- Ці хоча Грузія стаць яшчэ адной Беларуссю?
- У Хезбалы ўзарваліся пэйджары і рацыі
- Спрэчныя кандыдаты Еўракамісіі

«Прарасейскія лідары ў Грузіі вядуць краіну ў небяспечным кірунку», — заявіў Майкл Макфол, каардынатар санкцыйнай групы супраць Расеі і былы амбасадар ЗША ў Расеі, звяртаючыся да грузінскага народу. Яго цытуе амерыканскае выданне The Jam News.
„Макфол адрэагаваў на заяву вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы Жазэпа Барэля, які заклікаў кіруючую партыю «Грузінская мара» адклікаць гамафобны і прапагандысцкі закон супраць ЛГБТ, «яшчэ больш збіваючы краіну з шляху ў ЕЗ». «Давайце грузіны! Спыніце гэтае адступленне ад Еўропы. Вы сапраўды хочаце стаць наступнай Беларуссю? Вашы прарасейскія лідары вядуць вас па вельмі кепскім шляху», — былы амбасадар ЗША Макфол пра Грузію. Напярэдадні парламенцкіх выбараў, прызначаных на кастрычнік 2024 года, грузінскі ўрад спрабуе рознымі спосабамі адцягнуць увагу грамадства ад рэальных праблем. 17 верасня парламент Грузіі прыняў дыскрымінацыйны і гамафобны закон, накіраваны супраць ЛГБТ-супольнасці. Законапраект падтрымалі 84 дэпутаты, а прадстаўнікі апазіцыі не галасавалі, бо байкатуюць парламент пасля ўхвалення большасцю закона аб «замежных агентах». Кіруючая партыя «Грузінская мара» сцвярджае, што закон накіраваны на «абарону сямейных каштоўнасцяў». Аднак праваабаронцы і сусветныя палітычныя дзеячы пацвярджаюць, што гэта абмяжоўвае правы ЛГБТ і ўводзіць цэнзуру. У рамках гэтай гамафобнай прапагандысцкай ініцыятывы «Грузінская мара» таксама плануе ўнесці папраўкі ў Канстытуцыю, для чаго патрэбная канстытуцыйная большасць, чаго партыя зараз не мае. Віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жазэп Барэль адрэагаваў на прыняцце закона паведамленнем на X: «Грузінскі парламент прыняў законы аб «сямейных каштоўнасцях і абароне непаўналетніх», якія падарвуць асноўныя правы людзей і ўзмоцняць дыскрымінацыю і стыгматызацыю», – піша амерыканскае выданне.
Пэйджарская сетка Хезбалы , па ўсёй бачнасці, была выкарыстаная супраць самай ісламісцкай арганізацыі: у мінулы аўторак у выніку дэтанацыі пэйджараў сяброў групоўкі ў Ліване дзевяць чалавек былі забітыя і 2750 атрымалі раненні. Хезбала абвінаваціла ў тым, што адбылося ізраільскую спецслужбу Масад. Пэйджары былі закупленыя зусім нядаўна, паколькі выкарыстанне сотавых тэлефонаў арганізацыя палічыла занадта небяспечнымі. 18-га верасня пачалі ўзрывацца і рацыі. Украінскі партал Censor.net публікуе меркаванне эксперта па кібербяспецы Канстанціна Корсуна.
«Нават самыя прасунутыя кіберспецыялісты дзейнічаюць выключна ў рамках законаў фізікі, хіміі, тэрмадынамікі і інжынірынгу. У рамках якіх я пакуль не разумею, якім чынам можна было так магутна ўзарваць шмат прылад адначасова. Адзінае разумнае тлумачэнне можа заключацца ў тым, што ў апараты асоб, якія паслужылі мішэнню, была нейкім чынам загадзя закладзена ўзрыўчатка. Але якім чынам можна было закласці ўзрыўчатку ў тысячы апаратаў тэрарыстаў? А вось тут няма ніякай магіі: працуюць традыцыйныя метады HUMINT [Human Intelligence], гэта значыць агентурнай інфільтрацыі», – падсумоўвае ўкраінскае выданне.
Пасля адбору кандыдатаў , які праходзіў не зусім гладка , у аўторак Уршуля фон дэр Ляен абвясціла імёны 27 кандыдатаў, якія ўвойдуць у склад новай Еўракамісіі. Цяпер кандыдатуры павінен ухваліць Еўрапарламент. Кожная з краін-членаў атрымала па партфелі, але не ўсе задаволеныя профільнымі ведамствамі, якія дасталіся ім, ды і па складзе камісіі думкі разышліся. «Больш за ўсё ад сітуацыі выйграе прэм’ер-міністр Італіі Мелані», – лічыць Stuttgarter Zeitung.
«Постфашыстка дамаглася таго, што адзін з яе паслядоўнікаў – Рафаэле Фіта – заняў адзін з самых уплывовых пастоў у Еўракамісіі. Ён стане віцэ-старшынёй і камісарам фонду салідарнасці Еўразвяза. Тым самым ён будзе адказваць за Еўрапейскі сацыяльны фонд і фонд рэгіянальнага развіцця. Радаванне Мелоні наконт гэтага рашэння проста не ведае межаў, бо яно забяспечвае ёй дадатковую ўладу і ўплыў у Бруселі. Выходзіць так, што гэтым прызначэньнем Уршуля фон дэр Ляен заклала ў сваю ўласную Камісію палітычную бомбу. Многія члены Еўрапейскага парламента выказалі справядлівае абурэнне і заявілі аб сваім непрыманні ультраправага італьянца», – адзначае нямецкае выданне.
Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп у бліжэйшую нядзелю плануе сустрэцца з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудай у амерыканскім штаце Пенсільванія. Аб гэтым са спасылкай на крыніцы піша The Wall Street Journal.
Як распавёў выданню высокапастаўлены польскі чыноўнік, Дуда будзе прысутнічаць на адкрыцці помніка “Салідарнасці” у Пенсільваніі. Трамп таксама быў запрошаны на імпрэзу. Сярод тэм, якія могуць абмеркаваць Дуда і Трамп, польска-амерыканскія адносіны, бяспека Польшчы і вайна ва Украіне. Журналісты звяртаюць увагу, што такая сустрэча стане рэдкім выпадкам перамоваў замежнага лідара з кандыдатам у прэзідэнты ЗША падчас перадвыбарнай кампаніі.
Па інфармацыі “Польскага радыё”, Трамп і Дуда прыбудуць у санктуарый Маці Божай Чэнстахоўскай у Дойлстауне, штат Пэнсыльванія, вядомым таксама як амерыканская Чэнстахова. Там яны прымуць удзел у цырымоніі адкрыцця помніка “Салідарнасці” і барацьбе палякаў за незалежнасць пасля 1945 года, арганізаванай Катынска-Смаленскім камітэтам. Старшыня камітэта і старшыня клубаў Gazeta Polska у Філадэльфіі Тадэвуш Антаняк сказаў “Польскаму радыё”, што мерапрыемства не павінна мець палітычны характар. Аднак амерыканскія СМІ аднадушна разглядаюць гэтую падзею як элемент кампаніі Дональда Трампа ў Пенсільваніі. Пэнсыльванія, адзначае The Wall Street Journal, з’яўляецца важным штатам для прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, дзе пражывае каля 700 тыс. польскіх амерыканцаў, што складае 5% ад агульнага насельніцтва штата.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






