BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Часовы выйгрыш

Беларусь: „перамога“ Лукашэнкі з „вялікім адрывам“. Аўшвіц: наказ будучым пакаленням. Крадзеж румынскіх скарбаў у Нідэрландах.

Здымак ілюстрацыйны

Набраўшы 87 працэнтаў галасоў – пры яўцы ў 86 працэнтаў – на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі сёмы раз запар перамогу атрымаў Аляксандр Лукашэнка. Такая афіцыйная заява Менска. Еўрасаюз раскрытыкаваў галасаванне, назваўшы яго “ўяўнымі выбарамі” – ні свабоднымі, ні справядлівымі. Прадстаўнікі апазіцыі да ўдзелу дапушчаны не былі. Як Захаду ставіцца да дыктатуры, якая знаходзіцца па суседстве і арыентавана на Маскву? Капенгагенская Politiken спадзяецца, што ў выніку дэмакратыя ўсё роўна пераможа.

«Важна не забывацца на Беларусь. У сённяшнім свеце ўсё ўзаемазвязана. Чым больш Захад у сваёй барацьбе за свабоду і дэмакратыю нервова і няспынна мяняе сваю пазіцыю і фокус, тым менш дзейснымі становяцца гэтыя намаганні. Дзяржавы-ізгоі і дыктатары падтрымліваюць і ўзмацняюць адна адну – у 2022 годзе Пуцін напаў ва Украіну праз тэрыторыю Беларусі. Насустрач нам і нашым каштоўнасцям зараз дзьме магутны вецер, але выстаяць і вытрымаць – таго варта, бо ўся гісторыя Еўропы за апошнія паўстагоддзя – гэта гісторыя ўзмацнення свабоды і дэмакратыі. Лукашэнка выйграў гэты раўнд, але барацьба працягваецца», – падкрэслівае дацкае выданне.


80 гадоў таму быў вызвалены нацысцкі лагер знішчэння Аўшвіц-Біркенаў. У Польшчы прайшлі памятная цырымонія ў гонар чарговай гадавіны вызвалення Аўшвіца. У ёй узялі удзел высокапастаўленыя госці, а таксама былыя вязні канцлагера, але не было многіх колішніх прадстаўнікоў дзяржаў. «Свет не выняў ніякіх урокаў,» – мяркуе жэнеўская Le Temps.

«Захад раздзіраецца ў палеміцы аб тым, ці не быў падчас інаўгурацыі самага ўплывовага чалавека ў свеце прадэманстраваны нацысцкі жэст, у той час як у Нямеччыне так званыя брандмаўэры, збудаваныя супраць ультраправых, разбураюцца без якога-небудзь супраціву. У сённяшнім свеце, дзе кіруюць баль вайны, гвалт, расізм і ізаляцыя, не можа не здзіўляць адзін факт: у памятнай цырымоніі ў Аўшвіцы не прынялі ўдзел ні Пуцін, ні Нетаньяху. У адносінах да іх абодвух міжнароднай юстыцыяй выдадзены ордар на арышт. Першы перапісвае гісторыю пад сцягам уяўнай ‘барацьбы з нацызмам’ ва Украіне, у той час як другі пад абвешчаным пасля Другой сусветнай вайны дэвізам ‘ніколі больш’ апраўдвае – меркаваныя – злачынствы ў Газе», – адзначае швейцарскае выданне.


У ноч на суботу з музея Дрэнтэ ў Асене, Нідэрланды, былі выкрадзены знакамітыя скарбы, якія належаць Румыніі. Сярод выкрадзеных артэфактаў – залаты шлем Кацафенешці, цырыманіяльны галаўны ўбор, якому 2500 гадоў, а таксама тры залатыя бранзалеты. Румынія пазычыла Нідэрландам гэтыя экспанаты для тэматычнай выставы аб старажытным Дакскім царстве. Як адзначаюць аглядальнікі, гэты крадзеж – больш, чым проста згуба золата і срэбра. «Гэты крадзеж можа адыграць сваю ролю на маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах», – піша бухарэсцкая Libertatea.

«Мы маем справу з крадзяжом, які можа моцна паўплываць на краіну ў палітычным сэнсе. Чаму? Ды таму што ён успрымаецца як крадзеж ідэнтычнасці і гістарычнай легітымнасці. І ў такім выглядзе яе будуць выкарыстоўваць у якасці інструмента. Усе намаганні гісторыкаў і экспертаў марныя. Наадварот, усё, пра што заяўляецца афіцыйна, будзе выкарыстана супраць іх. Дзяржава, дзяржаўныя інстытуты і спецыялісты ўспрымаюцца як саўдзельнікі гэтага крадзяжу ідэнтычнасці. Дакскі шлем вызначыць, хто стане наступным прэзідэнтам краіны, таму што гэты крадзеж згуляе цэнтральную ролю на паўторных прэзідэнцкіх выбарах», – падкрэслівае румынскае выданне.


Мадэль штучнага інтэлекту, прадстаўленая кітайскай кампаніяй DeepSeek, у панядзелак абрынула курсы акцый цэлага шэрагу амерыканскіх канцэрнаў. Па словах адмыслоўцаў, новы чат-бот R1 танней у распрацоўцы і патрабуе значна менш кампутарных магутнасцяў, чым іншыя мадэлі. Гэта можа паставіць пад сумнеў неабходнасць мільярдных інвестыцый у вытворчасць чыпаў і стварэнне вялізных вылічальных цэнтраў. «Справе канкурэнцыі гэта пайдзе на карысць», – заўважае турынская La Stampa.

«Цяпер пачынаецца сапраўдная гульня – з камандай, якая нападае, і камандай, якая абараняецца, з нападамі і адступленнямі. Са з’яўленнем кітайскага праекта DeepSeek, які паказаў, што яму па плячы спаборнічаць з амерыканскімі майстрамі, гонка за штучны інтэлект зараз у самым разгары. Гэта – выклік, які закранае і Еўропу, якая нечакана сутыкнулася з небяспекай таго, што з трацейскага суддзі яна можа ператварыцца ў гледача, з кантынента – першапраходца ў справе рэгулявання ШІ і юстыцыі вакол яго – у пасіўнага карыстальніка тэхналогій, якія распрацоўваюцца іншымі. І гэта нягледзячы на ​​ўсё сваё багацце і ўменні сваіх кампаній і інжынераў», – адзначае італьянскае выданне.

Вольга Сямашка. Беларускае Радыё Рацыя