BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Драма пачалася

Што прынясе Беларусі новы ўрад і прэм’ер Турчын. Украіна: вынікі перамоваў у СА. Канада: новы прэм’ер. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Ракіроўка ва ўладзе: кіраўнік урада РБ Раман Галоўчанка перайшоў у Нацбанк, а новым прэм’ер-міністрам стаў кіраўнік Менскай вобласці. Якіх перамен у краіне чакаюць эксперты?», – задаецца пытаннем DW.

«Урад у Беларусі – тэхнічны, а эканамічную палітыку вызначае толькі Лукашэнка. Прозвішча прэм’ер-міністра не мае вялікага значэння. Незвычайным момантам можна лічыць тое, што інаўгурацыі Лукашэнкі на 10 сакавіка так і не было. Фактычна ўрад прызначае прэзідэнт з паўнамоцтвамі, якія былі атрыманы пяць гадоў таму. Калі падыходзіць да гэтага чыста фармальна. Пасыл Лукашэнкі аб тым, што маладыя людзі кіруюць краінай, можна назваць “гульнёй у новае пакаленне”. Так, людзі маладзейшыя за яго займаюць важныя пасады – кіраўнік адміністрацыі, прэм’ер, віцэ-прэм’ер. Але краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка. Усё астатняе – гэта антураж, спроба схаваць той факт, што стары чалавек кіруе дзяржавай і адыходзіць не хоча.  Пасада прэм’ер-міністра ў Беларусі зараз “не вельмі прыемная”, а Турчын “добры спецыяліст, умее вырашаць пытанні, ставіць задачы. Але якія задачы ён будзе ставіць? Яго заява пра эвалюцыю без рэвалюцый – гэта ні пра што. Умовы мяняюцца кожны дзень – санкцыі, Трамп, вайна, у Расеі розныя нагоды”. Галоўчанку змянілі таксама таму, што прынцып Лукашэнкі – не трымаць доўга чыноўніка на высокай пасадзе, каб ён не набіраў адміністрацыйную і палітычную вагу», – паведамляе DW.

У Саудаўскай Аравіі прайшлі перамовы наконт магчымасцяў заканчэння вайны Расеі супраць Украіны. Спачатку наследны прынц Мухамед ібн Салман сустрэўся паасобку з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё. У аўторак адбыліся прамыя перамовы паміж прадстаўнікамі ЗША і Украіны. Як вынік Украіна прыняла прапанову ЗША ўвесці рэжым спынення агню на 30 дзён. Еўрапейская прэса піша пра тое, што Вашынгтон пакінуў Кіеву вельмі мала прасторы для манеўру. «Зяленскі апынуўся ў тым становішчы, калі ён можа толькі зрабіць выбар паміж няслушным і памылковым», – канстатуе берлінская Der Tagesspiegel.

«Варыянт першы: дамоўленасці дасягнуць не ўдасца. Тады вайна працягнецца, проста ўжо без падтрымкі з боку Злучаных Штатаў. Аднак без амерыканскіх разведдадзеных і сучаснага ўзбраення Украіна на полі бою будзе амаль сляпая і моцна аслаблена. Варыянт другой: будзе дасягнута дамоўленасць. Але тады – і ў гэтым не дае сумнявацца Пуцін – расейская акупацыя Крыма і Усходняй Украіны будзе зафіксаваная афіцыйна, а сяброўства ў НАТА для Украіны выключанае. Такая напоўненая пакутамі драма, якая пачынае разыгрывацца ў Саудаўскай Аравіі», – піша нямецкае выданне.

Большасцю галасоў новым лідарам Ліберальнай партыі Канады абраны эканаміст Марк Кэрні, у мінулым – кіраўнік Цэнтральнага банка краіны і кіраўнік Банка Англіі. З прычыны адстаўкі Джасціна Трудо з пасады прэм’ер-міністра Кэрні зараз часова – да выбараў – узначаліць урад. Як заявіў Кэрні, Канада ні ў якім разе не стане часткай ЗША. Мадрыдская El País адзначае, што ў тым, як ЗША абыходзяцца са сваімі саюзнікамі, прасочваецца агульная тэндэнцыя.

«Марк Кэрні мае намер як мага хутчэй аб’явіць выбары, каб у выпадку сваёй перамогі заняць трывалую пазіцыю ў няпростых размовах з Белым домам. Хоць гаворка ідзе ў першую чаргу пра мытныя пошліны і памежны кантроль, гутарка вельмі ўскладняе неймаверную прапанову суседа аб анэксіі. Трамп жадае займець Арктыку з-за наяўных тамака рэдкіх мінералаў, якія ён лічыць неабходнымі для дужання з Кітаем за сусветнае панаванне. Пасля выбараў Канаду можа чакаць тая ж будучыня, што і іншыя краіны, якія дагэтуль былі саюзнікамі Злучаных Штатаў. Трамп інструменталізаваў саюзы, якія выбудоўваліся стагоддзямі, падарваў іх на працягу некалькіх тыдняў – і замяніў камерцыйнымі і дыпламатычнымі адносінамі, якія падобна ківачу вагаюцца паміж пагадненнямі і шантажом», – адзначае гішпанскае выданне.

57 тысяч чалавек, якія насяляюць аўтаномную правінцыю Даніі Грэнландыю, у цяперашні аўторак абіраюць новы парламент. Раней усе прадстаўленыя ў ім палітычныя партыі – за выключэннем адной – былі адзіныя ў тым, што востраў, які мае на дадзены момант статус аўтаноміі ў складзе Даніі, павінен здабыць сапраўдную незалежнасць. Аднак цяпер палітычнае жыццё ў сталіцы вострава, горадзе Нуук, узрушана непрыкрытым намерам Дональда Трампа захапіць Грэнландыю. «Цяперашнія выбары – ключавы момант для Грэнландыі», – лічыць міланская Corriere della Sera.

«Настрой грэнландцаў у гэтыя дні можна апісаць адным невымаўляльным грэнландскім словам: ‘Nuannaarsuataarpoq’ – што азначае ‘ашаломлены’. Цяпер гэтая велізарная тэрыторыя знаходзіцца на парозе, мабыць, найважнейшых выбараў у сваёй гісторыі, на працягу якой яна з 1721 па 1953 гады была дацкай калоніяй, потым уваходзіла ў склад Каралеўства, пакуль у 1979 году не атрымала права сама вырашаць свае ўнутраныя справы. 31 член парламента будуць выбраны на днях, але на коне стаіць нешта большае, чым падчас усіх папярэдніх выбараў. Бо зараз Дональд Трамп наважыўся ‘любым коштам’ займець гэты арктычны востраў – і таму на наступны ж дзень пасля яго інаўгурацыі парламенцкія выбары ў Грэнландыі былі паспешна прызначаныя на два месяцы раней запланаванага тэрміна», – падкрэслівае італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

 Фота: Salah Malkawi / Getty Images