BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Хто куды

  • Група заканадаўцаў прапануе прыпыніць імпарт расейскай і беларускай сельгаспрадукцыі
  • Ці пагражае раскол Вышаградскай чацвёрцы?
  • Чарговыя трагедыя ў сектары Газа
Здымак ілюстрацыйны: Canetti / shutterstock.

«Група дэпутатаў ад розных палітычных груповак прапануе прыпыніць імпарт у Літву сельгаспрадукцыі і кармоў, краінай паходжання якіх з’яўляецца Расея ці Беларусь», – піша літоўскае выданне Delfi.lt.
«Законапраект падтрымалі каля 20 дэпутатаў. У выпадку зацвярджэння забарона будзе дзейнічаць з 15 красавіка 2024 года да 1 ліпеня 2025 года. Старшыня сеймавай камісіі па сельскіх справах Віктарас Пранцкеціс кажа, што законапраект будзе вынесены ў першыя дні вясновай сесіі, якая пачнецца 10 сакавіка. Паводле яго слоў, закупачныя цэны на збожжа падаюць толькі з прычыны неабмежаванага і бескантрольнага імпарту з Расеі і Беларусі. Дэпутат сказаў ELTA, што забарона пакладзе канец патоку збожжа, які разбалансуе мясцовы рынак. Спыніць транзіт расейскага збожжа было адным з патрабаванняў аграрыяў, якія правялі акцыю пратэсту ў Вільні ў студзені 2024 года», – адзначае літоўскае выданне.


За апошнія гады Віктар Орбан выклікаў незадаволенасць сваёй прарасейскай пазіцыяй у рамках Вішаградскай групы, куды апроч Венгрыі ўваходзяць Польшча, Славакія і Чэхія. Аднак не так даўно Орбан знайшоў сабе паплечніка – у асобе прэмʼер-міністра Славакіі Роберта Фіцо. У той жа час намецілася далейшае збліжэнне Польшчы і Чэхіі – у сувязі з нядаўняй перамогай Дональда Туска на выбарах. На думку браціслаўскай газеты Sme, праект пад назвай Вышаград праваліўся.
«Подыумная мізансцэна ў Празе была самай прахалоднай і сухой з усіх, што мы назіралі ў жанры сумесных прэс-канферэнцый за доўгія гады. Гэта падзея – найярчэйшы доказ таго, што без элементарнага калі не кансэнсусу, то хаця б збліжэння пазіцый па самым важным на дадзены момант пытанні, групаванне дзяржаў у рэгіянальным або палітычным плане можа ўтрымлівацца толькі штучна, па інерцыі або звычцы, але не на пастаяннай аснове. Тэму Украіны абысці немагчыма. Паміж дзвюма парамі, на якія раскалолася гэтая чацвёрка, утварыўся вялізны разрыў у плане каштоўнасцяў. Туск і Фіяла – нават калі б захацелі – не змаглі б знайсці сабе сёння ў ЕЗ партнёраў, якія былі б далей ад іх па каштоўнасных арыенцірах, чым Орбан і Фіцо», – наракае славацкае выданне.


На поўначы сектара Газа падчас прыбыцця гуманітарнага канвою справа дайшла да гібелі людзей. Згодна з заявай падкантрольнага ХАМАС міністэрства аховы здароўя, загінула больш за 100 чалавек. Выразнай карціны здарэння пакуль няма. Ізраіль пацвярджае, што мела месца трагедыя, аднак абвяргае абвінавачанні ў тым, што ізраільскія вайскоўцы нібыта стралялі па натоўпе з танкаў. Як зазначае прэса, гэтая трагедыя стала адлюстраваннем усёй катастрафічнасці сітуацыі ў сектары. «Гэты інцыдэнт можа пацягнуць за сабой і палітычныя наступствы», – мяркуе лонданская газета The Times.
«Палестынцы сцвярджаюць, што цісканіна ўзнікла з-за таго, што ізраільскія вайскоўцы пачалі страляць у натоўп, які сабраўся вакол грузавіка з гуманітарнай дапамогай. Ізраіль сцвярджае, што да зʼяўлення цісканіны ён не мае ніякага дачынення. Аднак факты такія: вялікая колькасць людзей у чарзе, якая стаяла за прадуктамі, была забіта – на тэрыторыі, падкантрольнай Арміі абароны Ізраілю, што робіць Ізраіль адказным за гэтыя смерці. Гэты інцыдэнт, несумненна, узмоцніць ціск на ўрад Нетаньяху – у першую чаргу са боку стратэгічнага саюзніка Ізраілю – Злучаных Штатаў, з тым каб ізраільскі ўрад у найбліжэйшыя дні пагадзіўся на перамірʼе», – піша брытанскае выданне.


У сваім пасланні Федэральнаму Сходу, з якім ён выступіў у мінулы чацвер, Пуцін зноў пагражаў Захаду, размахваючы жупелам ядзернай вайны. А на адрас расейцаў Пуцін не скупіўся на абяцанні. Напярэдадні прэзідэнцкіх «выбараў», якія адбудуцца праз два тыдні, Пуцін гаварыў аб праграме падтрымкі семʼяў, інвестыцыях у сферу аховы здароўя і павышэнні мінімальнай аплаты працы. Як бы там ні было, аглядальнікі не ўражаныя пуцінскай прамовай. «Пуцін не скупіўся на абяцанні вайскоўцам», – піша эстонская газета Eesti Päevaleht.
«Неўзабаве мы ўбачым, як людзей, якія ваявалі на вайне, прызначаюць на пасады губернатараў, старшыняў праўленняў дзяржаўных прадпрыемстваў – ці абіраюць у Дзяржаўную Думу. Гэта значыць для расейцаў вайна супраць Украіны стала не толькі яшчэ адной магчымасцю кампенсаваць свой комплекс непаўнавартасці і даць выйсце шавінізму – для тых, хто дэманструе вышэйшую ступень ідэалагічнай і палітычнай вернасці, вайна стала яшчэ і сацыяльнымі сходамі, па якіх можна хутка падняцца ўгару», – канстатуе эстонскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя