BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Цана памылкі

Нараджальнасць у Беларусі ўпала да рэкорднага значэння за апошнія 70 гадоў. Літва: выбаршчыкі прагаласавалі за змену ўрада. Як праходзіць прэзідэнцкая кампанія ў ЗША? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Нараджальнасць у 2023 годзе склала 6,96 на 1000 насельніцтва, што складае самы нізкі паказчык за ўвесь час назіранняў з 1955 года, які раней не апускаўся ніжэй за 8,9”, – цытуе DW інфармацыю медыцынскай ініцыятывы “Белыя халаты” са спасылкай на закрытую справаздачу Міністэрства аховы здароўя аб выніках працы сістэмы аховы здароўя за 2023 год.

Як зазначаецца ў паведамленні, за год – з 1 студзеня 2022 па 1 студзеня 2023 года – нараджальнасць упала на 8%. Так, на 1 студзеня 2023 года ў Беларусі было 83 575 дзіцяці ва ўзросце да 1 года, а на 1 студзеня 2024 года – 76 872 дзіцяці. У 2023 годзе ў родадапаможных установах рэспублікі і дома зарэгістравана 64 089 родаў (2022 г. 69 691 родаў), што на 8,0% менш, чым у 2022 годзе”, – цытуе медыніцыятыва дадзеныя справаздачы. Гэта значыць, што ў 2022 годзе нарадзілася каля 69 691 дзіця, а ў 2023 годзе – 64 089. Таксама зазначаецца, што гэтыя дадзеныя могуць “нязначна адрознівацца ад рэальных (на некалькі дзясяткаў), паколькі ўключаюць мёртванараджэнне, а таксама нараджэнне двух і больш дзяцей””, – падсумоўвае DW.

***

У другім туры парламенцкіх выбараў у Літве перамаглі сацыял-дэмакраты, якія атрымалі 52 месцы і пакінулі ззаду кіруючую кансерватыўную партыю “Саюз Айчыны” – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты (28 месцаў). Цяпер пераможцы плануюць сфарміраваць трохпартыйную кааліцыю з партыяй Дэмакратычны саюз “У імя Літвы” (левацэнтрысты/ зялёныя) і трэцім партнёрам, пра якога яшчэ вядуцца перамовы. Нацыяналістычная папулісцкая партыя “Зара Нёмана” заняла на гэтых выбарах трэцяе месца. Рыжская Neatkarīgā таксама задаецца пытаннем пра тое, як вынікі галасавання паўплываюць на адносіны краіны да Расеі.

«Будучы суседам Літвы, Латвія будзе найперш сачыць за знешнепалітычным курсам новага літоўскага ўрада. Тут мы можам быць спакойныя: роўна як і ў Польшчы, у Літве няма сур’ёзных, палітычна значных сіл, якія былі б хоць збольшага арыентаванымі на Расею. Вядома, гэта не перашкаджае зараз сябрам Крамля, якія прайграўшых называць пераможцаў, якія нясуць пагрозу дзяржаве, але гэта ўсяго толькі частка палітычнай гульні. Цалкам магчыма, што новы міністр замежных спраў – хто б ім ні стаў – не зможа перасягнуць [цяпер ужо былога кіраўніка МЗС] Ландсбергіса ў антыпуцінскай рыторыцы, аднак па сутнасці, верагодна, нічога не зменіцца», – адзначае латвійскае выданне.

***

Камала Харыс выступіла з «заключным словам» у Вашынгтоне. Буйны мітынг ля Белага дома адбыўся роўна за тыдзень да выбараў. Яго назва адсылае да мінулага палітыка, калі тая была генпракурорам Каліфорніі. Як і ў судзе, у сваёй перадвыбарнай прамове яна выступіла з абвінавачваннямі ў адрас Дональда Трампа. Шанцы кандыдатаў між тым зраўняліся, Харыс апярэджвае апанента ўсяго на 1%, вынікае з вынікаў апытання агенцтва Reuters і кампаніі Ipsos. «Прыгарады – вось на што Харыс робіць стаўку», – піша Politico. «Іх жыхары, выбаршчыкі з вышэйшай адукацыяй, дрэйфуюць у бок дэмакратаў, пакуль рэспубліканцы набіраюць абароты сярод выбаршчыкаў з ліку “сініх каўнерыкаў” у невялікіх гарадах. І гэтага дастаткова, каб кампенсаваць паслабленне Харыс сярод чарнаскурых, лацінаамерыканцаў і маладых мужчын. Кандыдат ад Дэмпартыі спрабуе дыстанцыявацца ад Джо Байдэна, не выяўляючы пры гэтым нелаяльнасці. Параўноўваючы пандэмію COVID-19 2020-га з бягучымі выклікамі, яна падкрэсліла: “Маё прэзідэнцтва будзе іншым, паколькі і праблемы зараз іншыя”. Тым часам Трамп, выступаючы на ​​мітынгу ў Пенсільваніі, прызнаваўся ў каханні да пуэртарыканцаў: “Ніхто не любіць іх больш, чым я». У цэлым жа, у ягонай прамове змяшаліся асабістыя нападкі, крыўды, антыімігранцкія выказванні і крыху палітыкі», – адзначае еўрапейскае палітычнае выданне.

***

Па дадзеных вытворчай рады VW, канцэрн мае намер закрыць як мінімум тры заводы ў Нямеччыне і скараціць дзясяткі тысяч працоўных месцаў. Сам канцэрн пакуль афіцыйна не пацвердзіў гэтыя планы, але заяўляе аб “сур’ёзнай сітуацыі” – і ў мінулую сераду ўжо паведаміў аб каласальным падзенні прыбытку ў трэцім квартале 2024 года – на 64 працэнты. Прэса аналізуе прычыны крызісу, які ўразіў найважнейшы сектар нямецкай эканомікі. «Крызіс нямецкага аўтапрама выкліканы няслушнымі чаканнямі», – лічыць лонданскі штотыднёвік The Spectator.

«Вытворчасць аўтамабіляў вельмі энергазатратная, і Нямеччына не ў стане захоўваць канкурэнтаздольнасць, калі электрычнасць там даражэйшая, чым у ЗША, краінах Персідскага заліва ці Азіі. Праўда заключаецца ў тым, што Еўропа зусім няправільна падышла да “зялёнага пераходу”, праігнараваўшы сваю прамысловую базу і самаздаволена палічыўшы, што “добра аплачваныя працоўныя месцы ў сферы зялёнай эканомікі” чароўным чынам заменяць скасаваныя працоўныя месцы ў традыцыйнай сістэме вытворчасці. Адзін з найбуйнейшых працадаўцаў у найбуйнейшай эканоміцы Еўропы зараз менавіта за гэта і расплачваецца. І, нажаль, канцэрн VW тут не апошні», – падкрэслівае лонданскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя