляюцца да краін, грамадзяне якіх атрымліваюць права бязвізавага ўезду. «Перанос увядзення бязвізвага ўезду звязаны з рашэннем Цэнтральнага выбарчага бюро Румыніі адмовіць Кэліну Джорджэску ў праве балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах», – сцвярджае партал G4media.ro.
«Адміністрацыя Трампа прыняла рашэнне аб пераносе праграмы бязвізавага ўезду праз некалькі дзён пасля таго, як амерыканскае пасольства ў Бухарэсце раптам ні з таго ні з гэтага яшчэ раз апублікавала знакамітае выказванне Джэй Ды Вэнса, у якім ён рэзка раскрытыкаваў адмену вынікаў выбараў у Румыніі. Разглядаючы сітуацыю з пазіцыі сённяшняга дня, можна сказаць, што такім чынам была падрыхтавана глеба для палітычнага пакарання, якое адбылося літаральна праз некалькі дзён. Джарджеску сам – яшчэ да таго, як было прынята рашэнне аб нядопуску яго кандыдатуры на выбарах, – заявіў, што за гэта рушаць услед санкцыі з боку Вашынгтона. Відавочна, у яго ёсць канал сувязі з адміністрацыяй Трампа!», – падсумоўвае румынскае выданне.
***
Вядомы нямецкі эксперт Герфрыд Мюнклер, у мінулым прафесар паліталогіі Берлінскага ўніверсітэта імя Гумбальта, на старонках n-tv.de не сумняваецца ў тым, што Пуцін падмане Трампа, план Рубія-Вэнса па разбурэнні альянсу паміж Масквой і Пекінам з трэскам праваліцца, а саюзніцкія адносіны паміж ЗША і Еўропай сыйдуць у мінулае.
«Мюнклер мяркуе, што Францыі і Вялікабрытаніі варта зрабіць стаўку на тактычную ядзерную зброю, якая можа быць прыменена прама на фронце і якая мела б сэнс размясціць у мэтах стрымлівання ў краінах, якія мяжуюць з Расеяй. Чаму менавіта тактычную ядзерную зброю? Мюнклер зыходзіць з таго, што ў выпадку агрэсіі Расеі супраць адной з краін Балтыі (у якасці прыкладу ў Германіі прынята ў апошні час выкарыстоўваць Эстонію) еўрапейскія саюзнікі Таліна наўрад ці выкарыстаюць сваю тактычную ядзерную зброю для ўдараў па Маскве ці Санкт-Пецярбургу, разумеючы, што адказам Крамля стануць удары па еўрапейскіх сталіцах. А вось тактычная ядзерная зброя магла б мець, на думку Мюнклера, эфект выцвярэжвання, а ў выпадку вайны стварыць сур’ёзныя праблемы для расейскіх вайскоўцаў. Прэвентыўная нуклеарызацыя краін Балтыі, Польшчы і Румыніі павінна стаць такім чынам важным элементам новай архітэктуры бяспекі ў Еўропе», – піша нямецкае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






