BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Час сыходзіць

  • У 2024 годзе Польшча зафіксавала максімальную колькасць мігрантаў на мяжы з Беларуссю
  • На каго разлічваць Украіне ў 2025 годзе?
  • Прэс-канферэнцыя Пуціна: прамая лінія прамым тэкстам
Здымак ілюстрацыйны

«У 2024 годзе Польшча зафіксавала максімальную колькасць мігрантаў на мяжы з Беларуссю. 30 тысяч чалавек спрабавалі нелегальна патрапіць у Еўразвяз праз мяжу Беларусі і Польшчы з 1 студзеня па 15 снежня гэтага года», цытуе DW агенцтва dpa са спасылкай на намесніка міністра ўнутраных спраў Польшчы Чэслава Мрочака.

«Гэта значна больш, чым у папярэднія гады, Польшча зноў зафіксавала рост колькасці такіх спроб, удакладняе агенцтва. За 2023 год іх было крыху менш за 26 тысяч, а ў 2022 годзе – больш за 15 тысяч спроб нелегальнага пераходу мяжы. Польшча і Еўрасаюз абвінавачваюць Аляксандра Лукашэнку ў арганізаванай дастаўцы мігрантаў з крызісных рэгіёнаў да знешняй мяжы ЕЗ з мэтай аказаць ціск на Захад», – перадае DW.


У сераду ўвечары на палях саміту Еўразвяза ў Брусэлі генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ і кіраўнікі шэрагу ўрадаў краін Еўропы сустрэліся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Паводле заявы Рутэ, гаворка ішла аб тым, якім чынам прывесці Кіеў “у пазіцыю сілы”. «Еўразвяз да гэтага часу не ўсвядоміў усёй сур’ёзнасці становішча»,– хвалюецца мюнхенская Süddeutsche Zeitung.

«У той час як Пуцін закідвае гранатамі сам падмурак Еўразвяза, а Трамп ужо падрыхтаваў пнеўматычны малаток, каб дапамагчы пры зносе руін, гнятліва шмат еўрапейскіх урадаў працягвае боўтацца ў модусе ‘Давайце яшчэ пачакаем, давайце яшчэ абмяркуем!’. На саміце, які адбыўся ў чацвер, на час абеду былі запланаваныя “стратэгічныя дэбаты”. Аднак ніякіх рашэнняў не было прынята, як быццам у Еўразвяза ў распараджэнні яшчэ маса часу – і можна не спяшацца. Але ж гэта не так!», – падкрэслівае нямецкае выданне.


Падчас сваёй штогадовай прамой лініі прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у чарговы раз прадставіў вясёлкавую карціну сітуацыі ў краіне: эканоміка, маўляў, расце, ва Украіне расейскае войска “вызваляе” адну тэрыторыю за другой. Аглядальнікі, аднак, паўтараць Пуціна не спяшаюцца. Капенгагенская Politiken не трапілася на вуду пуцінскіх размоваў.

«У той час як ва Украіне бушуе вайна, Расея губляе ўплыў у іншых рэгіёнах свету. Нягледзячы на ​​ўсе словы Пуціна, падзенне рэжыму Асада ў Сірыі стала цяжкай паразай для Масквы, якая можа абярнуцца для яе стратай дзвюх адзіных вайсковых баз на Блізкім Усходзе. У тую ж скарбонку – і сігнал аб тым, што Расея не магла ці не захацела выратаваць свайго цеснага саюзніка, з якім супрацоўнічала на працягу многіх гадоў. Межы дапамогі Расеі ў мінулым годзе адчулі і кіраўнікі Арменіі. У Маскве Пуцін, можа, і выглядае моцным. Аднак Расея апынулася ў няпростай сітуацыі – і ніякія пуцінскія заявы тут нічога не зменяць», – адзначае дацкае выданне.


1 студзеня заканчваецца тэрмін дамовы, якая рэгулюе пастаўку расейскага прыроднага газу праз Украіну. Да гэтага часу такім чынам расейская дзяржаўная кампанія Газпром бясплатна забяспечвала энергіяй прарасейскае Прыднястроўе, а таксама ўскосна – Рэспубліку Малдова. Справа ў тым, што ў прыднястроўскім Ціраспалі гэты газ выкарыстоўваецца для вытворчасці электраэнергіі, якая потым прадаецца Малдове. У абедзвюх частках краіны зараз абвешчана надзвычайнае становішча. Бухарэсцкая Jurnalul National крытыкуе палітычныя партыі Румыніі, якія падчас фармавання ўрада ў Бухарэсце не знайшлі нічога лепшага, як разважаць пра скасаванне міністэрства энергетыкі.

«Выратаваць сітуацыю ў Малдове можна толькі за кошт масіраванага дадатковага імпарту электраэнергіі з Румыніі і Украіны ці за кошт паставак газу па альтэрнатыўных маршрутах – але тады па значна больш высокай цане. У Бухарэсце ж вядзецца дыскусія аб скасаванні міністэрства энергетыкі – і гэта ў перыяд неверагоднай напружанасці на рэгіянальным энергетычным рынку, якая будзе толькі пагаршацца, паколькі ў будучыні цэны на энерганосьбіты не будуць штучна абмяжоўвацца. Маршруты паставак праз Украіну, складаную спадчыну часоў СССР, паступова згортваюцца – і становяцца картай у гібрыднай вайне, у якой расейцам няма роўных», – піша румынскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя