Урад Літвы адобрыў закрыццё яшчэ двух памежных пунктаў з Беларуссю. Блакада грузавых перавозак на польска-ўкраінскай мяжы. Расейскі лётчык Кузьмінаў застрэлены ў Гішпаніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«1 лютага ўрад Літвы ўхваліў закрыццё двух кантрольна-прапускных пунктаў на мяжы з Беларуссю – Райгардас (с боку Беларусі – “Прывалка”) і Лаварышкес (“Катлоўка”)», – паведамляе літоўскае выданне Delfi.
«Два прапускныя пункты будуць зачыненыя з 1 сакавіка 2024 года. Праз гэтыя пункты не змогуць перамяшчацца ні пешаходы, ні транспарт. З вясны будзе абмежаваны рух пешаходаў і раварыстаў праз КПП у Медынінкай і Шальчынінкай. Таксама паступова будзе змяншацца колькасць дазволаў на перавозку пасажыраў на аўтобусах – як беларускім, так і літоўскім перавозчыкам, абмежавана будзе пасадка і высадка пасажыраў на чыгуначнай станцыі «Кена», – папярэджвае літоўскае выданне.
Польскія фермеры заблакавалі ўжо некалькі пунктаў пропуску на мяжы з Украінай. Тым самым яны выказваюць сваю незадаволенасць палітыкай Еўразвязу ў галіне сельскай гаспадаркі, а таксама пратэстуюць супраць увозу таннай аграрнай прадукцыі з Украіны. У сацыяльных сетках курсіруе відэа, на якім раз’юшаныя фермеры адкрываюць прыбылыя з Украіны грузавыя вагоны і высыпаюць кукурузу прама на рэйкі. На думку аглядальнікаў, такое цярпець недапушчальна. «Бакі павінны наладзіць механізмы для далейшага ўзаемадзеяння», – заклікае ўкраінскае выданне Censor.net.
«Яшчэ 20 гадоў таму Украінай для Еўразвязу была сама Польшча. Без вайны і страт, але з ледзь жывой эканомікай пасля дзесяцігоддзяў савецкай акупацыі. Польшча перажывае, што пасля ўступлення Кіева ў ЕЗ і НАТА яе датацыі ад Бруселя будзе атрымліваць Украіна. Так, мы гаворым аб гарызонце ў 20 гадоў, але гэтыя гады праляцяць вельмі хутка. Таму нам трэба грунтоўна і адкрыта гаварыць з Варшавай на ўсе тэмы і сёння закладаць механізмы, якія будуць садзейнічаць дабрабыту нашых дзяржаў і ўмацоўваць стабільнасць у рэгіёне», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
Летам 2023 года сусветныя СМІ застракацелі загалоўкамі аб расейскім лётчыку Максіме Кузьмінаве, які пераляцеў праз лінію фронту і перадаў Украіне расейскі верталёт. За гэта ён атрымаў каля 500 тысяч еўра. Пасля Кузьмінаў жыў пад новым імем у іспанскім мястэчку Вільяхойоса. На днях ён быў знойдзены ў падземным гаражы – застрэленым. Яму было 28 гадоў. Расследаванне злачынства яшчэ працягваецца, але, як мяркуюць аглядальнікі, усё паказвае на тое, што ён быў забіты па замове Масквы. Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung адзначае два ганебныя моманты.
«Па-першае, расейскае кіраўніцтва насуперак санкцыям, візавым абмежаванням і высылцы дыпламатаў па-ранейшаму ў стане ажыццяўляць камандныя акцыі ў глыбіні тэрыторыі Заходняй Еўропы. Гэты факт выстаўляе еўрапейскія службы не ў лепшым свеце. Па-другое, нічога не мяняецца ў прыродзе пуцінскага рэжыму, які займаецца забойствамі. Забіты пілот – чарговае звяно ў ланцужку, услед за Скрыпалямі або забойствам у берлінскім парку Малы Ціргартэн. Кожны, хто выступае за наладжванне адносін з Расеяй, можа бачыць, з кім ён там збіраецца братацца», – піша нямецкае выданне.
Гэтымі днямі ў Вялікабрытаніі праходзіць, мабыць, вырашальнае слуханне па справе Джуліяна Асанжа: Высокі суд Лондана вывучае пытанне аб тым, ці можа журналіст абскардзіць рашэнне аб экстрадыцыі ад чэрвеня мінулага года. Калі такая магчымасць яму не будзе дадзена, то ўсе юрыдычныя магчымасці ў Вялікабрытаніі апынуцца вычарпанымі. Прыхільнікі Асанжа заявілі, што ў такім выпадку яны пададуць пазоў у Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ).
Рымская газета Il Manifesto піша пра падвойную мараль.
«52-гадовы Асанж – журналіст, і яго экстрадыцыя ў ЗША (што раўнасільна абвінаваўчаму прысуду) створыць небяспечны прэцэдэнт для свабоды прэсы ў так званых ліберальных дэмакратыях, якія зараз так гучна абураюцца трагічным лёсам Аляксея Навальнага. Ужо на працягу пяці гадоў Асанж утрымліваецца ў малюсенькай камеры кашмарнай турмы строгага рэжыму Белмарш. Журналісты былі дапушчаныя на пасяджэнне, але ім не дазволілі ўзяць з сабой якія-небудзь тэхнічныя сродкі для працы. Ім было вельмі цяжка сачыць за слуханнямі. Адсюль становіцца відавочным, што імкненне Лондана пазбавіцца ад гэтага цяжкога зняволенага носіць чыста палітычны характар», – наракае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка