- Для чаго польскі суддзя папрасіў прытулку ў Беларусі?
- «Дзень Перамогі» у Расеі
- Сітуацыя ў Еўропе напярэдадні выбараў у Еўрапарламент

«Перабяжаўшы з Польшчы ў Беларусь, польскі суддзя Шмідт сцвярджае, што сваё рашэнне пакінуць працу Польшчы было звязана з палітычным пераследам там на падставе яго апазіцыі да ўрада, які ён абвінаваціў у тым, што ён «давёў краіну да вайны пад уплывам Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі», – перадае бельгійскае выданне Brusselssignal.
«6 траўня суддзя даў прэс-канферэнцыю ў менскай штаб-кватэры БелТА, дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва Беларусі, якое выконвае функцыі рупара рэжыму Лукашэнкі. Шмідт ахарактарызаваў Беларусь як «адкрытую і дружалюбную краіну» і пахваліў Лукашэнку як «вельмі мудрага кіраўніка», які «шмат зрабіў для падтрымання міру ў нашым рэгіёне». Ён таксама абвінаваціў Захад у «спробе знішчыць Беларусь». Сітуацыя, якая склалася, прымусіла польскія органы бяспекі прыняць хуткія меры і высветліць, ці быў ён беларускім шпіёнам. 4 чэрвеня мінулага года Шмідта прызначылі на сакрэтныя паседжанні ў зале спецыяльнага суда па справах супраць офіса прэм’ер-міністра з інфармацыяй пад грыфамі «канфідэнцыйна», «САКРЭТНА НАТА», «САКРЭТНА ЕКА», «САКРЭТНА ЕЗ». Сітуацыя мае паралелі з дэзерцірам з польскага войска Эмілем Чэчкам, які ў 2021 годзе таксама ўцёк у Беларусь, шукаючы прытулку. У наступным годзе беларускія ўлады абвясцілі, што ён быў знойдзены мёртвым праз павешанне ў сваёй кватэры ў Беларусі. Павел Латушка, былы міністр і амбасадар Беларусі ў Польшчы, заявіў Польскаму агенцтву друку (PAP), што суддзя будзе выкарыстоўвацца прапагандысцкай машынай беларускіх уладаў, каб намаляваць Польшчу распальшчыцай вайны і краінай, якая мае праблемы з вяршэнствам закона, а пасля Шмідта напаткае лёс Чэчкі. Польска-беларускія адносіны прыкметна пагоршыліся ў 2020 годзе, калі Польшча актыўна падтрымала пратэсты супраць фальсіфікацыі Лукашэнкам прэзідэнцкіх выбараў. А таксама Польшча неаднаразова канфліктавала з рэжымам Лукашэнкі з-за рэпрэсій, якія зазнала польская меншасць у Беларусі, некаторыя з якіх былі зняволеныя», – падсумоўвае бельгійскае выданне.
79-ю гадавіну перамогі над нацысцкай Германіяй у Расеі адзначылі традыцыйнымі ваеннымі парадамі. Уладзімір Пуцін і яго прапагандысты правялі пры гэтым паралелі паміж барацьбой з Гітлерам тады – і вайной ва Украіне сёння. Аглядальнікі лічаць, што замест гэтага Пуціну варта было б заняцца самакрытыкай і больш пільна зірнуць у люстэрка на сябе самога. Лонданскі штотыднёвік The Spectator адзначае, што ў рамках штогадовых святкаванняў 9 траўня ў Маскве гаворка ўжо даўно не ідзе аб перамозе над нацысцкай Нямеччынай.
«Па сканчэнні ўжо больш за два гады з пачатку вайны ва Украіне, у Дзень Перамогі ў Расеі сама перамога над фашызмам у 1945 годзе не гуляе цэнтральнай ролі. І тое, што Пуцін – па іроніі лёсу – выбудаваў фашысцкую дзяржаву, прэзідэнта, здаецца, ані не турбуе. У наступным годзе 80-я гадавіна заканчэння Другой Сусветнай вайны верагодна стане для Пуціна яшчэ адной нагодай паўстаць у ролі крыжака-адзіночкі, які адправіўся ў паход, каб выратаваць свет ад сябе самога», – адзначае брытанскае выданне.
Засталося крыху больш за месяц да таго моманту, як 350 мільёнаў еўрапейцаў у 27 краінах ЕЗ прагаласуюць на выбарах у Еўрапарламент. З прычыны чаканага зруху направа і гіганцкіх палітычных выклікаў, сярод іншага – у сферы бяспекі і клімату – прэса са скепсісам пазірае на заканадаўчы перыяд. Міланскі каталіцкі веснік Avvenire характарызуе ЕЗ як адну вялікую супярэчнасць.
«Можна любіць Еўропу, але баяцца Бруселя. Можна марыць аб кантыненце «мяккай сілы», але цярпець праява нацыяналістычных і рэгіяналісцкіх імпульсаў. Адчуваць не толькі адзінства, але і адрозненні. Імкнуцца да наднацыянальных правілаў, але не вырашацца завяршыць будаўніцтва агульнага «дома». Шанаваць адзіны рынак, але не давяраць еўра. Атрымліваць выгоду ад адмовы ад унутраных межаў, але баяцца іх адмены. Жадаць пакласці канец войнам, але не жадаць ісці па агульным шляху на міжнароднай арэне. Еўрапейцы, магчыма, ніколі не былі такімі нерашучымі, як зараз», – наракае італьянскае выданне.
Лідар Кітая Сі Цзіньпін праехаўся па Еўропе і наведаў з візітамі Парыж, Бялград і Будапешт. У Сербіі і Венгрыі кіраўніка КНР прынялі цяплей – і гэта не дзіўна, бо абедзве краіны робяць стаўку на «Новы шаўковы шлях». «Замест увядзення мытных пошлін на кітайскую прадукцыю Еўразвязу варта было б матываваць Кітай да зніжэння тэмпаў экспарту», – раіць дублінская The Irish Times.
«У руках у Еўракамісіі ёсць нямала дзейсных рычагоў, аднак краіны-сябры ЕЗ перажываюць раскол. Нямецкія аўтавытворцы асцерагаюцца таго, што могуць пацярпець ад мер Кітая ў адказ у адплату за ўвядзенне пошлін. Пакуль што Сі Цзіньпін прыпыніў увядзенне санкцый на французскі каньяк. Аднак у выпадку гандлёвай вайны Пекін, верагодна, возьме на прыцэл прадукты харчавання і напоі з Еўропы. Падобнай эскалацыі трэба пазбягаць. І паколькі ў мінулым Кітай ужо паказаў, што пры неабходнасці ён у стане запаволіць вытворчасць, то варта матываваць яго зрабіць гэта зноў», – піша ірландскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя