Генпракурор РБ: у камісію па вяртанні паступіла “каля 200 заяў”. НАТА: узмоцнім абарону інфраструктуры ў Балтыйскім моры. Сектар Газа: дамоўленасць не за гарамі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
“Паводле слоў Андрэя Шведа, частка з 200 паступіўшых у камісію па вяртанні зваротаў “разгледжана, частка ў рабоце”. Пры гэтым, як заяўляе генпракурор, многія з тых, па каму камісія прыняла станоўчае рашэнне, ужо вярнуліся б, але “баяцца тых, хто іх на Захадзе курыруе”, – перадае DW.
“Колькі такіх рашэнняў прынята і колькі людзей усё ж прыехалі ў краіну, Швед не ўдакладніў. Генпракурор таксама заявіў, што “на сённяшні дзень усе, хто мае дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці”, ужо або асуджаныя, або чакаюць судоў. Па інфармацыі праваабаронцаў, на 15 студзеня ў Беларусі налічваецца 1247 палітвязняў, новыя справы ўзнікаюць кожны месяц. Толькі ў снежні 2024-га прызнана палітвязнямі 58 чалавек”, – перадае DW.
***
Восем краін-чальцоў НАТА, якіх аб’ядноўвае мяжа, што праходзіць па Балтыйскім моры, правялі саміт у Хельсінкі і ўзгаднілі сумесны план дзеянняў у сувязі з нядаўнімі дыверсіямі. У рамках назіральнай місіі пад назвай Baltic Sentry (Балтыйскі дазор) плануецца ажыццяўляць маніторынг руху суднаў з дапамогай спецыяльных караблёў і дронаў. У апошні час мелі месца неаднаразовыя выпадкі пашкоджання па дне Балтыйскага мора трубаправодаў, а таксама кабеляў для перадачы даных і электраэнергіі. Падазрэнне падае на Расею і яе так званы “ценявы флот”. «Фінляндыя можа быць задаволеная зыходам саміту», – лічыць Turun Sanomat, якая выходзіць у фінскім Турку.
«Пасланне, якое зыходзіла ад гэтай сустрэчы, было адназначным. Краіны з усёй сур’ёзнасцю ставяцца да нападаў на падводную інфраструктуру – і ўмацоўваюць сваё супрацоўніцтва ў рамках НАТА і Еўрапейскага звяза. Мэта – у тым, каб прадухіліць такія атакі, пашырыўшы кантроль і назіранне, а таксама павялічыўшы гатоўнасць да своечасовага ўмяшання. Акваторыя Балтыйскага мора мае каласальнае значэнне для Паўночнаатлантычнага альянсу. Выразны сігнал, які зыходзіць ад краін НАТА, а таксама больш цеснае супрацоўніцтва паміж імі ў Балтыйскім моры – гэта добрая вестка як для Фінляндыі, так і для краін Балтыі. Сваё шырокае плячо НАТА падставіць і ў выпадку пагрозы гібрыднай атакі», – адзначае фінскае выданне.
***
Усё больш прыкмет таго, што ў хуткім часе будзе дасягнута пагадненне аб заканчэнні вайны ў Газе. Паводле праекту, спачатку будуць адпушчаныя 33 ізраільскія закладнікі, а ўзамен Ізраіль вызваліць з турмаў каля тысячы палестынскіх зняволеных; баявыя дзеянні будуць спынены на 42 дні, а ізраільскае войска часткова пакіне тэрыторыю сектара Газа. За гэтыя 42 дні павінны будуць прайсці новыя перамовы аб вызваленні астатніх закладнікаў і дасягненні доўгатэрміновага перамір’я. Па меркаванні венскай Die Presse, пры жаданні дамоўленасці можна было дасягнуць і раней.
«Увесну прэзідэнт ЗША Байдэн прадставіў у агульных рысах праект дамовы, якая паслужыла асновай для цяперашняй. Тады здавалася, што дамоўленасці вось-вось атрымаецца дасягнуць, аднак ХАМАС і Нетаньяху ў выніку адмаўляліся згаджацца на асобныя дэталі – якія праз паўгода, пасля смерці кіраўніка ХАМАС Ях’і Сінвара ў кастрычніку і перамогі Трампа, расталі як дым. Сем’ям ізраільскіх закладнікаў, а ў першую чаргу – мірным жыхарам Палестыны, не прыйшлося б спазнаць велізарнага гора. Аднак ва ўмовах міжуладдзя ў Вашынгтоне прэм’ер-міністр Ізраілю зрабіў стаўку на тое, каб выйграць час. Сама пазней пасля смерці натхняльніка тэрору Сінвара Ізраіль павінен быў скончыць вайну», – адзначае аўстрыйскае выдане.
***
Прэм’ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс мае намер ажыццявіць план дзеянняў па вырашэнні жыллёвага крызісу, які ўзмацняецца ў краіне. Пастаянныя кватэры прапануецца ператварыць у даступнае арэнднае жыллё за кошт выдзялення субсідый, а таксама падатковых паслабленняў. Плануецца пабудаваць каля 3300 муніцыпальных кватэр і ўвесці абмежаванні ў сферы здачы жылля турыстам. Акрамя таго, улады маюць намер ускладніць набыццё жылля ва ўласнасць грамадзянамі краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ. Лонданскі штотыднёвік The Spectator з недаверам ставіцца да планаў урада Санчэса абкласці падаткам у 100 працэнтаў здзелкі па куплі нерухомасці неграмадзянамі ЕЗ.
«Згодна з ацэнкамі, за апошні год каля 27 тысяч аб’ектаў нерухомасці ў Іспаніі былі набыты людзьмі, якія не з’яўляюцца рэзідэнтамі Еўразвяза, і доля брытанскіх пенсіянераў тут нікчэмная. Для краіны з колькасцю насельніцтва 48 мільёнаў чалавек гэта мізэрныя працэнты. Сцвярджаць, што іх выгнанне неяк зменіць становішча сярэдняга іспанца, значыць несці няшчасце. Прычына жыллёвага крызісу ў Іспаніі, з аднаго боку, заключаецца ў тым, што ў краіне проста будуецца мала жылля, а з другога – у шматлікасці малакваліфікаваных імігрантаў. Верагодна, зачыніўшы краіну для заможных экспатаў, можна зарабіць пару галасоў на выбарах, але самой праблемы гэтым не вырашыць», – піша брытанскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






