- На выбарах 2025 года будзе забаронена здымаць і фатаграфаваць бюлетэні
- Украіна плануе павяртаць ваенных уцекачоў назад
- «Няхай змоўкнуць гукі зброі»: Папа Францішак заклікаў да мірных перамоваў паміж Расеяй і Украінай

«ЦВК Беларусі афіцыйна зацвердзіў форму і тэкст бюлетэня для галасавання на выбарах 2025 года. На ім, у прыватнасці, будзе напісана, што фатаграфаваць запоўнены аркуш забаронена», – піша DW.
«Зыходзячы з палітычнай сітуацыі і ўзроўню рэпрэсій, такая забарона можа сведчыць аб запалохванні выбаршчыкаў», — лічаць у праваабарончай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Падчас прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года фотаздымкі запоўненых бюлетэняў дазволілі платформе «Голас» правесці альтэрнатыўны падлік галасоў. Паводле гэтых дадзеных, перамогу ў першым туры, верагодна, атрымала Святлана Ціханоўская. Паводле афіцыйных звестак ЦВК, яна набрала толькі 10% галасоў», – падкрэслівае DW.
Мадрыдскае выданне El Pais адзначае, што ў 2025 годзе Украіна мае намер распачаць комплекс мерапрыемстваў па вяртанні ў краіну ўкраінскіх бежанцаў. У асноўным гаворка ідзе пра мужчын прызыўнога ўзросту. Кіеў спадзяецца на супрацоўніцтва з краінамі ЕЗ і лічыць, што аднымі «пернікамі» не абысціся. Стаўка будзе зроблена на «пугу» – на скарачэнне і нават адмену льгот, што павінна падштурхнуць украінскіх мужчын да вяртання ў сем’і.
„Галоўным партнёрам Кіева ў гэткай кампаніі можа быць будучы верагодны канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц. Ён хацеў бы павялічыць ваенную дапамогу Украіне, але неаднаразова крытычна выказваўся пра ўкраінскіх бежанцаў (а іх на 30 верасня ў Германіі было зарэгістравана 1 мільён 245 тысяч), асабліва пра мужчын. Мерц таксама падкрэсліў, што пераважная большасць бежанцаў не працуе (у ліпені 2024 года было працаўладкавана 266 тысяч чалавек), а яго рыторыка карэлюе з поглядамі многіх немцаў, у тым ліку тых, хто падтрымлівае Украіну», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Падчас каляднага паслання Папа Францішак заклікаў Украіну і Расею пачаць перамовы. Пантыфік упэўнены, што наладжванне дыялогу паміж Кіевам і Масквой будзе спрыяць спыненню вайны. На думку Францішка, неабходна дасягнуць справядлівага і трывалага міру. Пра гэта паведамляе ўкраінскі партал Оbozrevatel.
«Біскуп Рымска-каталіцкай царквы сказаў, што неабходна праявіць мужнасць, каб «адчыніць дзверы для перамоваў». Пантыфік падкрэсліў, што падчас Божага Нараджэння ён заклікае кожны народ і нацыю адважыцца стаць пілігрымамі надзеі, каб змоўкнула зброя. 88-гадовы Францішак таксама заклікаў спыніць канфлікты – палітычныя, сацыяльныя ці ваенныя – у такіх краінах, як Ліван, Малі, Мазамбік, Гаіці, Венесуэла і Нікарагуа. Пры гэтым, каляднай раніцай Расея выкарыстала супраць Украіны больш за 70 ракет і больш за сотню беспілотнікаў-камікадзэ. Галоўнай мэтай захопнікаў была энергетычная інфраструктура Украіны. Раней паведамлялася пра выбухі ў Дняпры і Харкаве. У апошнім з двух гарадоў адбыліся палёты ў некалькіх раёнах, пацярпелі мірныя жыхары. У месцах удараў узніклі пажары і разбурэнні. Расейска-тэрарыстычнае войска нанесла ракетны ўдар па тэрыторыі Івана-Франкоўскай вобласці. Аб’екты крытычнай інфраструктуры зноў сталі мішэнню пуцінскіх тэрарыстаў. У выніку атакі частка рэгіёну засталася без святла. Дарэчы, падчас атакі адна ракета заляцела на тэрыторыю Румыніі, члена NATO. Аднак міністэрства абароны Румыніі заявіла, што сістэма паветранага назірання нібыта не выявіла ніякіх ракет», – адзначае ўкраінскае выданне.
Дональд Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. У Крамлі адказалі, што рэальных імпульсаў для гэтага пакуль няма. Раней абраны прэзідэнт ЗША выступіў на канферэнцыі кансерватараў у Арызоне і, сярод іншага, заявіў, што расейскі лідар хоча сустрэцца з ім як мага хутчэй, але з гэтым давядзецца пачакаць. Таксама Трамп паабяцаў вярнуць Амерыцыі Панамскі канал і прызнаць на дзяржаўным узроўні толькі два гендары — мужчынскі і жаночы. «Дональд Трамп назваў сваю паўтарагадзінную прамову «невялікім праглядам рэвалюцыі здаровага сэнсу», – піша The New York Times.
«Трамп паабяцаў падпісаць пакет указаў аб закрыцці амерыканскай мяжы і распачаць найбуйнейшую кампанію па дэпартацыі ў гісторыі ЗША. Словы палітыка пра меншасці выклікалі бурную рэакцыю прыхільнікаў. Ён заявіў, што росчыркам пяра пакончыць з «транссэксуальным вар’яцтвам» і калечачымі аперацыямі на дзецях. Мужчыны не будуць дапускацца да жаночых відаў спорту, а ў афіцыйнай палітыцы будуць прызнавацца толькі два полы. Найбольш правакацыйныя заявы Трампа тычыліся замежнай палітыкі. Ён назваў «глупствам» прынятае яшчэ ў 1970-я гады рашэнне аб перадачы Панамскага канала Панаме. Рэспубліканец абвінаваціў краіну ва ўсталяванні несправядлівых збораў для амерыканскіх грузаадпраўшчыкаў і паабяцаў, што пры ім усё скончыцца. А калі не, то яму трэба вярнуць канал у ЗША. Прэзідэнт Панамы адрэагаваў агрэсіўна, назваў словы Трампа абразай суверэнітэту і дадаў, што кожны квадратны метр канала належыць і будзе належаць яго краіне», – піша амерыканскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






