BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Чырвоныя лініі

Кабмін Літвы забараніў імпарт расейскай і беларускай сельскагаспадарчай і камбікормавай прадукцыі. Ці патрэбны Кіеву ўдары па Расеі ў адказ? Макрон у Шольца. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Урад Літвы ў сераду зацвердзіў спіс з больш чым 2800 забароненых сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі расейскага і беларускага паходжання», – піша мясцовае выданне Delfi.lt і дае пералік забароненага. «Забарона на ўвоз распаўсюджваецца на 24 групы тавараў: жывыя жывёлы, мяса і субпрадукты, рыба, малако і малочныя прадукты, яйкі, натуральны мёд, прадукты нежывёльнага паходжання, расліны, гародніна, садавіна, кава і спецыі, крупы, збожжа, алей, напоі, тытунь і іншыя прадукты. З улікам дэталёвага аналізу даных аб імпарце з Расеі і Беларусі і патэнцыйна значнай шкоды перапрацоўшчыкам, а таксама заўваг, атрыманых падчас грамадскага абмеркавання, са спісу выключана сельскагаспадарчая прадукцыя, якая не мае альтэрнатыўных крыніц імпарту (некаторыя грыбы, ягады, раслінныя матэрыялы для пляцення, патака, некаторыя корму для жывёл і г.д.)», – пералічвае літоўскае выданне.

У колах НАТА ўзмацняецца разуменне таго, што неабходна даць Украіне больш свабоды ў выкарыстанні заходняй зброі. На днях Польшча, Канада і Фінляндыя заявілі, што іх пастаўкі не зьвязаныя ніякімі ўмовамі. Аднак да гэтага часу няма згоды з боку краін, якія прадстаўляюць дальнабойныя віды ўзбраенняў. У еўрапейскіх СМІ папярэджанні аб рызыках суседнічаюць з крытыкай абмежавання, якое накладаецца на ўдары па расейскай тэрыторыі.

Талінская Postimees патрабуе перастаць цягнуць гуму.

«Расея, верагодна, даўно б прайграла вайну супраць Украіны, калі б Захад не займаўся правядзеннем сваіх «чырвоных ліній». Адно за іншым гэтыя абмежаванні былі-ткі знятыя, – але коштам стаў страчаны час і жыцці ўкраінскіх абаронцаў. Далей абвастрацца сітуацыі ўжо проста няма куды: Расея сама напала на Украіну, кіруючыся імперыялістычнымі амбіцыямі, і пры гэтым не звязвала сябе ніякімі абмежаваннямі – ні ў плане прымянення відаў узбраенняў, забароненых міжнароднымі канвенцыямі, ні ў тым, што тычыцца ўдараў па грамадзянскай інфраструктуры», – піша эстонскае выданне.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон завяршыў трохдзённы дзяржаўны візіт у Германію, які прайшоў цалкам гарманічна. У Дрэздэне прэзідэнт Францыі выступіў з прамовай у абарону дэмакратыі і Еўропы, а разам з федэральным прэзідэнтам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам ён адзначыў важнасць франка-германскага сяброўства. Аб відавочных адрозненнях у пазіцыях з федэральным канцлерам Шольцам – да прыкладу, па пытанні палітыкі па Украіне – абодва бакі заявілі як аб неістотных. «Адна з праблем Еўразвяза – гэта разыходжанне паміж словамі і справамі», – піша Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Гэта якраз датычыць германа-французскіх стасункаў, якія выйграюць не толькі ад дзяржаўных візітаў, але, і найперш, ад сумеснага падыходу. Свет больш не круціцца ў першую чаргу вакол Еўропы, і таму Макрон мае рацыю, калі кажа пра тое, што не можа быць чыста нацыянальных ці чыста атлантычных рашэнняў. Аднак еўрапейскія рашэнні ў Украіне нярэдка бывалі занадта слабымі – ці ўступалі ў сілу занадта позна. Часам менавіта невялікія дзяржавы паказваюць, якім чынам можна дасягнуць макроновской ‘магутнай і суверэннай Еўропы’. Бельгійскіх палітыкаў рэдка запрашаюць прамаўляць гучныя прамовы ў Германіі ці атрымліваць тут узнагароды. Але менавіта гэтая краіна зараз узгадніла за пастаўку Украіне трыццаці знішчальнікаў F-16», – адзначае нямецкае выданне.

З 6 па 9 чэрвеня выбаршчыкі з 27 краін-сябраў Еўразвяза будуць выбіраць новы Еўрапейскі парламент. Улічваючы чаканы зрух направа, аглядальнікі надаюць гэтым выбарам вялікае значэнне і выступаюць за кампанію, здольную забяспечыць годную масавую яўку. «Балгары не выказваюць ні найменшай цікавасці наконт маючых адбыцца выбараў у Еўрапарламент, якія супадаюць сёлета з чарговымі выбарамі ў парламент балгарскі», – такім назіраннем дзеліцца мясцовы партал news.bg.

«Еўрапейская выбарчая кампанія не адрозніваецца асаблівай актыўнасцю, не назіраецца ні арыгінальных пасланняў, ні наватарскіх прапаноў наконт рашэння надзённых задач. Адна з прычын гэтага – частата парламенцкіх выбараў у Балгарыі за апошнія тры гады. Аднак гэтае далёка не адзінае тлумачэнне. Іншая важная прычына звязана з тым, якім чынам увага людзей прыцягваецца да выбараў: на жаль, кампаніі вядучых партый да болю падобныя адна да адной, можна нават сказаць, што яны ідэнтычныя», – падкрэслівае балгарскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя