BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Цярністы шлях

Лукашэнка зняў з пасад паслоў у Швецыі, Фінляндыі і Германіі. Партугалія дрэйфуе направа: што гэта азначае? Абарона і ўзбраенне: ЕЗ робіць новыя крокі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Падпісаў адпаведны ўказі адправіў у адстаўку паслоў краіны ў некалькіх краінах Еўропы», – піша пра Лукашэнку індыйскае выданне The Daily Times.

З указа Лукашэнкі, апублікаванага на нацыянальным інтэрнет-партале прававой інфармацыі, стала вядома, што Дзмітрый Мірончык зняты з пасады надзвычайнага і паўнамоцнага пасла рэспублікі ў Швецыі і па сумяшчальніцтве ў Нарвегіі. Аляксей Самасуеў пазбавіўся пасады надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Беларусі ў Фінляндыі і па сумяшчальніцтве ў Даніі. Дзяніс Сідарэнка быў вызвалены ад пасады пасла краіны ў ФРГ. Акрамя таго Лукашэнка звольніў Андрэя Страчка з пасады амбасадара ў Кіргізіі. Прычыны адставак паслоў у дакуменце не ўдакладняюцца. Раней Лукашэнка назваў сябе «сыходзячым» прэзідэнтам і заявіў, што Расея і Беларусь больш магутныя ў складзе Саюзнай дзяржавы, чым калі б былі адной краінай», – піша індыйскае выданне.

На мінулым тыдні Еўракамісія прадставіла стратэгію развіцця абароннага сектара ЕЗ і адпаведны законапраект. На гэтыя мэты плануецца выдаткаваць 1,5 мільярда еўра. Да канца бягучага дзесяцігоддзя 50 працэнтаў сродкаў, што выдзяляюцца Еўразвязам на вытворчасць узбраенняў і боепрыпасаў, павінны будуць пайсці самім еўрапейскім вытворцам. Для параўнання: зараз гэты паказчык складае 20 працэнтаў. Плануецца таксама пашырыць аб’ём закупак, якія ажыццяўляюцца не асобнымі краінамі ЕЗ, а на агульнаеўрапейскім узроўні. «Для таго каб рэалізаваць такі план, Еўрасаюзу давядзецца паднапружыцца», – адзначае венгерскі партал Válaszonline.

«Для таго каб еўрапейскія войскі маглі сумесна закупляць сур’ёзныя сістэмы ўзбраенняў у еўрапейскіх вытворцаў, яны павінныя каардынаваць сваю абаронную палітыку на такім узроўні, які запатрабаваў бы маштабнай рэструктурызацыі сістэмы еўрапейскага альянсу. У плане нацыянальнага суверэнітэту няма больш адчувальнага пытання, чым ваеннае. Калі б краіны ЕЗ перайшлі да каардынаванага планавання ці нават каардынаванай стратэгіі, якая кантралявалася б інстытутамі ЕЗ, то гэта стала б важным крокам у бок федэральнай Еўропы – больш значным, чым любая іншая мера з часоў увядзення агульнай валюты», – піше венгерскае выданне.

Па выніках датэрміновых парламенцкіх выбараў у Партугаліі перамогу з невялікай перавагай атрымаў правацэнтрысцкі Дэмакратычны альянс, які здолеў абагнаць Сацыялістычную партыю, якая кіравала з 2015 года. Аднак набраных правацэнтрыстамі галасоў не хопіць для фарміравання ўрада, паколькі свае пазіцыі ўзмацнілі папулісты: партыя Chega змагла больш чым падвоіць свае паказчыкі і атрымала 18 працэнтаў галасоў, а колькасць належных ёй зараз месцаў у парламенце вырасла ажно ў чатыры разы. Еўрапейская прэса занепакоена ўздымам правых сіл у краіне. Парыжская газетаLes Echos дзеліцца наступным назіраннем.

«Занепакоенасць, якая ўжо прыкметная на твары гэтага імпазантнага, задуменнага, малахарызматычнага і даволі самотнага ў сваіх дзеяннях спадара лідара сацыял-дэмакратаў Луіша Мантэнэгру, шмат што кажа пра цяжкасці, якія яго чакаюць. Нягледзячы на санацыю ў сферы дзяржаўных фінансаў і ўпэўнены эканамічны рост, заработная плата ў краіне застаецца нізкай, а інфляцыя – высокай. Моладзь пакідае Партугалію, але ў такой жа прапорцыі ў яе прыбываюць з-за мяжы пенсіянеры, расце незадаволенасць дарагоўляй жыцця. Аднак для таго, каб быў сфарміраваны ўрад пад кіраўніцтвам Мантэнэгру, яму трэба для пачатку знайсці неабходную для гэтага большасць — пры тым што на працягу вось ужо некалькіх месяцаў ён рашуча адпрэчвае любую магчымасць саюза з папулістамі. Такое жаданне зачыніць дзверы перад носам парушальнікаў спакою пахвальна, ды толькі бо яны дзейнічаюць па прынцыпе «нас у дзверы, а мы ў акно», – піша французскае выданне.

Украінскі фільм «20 дзён у Марыупалі» атрымаў прэмію Оскар у катэгорыі «лепшы дакументальны поўнаметражны фільм». Карціна рэжысёра Мсціслава Чарнова і прадзюсараў Мішэль Мізнер і Рэйні Аронсан-Рат распавядае пра тое, што адбывалася ў Марыупалі ў пачатку расійскага ўварвання і аблогі горада ў лютым-сакавіку 2022 года. Кадры, якія захавалі катастрафічныя наступствы дзеянняў арміі РФ для мірнага насельніцтва, здымалі журналісты агенцтва Associated Press Мсціслаў Чарноў, Яўген Малалетка і Васіліса Сцепаненка. Нягледзячы на небяспеку для жыцця, яны заставаліся ў горадзе на працягу амаль трох тыдняў. Украінскія СМІ вітаюць узнагароду. У сваім артыкуле ўкраінскае выданне Telegraf адзначае наступнае.

«Усе, хто мае хоць крыху розуму і гонару, пасля прагляду гэтага фільма павінны зразумець усё пра намеры Расеі ў гэтай вайне: знішчэнне ўкраінцаў і іх гарадоў. Жудасная рэальнасць, якую да гэтага часу некаторыя на планеце не могуць прыняць. А некаторыя – тыпу Трампа, Орбана, таго ж Фіцо – проста становяцца на бок агрэсара і дэманструюць максімальны свой цынізм і прадажнасць як палітыкаў і людзей. Першы ў гісторыі Украіны Оскар – за дакументальны фільм «20 дзён у Марыупалі» аб адной з тысяч гісторый знішчэння ўкраінцаў расейцамі на працягу ўсёй гісторыі. Вельмі сімвалічна і вельмі трагічна», – адзначае ўкраінскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка