
ЗША вітаюць навіну пра вызваленне некаторых палітвязняў у Беларусі. Візіт у Кіеў: Орбан заклікае да перамір’я. Навошта 224 кандыдаты зняліся з выбараў у парламент Францыі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Злучаныя Штаты вітаюць вызваленне «некаторых з найбольш уразлівых палітычных зняволеных Беларусі», гаворыцца ў паведамленні намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Крыстафера Сміта, апублікаванага на старонцы амерыканскага пасольства ў Мінску ў сацсетцы X, якое цытуе DW.
„Больш за 1,4 тыс. палітычных зняволеных па-ранейшаму несправядліва ўтрымліваюцца пад вартай. Мы заклікаем да іх неадкладнага вызвалення і пацвярджаем нашу прыхільнасць правам чалавека і дэмакратыі ў Беларусі”, – гаворыцца ў паведамленні. Праваабарончаму цэнтру “Вясна” вядома пра дзевяць тых, хто выйшаў на волю. Удакладняецца, што гэта тры жанчыны і шэсць мужчын, сярод якіх і 67-гадовы кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, у якога дыягнаставалі анкалагічнае захворванне», – адзначае DW.
Прэм’ер-міністр Венгрыі, якая цяпер старшынюе ў Еўразвязе, наведаў з візітам Украіну. Гэта яго першая паездка ў гэтую краіну за апошнія больш за дзесяць гадоў. Віктар Орбан прапанаваў прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму дамагацца найхутчэйшага спынення агню: гэта, маўляў, стала б асновай для пачатку мірных перамоваў. Цяпер Кіеў настойвае на тым, каб першы крок зрабіла Масква, вывеўшы свае войскі з тэрыторыі Украіны. Як заявіў Орбан, Зяленскаму варта было б падумаць аб іншай чарговасці падзей. «Вугорскі прэм’ер-міністр спрабуе выбрацца з палітычнага тупіку», – лічыць будапешцкі штотыднёвік hvg.
«Хоць падставай для візіту стаў пачатак старшынства Венгрыі ў Радзе ЕЗ, кіраўнік венгерскага ўрада дзейнічаў не ў інтарэсах 27 краін Еўразвяза, а, хутчэй, у сваіх уласных. Нягледзячы на ўзмацненне правых партый па выніках выбараў у Еўрапарламент, Джорджыя Мелані не дапусціла таго, каб партыя Фідэс была прынята ў шэрагі фракцыі ЕКР. Адной з прычын гэтага, безумоўна, сталі адносіны Фідэс з Расеяй. Знешнепалітычны курс Фідэс разглядаецца як рызыка не толькі ў Рыме: Марын Ле Пэн і яе партыя Нацыянальнае аб’яднанне, якая атрымала трыўмфальную перамогу ў першым туры датэрміновых парламенцкіх выбараў у Францыі ў мінулую нядзелю, чакаюць ад Орбана, паводле іх уласных слоў, рашучага развароту», – падкрэслівае венгерскае выданне.
Больш за 200 кандыдатаў зняліся з выбараў у парламент Францыі. Удзельнікі, якія прайшлі ў другі тур, адмовіліся ад далейшай гонкі, каб не дапусціць перамогі «Нацыянальнага аб’яднання» – ультраправай партыі Марын Ле Пэн. «Цэнтрысцкі блок “Разам за Рэспубліку” Эманюэля Макрона і левая кааліцыя “Новы народны фронт” дамовіліся аб зняцці кандыдатур з мэтай пазбегнуць расколу галасоў і аддаць іх мацнейшым удзельнікам. Гістарычна высокая яўка выбаршчыкаў павялічвала шанцы «Нацыянальнага аб’яднання» атрымаць 289 месцаў, то бок большасць у парламенце», – паведамляе The Guardian.
«Акрыленыя нядзельнай перамогай кансерватары разлічвалі на такі ж вынік і ў другім туры. Аднак апытанне, праведзенае сэрвісам Toluna-Harris 2 і 3 ліпеня, паказала, што цяпер вельмі правыя з саюзнікамі атрымаюць не больш за 220 месцаў у парламенце, гэта значыць каля 38% крэслаў. Марын Ле Пэн асудзіла і раскрытыкавала ўмяшанне ў перадвыбарчую гонку, адзначыўшы, што да выбаршчыкаў ставяцца так, нібы гэта нейкія рэчы. Атрыманне абсалютнай большасці месцаў у парламенце дазволіла б вельмі правай партыі навязваць свой парадак дня ў рамках пагаднення аб падзеле ўлады з прэзідэнтам. Цяпер калі «Нацыянальнаму аб’яднанню» і яго саюзнікам не ўдасца набраць неабходныя галасы, парламент апынецца ў падвешаным стане, калі ні адна з партый не будзе мець права на прыняцце законаў аднабаковым парадку, што прывядзе да тупіка», – рэзюмуе брытанскае выданне.
У Вялікабрытаніі прайшлі выбары ў Палату абшчын. Ужо не стаіць пытанне аб тым, ці перамогуць лейбарысты, спрачацца можна толькі аб тым, наколькі моцна выбаршчыкі пакараюць кансерватараў. Мяркуючы па выніках апытанняў, Лейбарысцкая партыя Кіра Стармера на 20 працэнтных пунктаў апярэджвае сваіх сапернікаў. «Катастрафічны вынік праўлення торы толькі дадае ачкоў лейбарыстам», – рэзюмуе партал каталіцкай радыёстанцыі Radio Renascença.
«У брытанскай палітыцы ўжо шмат гадоў усё бурліць і кіпіць. Шматразова ўзрасла колькасць скандалаў, у тым ліку з удзелам вышэйшых палітычных службовых асоб, абяцанні прыхільнікаў брэкзіту аказаліся чыстай фантазіяй – бо абяцалі яны немагчымае. Пасля выхаду з ЕЗ Лондану не ўдалося заключыць з Бруселем выгаднае для сябе пагадненне. У выніку брытанская эканоміка практычна стагнуе, а маштабы беднасці ў краіне растуць. Усё, што трэба зрабіць лейбарыстам для перамогі на выбарах, – гэта пазбегнуць занадта ўжо грубых памылак», – адзначае партугальская служба радыёнавін.
Беларускае Радыё Рацыя






