ЗША могуць запатрабаваць перагляду санкцый у дачыненні да экспарту беларускіх калійных угнаенняў. Абаронная ініцыятыва ЕЗ: які вектар? Францыя як ядзерны парасон для ўсёй Еўропы.

Прэм’ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас не выключае, што ЗША могуць аказаць ціск з мэтай аднаўлення экспарту ўгнаенняў праз Клайпедскі порт. Яго словы цытуе LRT.
“Па-першае, нам трэба глыбей разабрацца, хто насамрэч зацікаўлены, паколькі, мяркуючы па ўсім, пасля ўвядзення дадатковых пошлін на Канаду ЗША таксама шукаюць больш танныя крыніцы ўгнаенняў. Я не выключаю магчымасці, што ў найбліжэйшай будучыні нашы стратэгічныя партнёры могуць папрасіць нас перагледзець гэтыя санкцыі». Пры гэтым прэм’ер-міністр запэўніў, што пытанне змякчэння санкцый у дачыненні да Беларусі ўрадам не разглядаецца. У апублікаваным 7 сакавіка дакладзе спецслужбаў Літвы сярод іншага зазначаецца, што беларускія дзяржаўныя структуры спрабуюць аднавіць экспарт калійных угнаенняў праз Клайпедскі марскі порт. У дакуменце ўказваецца, што прадстаўнікі беларускіх інстытутаў лабіруюць змяненне пазіцыі Літвы і ЕС адносна санкцый, а кампанія “Беларуськалій” імкнецца захаваць дзелавыя сувязі ў Літве, – піша літоўскае выданне.
На экстраным саміце, які прайшоў у Брусэлі, краіны Еўразвязу вырашылі рэзка павялічыць выдаткі на абарону і пераўзброіць свае войскі. Дзяржавы змогуць адступіць ад правілаў, якія датычацца максімальнага парога дэфіцыту бюджэту, калі размова ідзе аб асігнаваннях на абарону. Таксама на гэтыя мэты плануецца выдаткаваць да 150 мільярдаў еўра ў выглядзе еўрапейскіх крэдытаў. Дэкларацыя аб далейшай падтрымцы Украіны была прынятая без удзелу Венгрыі. «Еўрасаюз прыняў выклік, кінуты часам,» – ухваляе дзеянні ЕЗ брусельская La Libre Belgique.
«Францыя і Нямеччына пераадольваюць некаторыя свае прадузятасці, перш за ўсё – у галіне бюджэтнай палітыкі, і тым самым ствараюць дынаміку, якая ўяўляе сабой відавочную змену курса. Упершыню ў сваёй гісторыі Еўразвяз перастае быць эканамічнай сілай, паралізаванай уласнай ваеннай бездапаможнасцю, і пачынае выступаць у якасці стратэгічнага актара, якога трэба ўспрымаць усур’ёз. Заяўленыя 800 мільярдаў еўра – не толькі грашовая сума, гэта выразны пасыл з боку Еўропы, якая адмаўляецца быць разменнай манетай у гульні пераборлівых геапалітычных вятроў, выразны пасыл з боку Еўропы, гатовай устаць на абарону сваіх ідэалаў – і грамадзян. Еўразвяз цалкам у стане згуртавацца, калі на коне аказваецца самае галоўнае», – піша бельгійскае выданне.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон мае намер абмеркаваць з еўрапейскімі партнёрамі пытанне пра магчымае пашырэнне французскага ядзернага парасона – з тым каб ён ахопліваў і іншыя краіны Еўропы. З моманту выхаду Вялікабрытаніі са складу Еўразвяза Францыя засталася адзінай краінай супольнасці, якая мае ядзерную зброю. Па меркаванні мюнхенскай Süddeutsche Zeitung, гэтая дыскусія дакладная і важная.
«Ясна адно: хуткай і паўнавартаснай замены амерыканскаму парасону ні ў якім разе не будзе. Да таго ж французская прапанова ўзнімае мноства пытанняў тэхнічнага і палітычнага характару – і можа знікнуць без следу, калі прэзідэнтам будзе абрана Марын Ле Пен. Еўропа не павінна дапусціць, каб склалася ўражанне, быццам яна ўпала ў шокавае здранцвенне. А таму супольная ініцыятыва Мерца і Макрона – гэта неабходны сігнал, прычым накіраваны як Маскве, так і Вашынгтону», – піша нямецкае выданне.
У Міжнародны жаночы дзень, які адзначаецца 8 сакавіка, жанчыны і мужчыны па ўсім свеце прымуць удзел у дэманстрацыях, каб выказаць пратэст супраць дыскрымінацыі, гвалту і прыгнёту. Еўрапейская прэса дзеліцца сваімі разважаннямі, указваючы і на некаторыя рэтраградныя тэндэнцыі. Міланская Corriere della Sera перасцерагае ад настальгіі па ілюзіях.
«Сёння ў нас з’явілася шмат новых страхаў, якія паралізуюць нас і нашае жаданне змяняць і абнаўляць гэты свет. Тое, што здавалася звыклым і само сабой зразумелым, падвяргаецца выпрабаванням, а многія настолькі напалоханы, што гатовы на ўсе замкі замкнуцца ў сваіх пернікавых хатках, схаваўшы галаву пад падушку – абы не глядзець у твар небяспекам. На фоне такіх страхаў усё папулярней становіцца думка пра тое, што, маўляў, “трэба б павярнуць назад”. У ідэал узводзіцца “старая добрая сям’я”, і шматлікія заражаюцца падобнага роду ўяўленнямі. Самы прамы і просты адказ абвяшчае: давайце вернемся ў мінулае! Але мы і сапраўды ўпэўненыя ў тым, што жадаем гэтага?», – задаецца пытаннем італьянскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






