Авіякампанія Red Wings адмаўляецца ад рэйсаў з Ульянаўска ў Менск. Якая пазіцыя Дональда Трампа ў дачыненні да Украіны? Польскі прэм’ер анансаваў амерыканскую дэкларацыю пра спыненне агню ва Украіне. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
“Расейская авіякампанія Red Wings са снежня спыняе продаж квіткоў на рэйсы з Ульянаўска ў Менск”, – паведамляе Коммерсант. Адзначаецца, што рэйсы плануецца адмяніць як мінімум да сакавіка 2025 года.
«Са спасылкай на свае крыніцы медыя паведамляе, што рэйсы адмяняюцца ў сувязі са скарачэннем бюджэтнага субсідавання. Праблема звязаная з тым, што абодва авіярэйсы (гаворка таксама ідзе пра пералёты з Ульянаўска ў Екацярынбург) субсідаваныя, прычым кошт субсідавання авіярэйсу ў Менск з боку рэгіянальнага бюджэту даволі істотны”, — гаворыцца ў публікацыі. Рэгулярныя авіязносіны паміж Менскам і Ульянаўскам былі адкрытыя Red Wings 1 чэрвеня. Ульянаўск стаў пятым расейскім горадам, адкуль самалёты Red Wings лётаюць наўпрост у Менск”, – піша расейская газета.
***
У МЗС РФ паабяцалі выслухаць прапановы Дональда Трампа па міры на Украіне. У Крамлі тым часам заявілі аб нязменнасці патрабаванняў да Кіева. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон у сваю чаргу папрасіў Дональда Трампа “дабівацца ад Расеі саступак па пытанні канфлікту ва Украіне”. Пра іх 25-хвілінную размову даведаўся The Wall Street Journal.
“Брусель шукае спосабы нарасціць фінансаванне Кіева ў выпадку, калі ЗША скароцяць свае выдаткі на гэтыя мэты. У “жалезнай” падтрымцы Украіны Уладзіміра Зяленскага таксама запэўніў прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер. Трамп дэманструе дваякую пазіцыю ў адносінах да ўрэгулявання канфлікту. Нягледзячы на абяцанні хутка завяршыць канфлікт, Трамп не прызнаецца, чыю менавіта перамогу хоча бачыць. У Кіеве гэта выклікала трывогу. Зяленскі аднак убачыў пазітыўны сігнал у тым, што тэлефонная размова з Трампам адбылася так хутка пасля выбараў. Рэспубліканец, як мяркуецца, запэўніў, што “не адмовіцца ад Украіны, але хоча даць шанц дыпламатыі”. А таксама паабяцаў прадоўжыць размову пасля фарміравання сваёй каманды. З верагоднасцю ў 5-10% новы прэзідэнт ЗША прыгразіць нарасціць дапамогу Кіеву, каб пасадзіць Маскву за стол перамоваў. З 90-працэнтнай верагоднасцю рэспубліканец паспрабуе схіліць Кіеў да перамоваў. Абраны віцэ-прэзідэнт Джэй Ды Вэнс публічна сфармуляваў умовы магчымай здзелкі: прызнанне тэрытарыяльнага падзелу Украіны і прымус яе да нейтралітэту. Рэалізацыя гэтых пунктаў стала б перамогай для Уладзіміра Пуціна, а таксама падштурхнула б яго да больш актыўных дзеянняў. Горш за ўсё, калі пагроза новага расейскага наступу прымусіць Кіеў пайсці на ўсё большыя саступкі. Ваенныя эксперты называюць гэта «сцэнарам Брэст-Літоўска»: гэтак жа невыгодную дамову пасля Першай сусветнай вайны прыйшлося скласці Расейскай імперыі”, – піша амерыканскае выданне.
***
«Адміністрацыя Белага дома можа ў бліжэйшы час аб’явіць аб тэрмінах спынення агню ва Украіне», – піша расейскае незалежнае выданне Meduza са спасылкай на Польскае радыё, якое апублікавала вынікі прэс-канферэнцыі прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска ў Варшаве.
«Па словах палітыка, ад уладаў ЗША можна ў хуткім часе чакаць дэкларацыі наконт даты спынення агню і гарантый бяспекі для Украіны. Гаворачы аб часткова абнародаваным у СМІ плане абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў дачыненні да Украіны, Туск падкрэсліў, што гэты план, верагодна, знаходзіцца толькі ў стадыі падрыхтоўкі. Пры гэтым рашэнні Трампа па вайне ва Украіне, “безумоўна, будуць прадугледжваць меншае ўмяшанне ЗША ва ўкраінскія справы”, лічыць прэм’ер Польшчы. «Што да Польшчы і Еўропы, яны ў бліжэйшыя месяцы будуць несці значна большую адказнасць за ўласную бяспеку», – дадаў Туск. Падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі Дональд Трамп неаднаразова заяўляў, што ў выпадку перамогі спыніць вайну ва Украіне на працягу 24 гадзін, а Уладзіміра Зяленскага называў “прадаўцом”, які, прыязджаючы ў ЗША, вязе “мільярды даляраў”. На наступны дзень пасля перамогі Трампа на выбарах прэзідэнта ЗША газета The Wall Street Journal паведаміла, што каманда рэспубліканца падрыхтавала новую прапанову па завяршэнні вайны, якая прадугледжвае ў прыватнасці адмову Украіны ад планаў уступлення ў НАТА як мінімум на 20 гадоў і замарозку лініі фронту», – піша расейскае незалежнае выданне.
***
«Нападзенні на ізраільцян у Амстэрдаме нагадвае пра самыя цёмныя старонкі гісторыі», – заявілі ў Еўропе. «Яўрэі павінны адчуваць сябе ў Еўропе ў бяспецы», – запатрабавалі лідары краін і ўрадаў. Пра тое, як кіраўнікі краін і ўрадаў рэзка асудзілі напады на футбольных балельшчыкаў з Ізраіля ў Амстэрдаме, павемляе DW.
«Яўрэі ў Еўропе павінны адчуваць сябе ў бяспецы, падобныя атакі непрымальныя. Мы не можам з гэтым змірыцца», – напісаў у пятніцу, 8 лістапада, у сацсетцы X канцлер ФРГ Олаф Шольц. Кіраўнік МЗС Германіі Аналена Бербок заявіла, што ўзрушана нападам на яўрэяў. “Кадры з Амстэрдама жудасныя і глыбока ганебныя для нас у Еўропе”, – так яна заклікала гарантаваць бяспеку габрэяў у Еўропе. Прэм’ер-міністр Нідэрландаў Дзік Схоф асудзіў “суцэль непрымальныя антысеміцкія напады на ізраільцян”. “Гвалт супраць ізраільскіх грамадзян у Амстэрдаме нагадвае пра самыя цёмныя часы ў гісторыі. Я рашуча яго асуджаю і выказваю спачуванне пацярпелым”, – напісаў у X прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Ва УЕФА паабяцалі прыняць меры. У ААН назвалі тое, што здарылася, “вельмі трывожным”. Мэр Амстэрдама Фемке Халсема заявіла пра “выбух” антысемітызму, якога “не назіралася ўжо даўно”. Паводле яе слоў, Амстэрдаму нанесены “сур’ёзны ўрон”, “яўрэйская культура аказалася пад рэальнай пагрозай”. У Ізраілі назвалі тое, што здарылася “пагромам”. Нетаньяху распарадзіўся неадкладна адправіць у Нідэрланды два самалёты для вяртання ў краіну ізраільскіх грамадзян. Ізраільцян, якія знаходзяцца ў Амстэрдаме, МЗС Ізраіля заклікаў не пакідаць гасцініцы», – паведамляе DW.
Беларускае Радыё Рацыя






