BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Добрае ўзварушэнне

Як КДБ вярбуе беларусаў. Выбары ў ЗША і іх значэнне для Еўропы. Якія перспектывы Украіны зімой?Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Беларусы ўсё часцей паведамляюць праваабаронцам аб спробах вярбоўкі з боку КДБ. І хаця па законе такое супрацоўніцтва магчымае толькі добраахвотна, аператыўнікі рэгулярна запалохваюць грамадзян і іх родных. Як супрацьстаяць чэкістам?”, -задаецца пытаннем DW.

«Для вярбоўкі як раней, так і зараз ужываюць усе магчымыя метады – ад шантажу да банальных пагроз. Пры вярбоўцы чэкісты імкнуцца ўздзейнічаць на самыя ўразлівыя кропкі чалавека. Шантажыруюць раскрыць таямніцу асабістага жыцця, якую чалавек баіцца апублічыць; пагражаць могуць звальненнем з працы, выключэннем з ВНУ, завядзеннем крымінальнай справы – так было ў выпадку Андрэя Зайцава, які з-за пагроз здзейсніў суіцыд. Калі вярбоўка адбылася, і завербаваны здолеў апынуцца ў бяспецы, праваабаронцы рэкамендуюць як мага хутчэй надаць гэты факт агалосцы. Калі інфармацыя аб вярбоўцы апублікаваная, сакрэтны супрацоўнік перастае быць такім і губляецца сэнс вярбоўкі”, – перадае DW.

***

У аўторак вырашалася, хто стане прэзідэнтам Злучаных Штатаў на наступныя чатыры гады – Камала Харыс ці Дональд Трамп. Адначасова з прэзідэнцкімі ў краіне праходзілі і выбары ў Кангрэс, па выніках якіх будзе поўнасцю абноўлены склад Палаты прадстаўнікоў і на трэць – склад Сената. Еўрапейскія аглядальнікі адзначаюць, што зыход выбараў у ЗША шмат у чым паўплывае і на сітуацыю ў Еўропе. Турынская La Stampa тлумачыць, чаму шэраг аналітыкаў мяркуе, што абранне Трампа прэзідэнтам Злучаных Штатаў нават пайшло б на карысць Еўразвязу.

«Аплявуха, якой стала б вяртанне Дональда Трампа ў Белы дом, можа парадаксальным чынам аказаць станоўчае ўздзеянне на Еўразвяз. Гэтак жа, як яго ўзмацнілі і згуртавалі буйныя крызісы апошніх гадоў, пачынаючы з ковіда, які прымусіў краіны разам і ўзгоднена супрацьдзейнічаць эканамічнаму крызісу за кошт стварэння плана аднаўлення пад назвай Next Generation EU, а таксама сумесна закупляць вакцыны, змагаючыся з крызісам у сферы аховы здароўя. Многія аналітыкі перакананыя – хай нават гэта вельмі аптымістычны погляд на рэчы, – што вяртанне Трампа стала б для ЕЗ свайго роду электрашокам, які б надаў яму імпульс для руху наперад – у бок узмацнення інтэграцыі», – піша італьянскае выданне.

***

Украіне пагражае самая суровая зіма з пачатку баявых дзеянняў: адключэнні электрычнасці могуць дасягаць 20 гадзін за суткі. «Гэта найгоршы сцэнар з магчымых», – піша Politico, – але і пры найбольш рэалістычным блэкауты будуць працягвацца па 8-14 гадзін».

Дапамогу Кіеву аказвае Еўразвяз, але гэтага недастаткова, каб пакрыць усе патрэбы. «Выйсцем магло б стаць пагадненне аб узаемнай адмове ад удараў па энергааб’ектах, і ёсць шанцы, што бакі вернуцца да такіх перамоваў. З падзеннем тэмпературы да нуля Украіна сутыкаецца з перспектывай суровай зімы і працяглых блэкаутаў: попыт на электраэнергію павялічваецца на 20-25%, але на фоне нападаў Расеі на інфраструктуру яго будзе цяжка задаволіць. Краіна ўжо сутыкаецца з адключэннямі электраэнергіі працягласцю па 8-12 гадзін за дзень, а, паводле падлікаў ААН, у зімовым сезоне гэты паказчык можа вырасці да 18 гадзін. А вось пра 20-гадзінныя блэкауты папярэдзіў дарадца ўрада Украіны па пытаннях энергетыкі Аляксандр Харчанка. Гэта адбудзецца пры горшым сцэнары, калі тэмпература апусціцца ніжэй за -10 градусаў, а Расея выведзе са строю атамныя электрастанцыі. У краіне знішчаны ўсе цеплавыя электрастанцыі і 40% гідраэнергетычных магутнасцяў. Расея кантралюе Запарожскую АЭС, найбуйнейшую ў Еўропе. Але страту яе выпрацоўкі кампенсуе Еўрасаюз. Дапамагаючы з рамонтам і пастаўкамі энергіі, Брусель пакрывае 25% патрэб Кіева ў зімовы перыяд. Але няма ніякіх гарантый, што адноўленая інфраструктура не будзе знішчана ізноў. Узаемныя ўдары па энергааб’ектах зноў сталі прадметам перамоваў паміж Масквой і Кіевам. Дыялог быў перапынены пасля пачатку баявых дзеянняў у Курскай вобласці, і зараз Украіна пры пасярэдніцтве Катара спрабуе да яго вярнуцца. Такое пагадненне азнаменавала б самую значную дээскалацыю з пачатку баявых дзеянняў у 2022 годзе», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

***

Мая Санду працягне сваю працу на пасадзе прэзідэнта Малдовы. У другім туры выбараў праеўрапейскі арыентаваная кіраўнік дзяржавы апярэдзіла свайго прарасейскага апанента Аляксандра Стаяногла амаль на дзесяць працэнтных пунктаў. У выніку рэферэндуму 20 кастрычніка, праведзенага адначасова з першым турам выбараў, большасць грамадзян – няхай і з мінімальнай перавагай – выказалася за замацаванне ў канстытуцыі краіны палажэння аб уступленні ў Еўразвяз як нязменнай мэты. «Абяцаць Малдове хуткае сяброўства ў ЕЗ – няправільна», – мяркуе Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Найбліжэйшым часам Еўразвяз не зможа прымаць новых чальцоў. З’яўленне ў складзе ЕЗ яшчэ адной паўнапраўнай дзяржавы – незалежна ад яе памераў – з правам вета проста застопарыць працэсы прыняцця рашэнняў. Да таго ж прарасейскія настроі ў Малдове па-ранейшаму моцныя, што прадэманстраваў прайшоўшы два тыдні таму і ледзь не правалены рэферэндум па пытанні аб далучэнні краіны да Еўразвяза. Рэспубліцы Малдова неабходна рэалістычная і пастаянная дапамога. Да прыкладу, маштабнае пашырэнне транспартных зносін з Румыніяй, з якой яна гістарычна складае адзінае цэлае», – прапануе нямецкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя