BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Досыць меркаванняў

  • Анджэй Пачобут стаў «фігурай дзесяцігоддзя» ў Польшчы
  • Cловы Папы Рымскага пра белы сцяг
  • Выбары ў Партугаліі: краіна дрэйфуе направа

Польская рэдакцыя амерыканскага выдання Newsweek назвала журналіста, сябра Саюза палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута “фігурай дзесяцігоддзя”. «Амаль тры гады ён знаходзіцца ў зняволенні. У адказ на вынясенне яму прысуду – 8 гадоў пазбаўлення волі – улады Польшчы закрылі пункт пропуску на мяжы з Беларуссю. Пазней Лукашэнка заявіў, што згодны абмяняць журналіста на сяброў НАУ на чале з Паўлам Латушкам. Хто ж такі Анджэй Пачобут? Анджэй Пачобут быў актывістам Саюза палякаў у Гародне, працаваў журналістам. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года. Як і іншых затрыманых актывістаў, яго маглі адпусціць, калі б ён пагадзіўся напісаць прашэнне аб памілаванні і з’ехаць з Беларусі. Пачобут адмовіўся. Яму выпалі вельмі складаныя выпрабаванні, нягледзячы на гэта, ён не згаджаецца на саступкі. У віну Пачобуту паставілі тое, што ён назваў агрэсіяй напад на Польшчу ў 1939 годзе, ягоныя артыкулы ў Gazeta Wyborcza і Magazyn Polski, а таксама заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі», – адзначае амерыканскае выданне.


Папа Рымскі Францыск заклікаў Украіну падняць «белы сцяг» і праявіць гатовасць да перагавораў з Расеяй, для таго каб хутчэй пакласці канец вайне. «Не саромейцеся весці перамовы, пакуль не стала горш», – заявіў Францыск у інтэрв’ю швейцарскай тэлерадыёкампаніі RSI. Адны аглядальнікі расцэньваюць яго словы як даўно наспелы заклік да міру, другія, наадварот, не шкадуюць крытыкі. «Нарэшце мы пачулі іншае меркаванне», – вітае словы Францішка турынская газета La Stampa.

«Толькі Папа знайшоў у сабе смеласць зрабіць гэта. Вымавіць невымоўнае. Гэта – прарочая цнота, святы скандал ісціны. Два гады запар мы слухалі, не задаючы ніводнага пытання, і па большай частцы загразлі ў бяздзейнасці, мы заставаліся на паверхні рэчаў, заблытаўшыся ў іх хітраспляценнях. Канфлікт працягваў бушаваць, мёртвыя глядзелі застылымі вачыма ў неба, якое прашывалася ровам ракет. У тым, што да вайны ва Украіне, мы жылі пад гнятлівым уплывам аднастайнага светапогляду», – піша італьянскае выданне.


Падчас датэрміновых парламенцкіх выбараў у Партугаліі перамогу з невялікай перавагай атрымаў правацэнтрысцкі Дэмакратычны альянс. Набраўшы 29,5 працэнта галасоў, альянс апярэдзіў кіруючую Сацыялістычную партыю, якая знаходзіцца ва ўладзе ўжо восем гадоў і якая набрала 28,7 працэнта. Правапапулісцкая Chega больш чым падвоіла свае паказчыкі, атрымаўшы 18 працэнтаў. Лісабонская газета Público заклікае ўмераныя партыі выступіць адзіным фронтам.

«Сцэнар немагчымасці дзяржаўнага кіравання, у выніку якога справа можа дайсці да новых выбараў у канцы года, самым наглядным чынам прадэманструе, што маюць рацыю тыя партугальцы, хто пакінуў лагер ліберальнай дэмакратыі і аддаў перавагу радыкальнай палітыцы – замест талерантнасці, грамадзянскай пазіцыі і духу грамадскай салідарнасці. Тыя, хто знаходзіцца ва ўладзе, павінны ўсвядоміць, што ваганні і безадказнасць сёння сталі яшчэ больш разбуральнымі. Яны павінны пачаць прымаць меры ў такіх крытычна важных галінах, як ахова здароўя і адукацыя. Яны павінны ўсвядоміць, што існуюць новыя праблемы, такія як іміграцыя, пра якія нельга забываць, як гэта мела месца ў мінулым», – піша партугальскае выданне.


«Што б ні паказвалі апытанні і што б ні казалі прагназісты, Джо Байдэн абсалютна ўпэўнены: ён адзіны, хто здольны спыніць Трампа», – піша амерыканскае выданне The New Yorker аб прэзідэнце ЗША.

«Пасля «супераўторка» 5 сакавіка зніклі апошнія сумневы ў тым, што на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША ў лістападзе 2024 года галоўнымі кандыдатамі стануць 81-гадовы Джо Байдэн і 77-гадовы Дональд Трамп. Паразмаўляўшы з першым імаверным кандыдатам і яго самымі даверанымі дарадцамі, можна зрабіць адну выснову: сам Байдэн зусім не сумняваецца ў перамозе. Больш за тое, прэзідэнт упэўнены, што ніхто іншы не здольны апярэдзіць Трампа. Адной з ключавых праблем для Байдэна застаецца яго ўзрост. Сталы ўзрост прэзідэнта асабліва адпужвае маладых выбаршчыкаў, якія апошнія гады былі важнай часткай выбарчай кааліцыі дэмакратаў. Яшчэ больш іх адштурхвае палітыка адміністрацыі Байдэна ў адносінах Ізраіля і Палестыны. Пасля нападу ХАМАС у кастрычніку 2023 года Байдэн безумоўна падтрымаў Ізраіль і ўхваліў адпраўку туды зброі і іншых рэсурсаў. Іншай важнай часткай знешнепалітычнага парадку дня Байдэна застаецца падтрымка Украіны ў яе супрацьстаянні з Расеяй. Рэспубліканцы ў кангрэсе працягваюць блакаваць выдзяленне новага пакета ваенных расходаў. У абмен на яго прыняцце кансерватары патрабуюць ад Байдэна радыкальнай рэформы міграцыйнага заканадаўства», – адзначае амерыканскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя