BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Хітры план

Усе дарогі вядуць у Польшчу. Турэцкі гамбіт Швецыяй пройдзены. Збіты Іл-76: версіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Польшча, адзін з самых заўзятых прыхільнікаў Украіны, доўгі час была адной з любімых мішэняў пракрамлёўскіх дэзінфармацыйшчыкаў, і апошнія тыдні не сталі выключэннем з правілаў. Цікава, што Расея напала не наўпрост на Польшчу, а пры дапамозе Беларусі – усходняга суседа Польшчы, настроенага Крамлём», – піша еўрапейскае выданне The Stopfake.

„Так польскамоўнае выданне «Праўда», спадкаемца і цёзка афіцыйнай газеты ЦК КПБ, сцвярджала , што Польшча разбурыла двухбаковыя адносіны з Беларуссю, ужываючы санкцыі ЕЗ. Гэта часта паўтараны пракрамлёўскі дэзінфармацыйны наратыў, які адлюстроўвае заявы беларускіх уладаў пра нібыта ваюючую Польшчу. У аснове прэтэнзій ляжыць адсталая ідэя, што Польшча пляце змову супраць Беларусі і яе грамадзян і спрабуе дэстабілізаваць і разбурыць краіну. Хоць гэта праўда, што Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ, гэтыя санкцыі былі ўжытыя з-за бесперапынных рэпрэсій рэжыму супраць грамадзянскай супольнасці ў краіне і ўдзелу Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны. Абвінаваціць у гэтым Польшчу патрэбна фантазія. У якасці важкай асноўнай стравы «Праўда» сцвярджала, што Польшча імкнецца справакаваць ядзерную вайну з Расеяй. На дэсерт пракрамлёўскія дэзінфарматары абралі дэгустацыйную талерку, у якую таксама ўваходзяць краіны Балтыі. Яны сцвярджаюць, што Польшча і краіны Балтыі рыхтуюць антыбеларускія незаконныя ўзброеныя фармаванні. Гэта ўпісваецца ў схему пракрамлёўскіх дэзінфармацыйных наратываў пра нібыта спробы Захаду арганізаваць каляровую рэвалюцыю ў Беларусі. Польшча працягвае падтрымліваць беларускі народ, які жыве пад рэпрэсіўным аўтакратычным рэжымам Лукашэнкі, цалкам паважаючы прынцыпы міжнароднага права», – піша еўрапейскае выданне.

Турэцкі парламент пераважнай большасцю прагаласаваў за ўступленне Швецыі ў НАТА. На працягу паўтара года Турцыя ўсяляк пярэчыла гэтаму рашэнню – зрэшты, спачатку тое ж самае мела месца і ў выпадку Фінляндыі. Калі прэзідэнт Эрдаган паставіць пад згодай свой подпіс, то адзінае, што застанецца зрабіць – гэта атрымаць ухвалу Венгрыі. Нямецкая газета Frankfurter Rundschau уздыхае з палёгкай.

«Дзякуючы гэтай здзелцы, Турцыя зноў збліжаецца са сваімі заходнімі саюзнікамі, і такім чынам стабілізуе паўднёва-ўсходні фланг альянсу. На паўночным усходзе абарона ўзрастае, прычым не толькі для скандынаўскіх дзяржаў. Жыхары краін Балтыі, якія суседнічаюць з імі, таксама змогуць адчуваць сябе ў большай бяспецы. У прайграўшых тут аказваецца расейскі аўтакрат Уладзімір Пуцін. Першапачаткова ён меў намер трымаць НАТА далей ад сваіх меж. Але пасля нападу Расеі на Украіну, учыненага ў парушэнне ўсіх нормаў міжнароднага права, абарончы альянс, у склад якога ўвайшла Фінляндыя, аказаўся бліжэй няма куды, і цяпер мае з Расеяй працяглую агульную мяжу», – адзначае нямецкае выданне.

У Белгарадскай вобласці каля мяжы з Украінай быў збіты расейскі вайсковы транспартны самалёт Іл-76. Масква заяўляе, што на борце апроч экіпажа і трох суправаджаючых знаходзіліся 65 украінскіх ваеннапалонных, якіх на мяжы павінны былі абмяняць на расейскіх ваеннапалонных. Галоўнае ўпраўленне ваеннай разведкі Украіны заявіла, што ніякіх дакладных звестак аб тым, хто знаходзіўся на борце самалёта, у яго няма. «Чуткі і галаслоўныя сцвярджэнні справе не дапамогуць», – адзначае лонданскі штотыднёвік The Spectator.

«Як гэта нярэдка бывае на гэтай вайне, адразу ж з’явілася мноства версій, якія супярэчаць адна адной, часта бяздоказных. Пракіеўскія крыніцы заяўляюць у сацыяльных медыя аб тым, што самалёт быў збіты расейскай СПА. Адным з варыянтаў гэтай версіі з’яўляюцца сцвярджэнні, паводле якіх гэта была аперацыя “пад чужым сцягам”, нацэленая на тое, каб забіць ваеннапалонных, і такім чынам забяспечыць Расею падставай адмовіцца ад далейшых абменаў. Адзінае суцяшэнне заключаецца ў тым, што нягледзячы на ўсю дынаміку сучаснага свету, у сілу якой любы інцыдэнт такога роду адразу ж правакуе лавіну сцвярджэнняў, аргументаў супраць, чутак і абвяржэнняў, усё таемнае даволі хутка становіцца відавочным. У свой час мы даведаемся праўду», – падкрэслівае брытанскае выданне.

Па выніках папярэдняга галасавання ў штаце Нью-Гэмпшыр Трамп застаецца лідарам у гонцы за права вылучацца ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі. У Нью-Гэмпшыры Трамп апярэдзіў сваю саперніцу Міккі Хейлі на адзінаццаць працэнтных пунктаў. Хэйлі зараз спадзяецца на тое, што ёй удасца палепшыць свае паказчыкі падчас галасаванняў у сваім родным штаце Паўднёвая Караліна. «Вынікі галасавання ў Нью-Гэмпшыры даюць падставу для радасці перадвыбарчаму штабу Байдэна, і на тое ёсць некалькі прычын», – такім назіраннем дзеліцца міланская Corriere della Sera.

«На фоне адназначнай перамогі Дональда Трампа сярод рэспубліканцаў яго вылучэнне ў прэзідэнты становіцца амаль непазбежным, хаця Байдэн і лічыць, што яго будзе нескладана адолець. У той жа самы час доля галасоў, атрыманых Міккі Хэйлі, сведчыць аб тым, што сярод незалежных выбаршчыкаў, меркаванне якіх стане вырашальным на выбарах у лістападзе, Трамп не надта папулярны. Гэта дае магчымасць Хэйлі, якая раней займала пасаду губернатара штата Паўднёвая Караліна, працягваць барацьбу. І тым самым яна прымушае Трампа растрачваць свае перадвыбарныя рэсурсы на ўнутрыпартыйныя сваркі», – канстатуе італьянскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя