Некаторыя расейскія і беларускія спартсмены выступяць на Алімпіядзе ў якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў. Прагноз вайны ва Украіне на наступныя пяць год. Адваротныя бакі турыстычнага буму. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) апублікаваў канчатковы спіс з 16 расейскіх і 17 беларускіх спартсменаў, якія прымуць удзел у Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы. „Спецыяльная камісія МАК (AINERP) дапусціла расейскіх і беларускіх спартсменаў на Алімпіяду. Патрабаванні да нейтральнага статусу ўключаюць адсутнасць падтрымкі расейскага ўварвання ва Украіну і адсутнасць сувязяў з ваеннымі ці спецслужбамі (у тым ліку са спартовымі клубамі, такімі як «Дынама» і ЦСКА), а таксама ўдзел у індывідуальных дысцыплінах”, – піша міжнароднае выданне The Global Voices.
„Першапачаткова расейскія спартсмены атрымалі ад камітэта 36 запрашэнняў, а беларускія — 27. Аднак некаторыя з запрошаных або адразу адмовіліся, або спачатку прынялі, а потым адмовіліся ад запрашэнняў часам па незалежных ад іх прычынах. Федэрацыя дзюдо Расеі адмовіла чатыром прынятым дзюдаістам ва ўдзеле. Дзюдо — адзін з любімых відаў спорту расейскага аўтарытарнага лідара Уладзіміра Пуціна. У Беларусі прарасейская Telegram-актывістка Вольга Бондарава абрынулася на беларускіх спартоўцаў, якія паедуць на Алімпіяду ў нейтральным статусе. Расейскае тэлебачанне, як следам і беларускае, упершыню за 40 гадоў не будзе трансляваць Алімпіяду з-за практычна поўнай адсутнасці расейскіх спартоўцаў. Алімпіяда ў Парыжы пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 года”, – нагадвае міжнароднае выданне.
Генеральны інспектар Бундэсвера, генерал Карстэн Брэйер мяркуе, што фронт ва Украіне не зведае ў бліжэйшы час сур’ёзных змен і застанецца стабільным. „Хаця нарошчванне расейскай арміі ўсё яшчэ – небяспека. Мы назіраем, што расейская армія накіроўваецца на захад», — распавёў Брэйер Sächsische Zeitung.
«Праз пяць-восем гадоў узброеныя сілы Масквы будуць аснашчаны матэрыяламі і асабістым складам, каб зрабіць магчымым наступ на тэрыторыю NATO. У якасці асновы для ацэнак Брэйер спасылаўся на ўласны аналіз, інфармацыю спецслужбаў і саюзных узброеных сіл, а таксама заявы прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Ваеннаслужачы Германіі вышэйшага рангу даў зразумець у размове, што ён не бачыць прыкмет таго, што ЗША адварочваюцца ад Еўропы ў ваенным плане, і што ён мяркуе, што Дональд Трамп ведаў бы цану NATO, калі б яго пераабралі прэзідэнтам ЗША. Генеральны інспектар пакуль не чакае істотных зменаў на лініі фронту ва Украіне, але краіна застаецца залежнай ад падтрымкі. «Мы наўрад ці адчуем нейкія маштабныя перамяшчэнні на ўкраінскім полі бою, якія робяць гэта практычна немагчымым». Дробныя павольныя аперацыі магчымыя, буйнамаштабныя наступы цяжкія. Канцэнтрацыя войскаў была б распазнана адразу і прывяла б да контрмераў», – цытуе ваеннага эксперта нямецкае выданне.
Папулярныя курортныя месцы і турыстычныя гарады Еўропы ўсё больш і больш пакутуюць ад наступстваў наплыву турыстаў. Так, за перыяд са студзеня па красавік гэтага года колькасць турыстаў, якія прыбываюць міжнароднымі авіярэйсамі ў Грэцыю, узрасла на 12,3 працэнта, на Балеарскіх астравах колькасць турыстаў за 2023 год перавысіла паказчык папярэдняга года на 9,1 працэнта. На Тэнэрыфэ і Маёрцы сёлета ўжо адбыліся масавыя пратэсты з-за цэн на жыллё, якія ўзляцелі да столі. Венецыя ўвяла асаблівую плату з ахвочых наведаць горад. «Еўрапейская камісія павінна заняцца гэтай тэмай», – патрабуе брусельская La Libre Belgique.
«Акрамя звязаных з масавым турызмам экалагічных, этычных і сацыя-эканамічных пытанняў, сама барацьба з ім набыла ўжо такія маштабы, што зараз яна заслугоўвае скаардынаваных, цэнтралізаваных падыходаў, паколькі лакальныя рашэнні даюць толькі вельмі абмежаваны эфект. Ці не дадаць гэтую тэму ў і так ужо прыстойны стос спраў Камісіі? – Без усялякага сумневу! Бо малаверагодна, што выраз ‘занадта шмат турызму забівае турызм’ стане ў Еўропе рэальнасцю, і праблема знікне сама сабой», – прапануе бельгійскае выданне.
На сваіх першых публічных выступах пасля выхаду Байдэна з перадвыбарнай гонкі віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Харыс паўстала як вельмі рашучы кандыдат. Выглядае, што і большасць дэлегатаў з’езда дэмакратычнай партыі, які мае адбыцца ў жніўні, падтрымае афіцыйнае вылучэнне яе кандыдатуры. Еўрапейская прэса сочыць за гэтымі імклівымі зменамі падзей, затаіўшы дыханне – з надзеяй і не без скепсісу. «У дэмакратаў не хапіла смеласці абмеркаваць альтэрнатыўных кандыдатаў», – шкадуе парыжская Les Echos.
«Дэмакратычная партыя прыняла рашэнне на карысць хуткасці і прагматызму. Такое рашэнне не ідэальна: Камала Харыс прыме праблемную эстафету ад Байдэна, застаючыся пры гэтым усё яшчэ не вельмі вядомай асобай і падвяргаючыся істотнай крытыцы, у тым ліку боку левага лагера партыі. Новы твар мог бы прынесці з сабой свежы наратыў, аднак здаецца, што ніхто не гатовы ісці на такую рызыку за 100 дзён да выбараў», – наракае французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка