Беларусь сцвярджае, а Вільня адхіляе абвінавачанні ў атацы беспілотнікаў з Літвы. У Італіі ўрад абвінавачваецца ў цэнзуры СМІ. Славакія: дзяржтэлерадыёкампанія – пад ударам. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) Беларусі Іван Тэртэль на сесіі Усебеларускага народнага сходу паведаміў, што апошнім часам яго і іншыя ведамствы правялі ахоўныя мерапрыемствы, «якія дазволілі прадухіліць атакі баявых беспілотнікаў з тэрыторыі Літвы на аб’ектах у Мінску і прыгарадзе», – перадае індыйскае выданне The Outlookindia.
«Ён не прадставіў доказаў сваёй прэтэнзіі і не паведаміў ніякіх дэталяў. Ён таксама паведаміў, што «радыкалы» ў Літве і Польшчы вырабляюць беспілотнікі для нападу на Беларусь. Усебеларускі народны сход уключае чыноўнікаў, дэпутатаў мясцовых Саветаў, прафсаюзаў і праўладных актывістаў і дзейнічае паралельна з парламентам. Прэс-сакратар літоўскіх вайсковых ведамстваў Гінтаўтас Чуніс заявіў журналістам пазней у чацвер, што заявы Тэртэля не адпавядаюць рэчаіснасці. «Гэта глупства. Я не магу знайсці іншага слова», — сказаў Чуніс. У заяве Літоўскага цэнтра крызіснага кіравання гаворыцца, што каментары выглядалі накіраванымі на ўнутраную аўдыторыю ў Беларусі. Таксама адзначаецца, што іх можна «расцэньваць як суцэльную варожую правакацыю і інфармацыйную атаку супраць Літвы, якая не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю». Беларусь з’яўляецца блізкім саюзнікам Расеі, якая размясціла ў краіне тактычную ядзерную зброю, ракеты і войскі. Аўтарытарны кіраўнік Лукашэнка неаднаразова выхваляўся, што Беларусь адкажа на любую спробу Украіны ці краін НАТА напасці на яе», – піша індыйскае выданне.
У Італіі дзяржаўны тэлеканал RAI (Італьянскае радыё і тэлебачанне) адклікаў запрашэнне пісьменніку Антоніа Скураці выступіць на адной з перадач. У эфіры 25 красавіка, прысвечаным чарговай гадавіне вызвалення Італіі ад фашызму, Скураці меў намер зачытаць тэкст, у якім ён абвінавачвае кіраўніка ўрада Джорджыю Мелані ў недастатковым дыстанцыяванні ад свайго «постфашысцкага мінулага». На думку аглядальнікаў, водгук запрашэння Скураці – гэта не адзінкавы выпадак, а трывожны сімптом шырэйшых нездаровых тэндэнцый. Галоўны рэдактар газеты La Repubblica, якая выходзіць у Рыме, Маўрыцыа Малінары б’е трывогу.
«Забарона на выказванне свайго меркавання, адрасаваная пісьменніку, ды і наогул любому грамадзяніну – гэта парушэнне права на свабоду слова, якое з’яўляецца асновай прававой дзяржавы, абароненай дамовамі Еўразвяза і абвешчанай канстытуцыямі нашых краін. Гэта – парушэнне асноватворнага права любога чалавека, а таму цэнзура ў адносінах да Скураці – гэта не толькі нейкі выпадак, які меў месца ў Італіі, але рана, нанесеная ўсёй Еўропе. Калі грамадскае тэлебачанне той ці іншай краіны Еўразвяза адлюстроўвае не ўсе меркаванні, а адбірае толькі пэўныя, то тады гэта становіцца праблемай для ўсіх краін ЕЗ. Нажаль, Італія – не адзіная і не першая краіна ЕЗ, у якой выканаўчая ўлада выходзіць за рамкі сваіх паўнамоцтваў, з тым каб заткнуць раты галасам, якія ўладам чуць непажадана», – піша італьянскае выданне.
Урад Славакіі, які ўзначальваецца прэм’ер-міністрам Робертам Фіцо, мае намер скасаваць публічна-прававую тэлерадыёкампанію RTVS . Замест яе будзе створана новая медыякампанія пад назовам STVR. Улетку рэформа будзе вынесена на галасаванне ў парламенце. Крытыкі абвінавачваюць урад у намеры стварыць прапагандысцкі канал. Браціслаўская Pravda крытычна паставілася да рашэння ўладаў
«Змена назвы з RTVS на STVR, якая вяртае ў абрэвіятуру прыметнік «славацкая» – усяго толькі дэталь. Куды больш істотны момант – гэта тое, якім чынам будзе абірацца генеральны дырэктар: зараз дзяржава займела больш права голасу, чым у яе было раней, і права гэтае бліжэйшыя некалькі гадоў будзе ў руках трох кіруючых партый. Міністр Марціна Шымковічава, сярод іншага курыруючая і сродкі масавай інфармацыі, запэўнівае ў тым, што будзе выконваць еўрапейскі закон аб свабодзе СМІ. Але мяркуючы па ўсім, супрацоўнікі RTVS не занадта-то ёй вераць. У «чорны дзень» 25 красавіка яны прыйшлі на працу ў жалобных строях або з чорнымі стужкамі ў пятліцах», – адзначае мясцовае выданне.
Абурэнне наконт наступстваў вайны ў Газе прывяло да эскалацыі пратэстаў у цэлым шэрагу амерыканскіх універсітэтаў. Справа дайшла і да антысеміцкіх нападак. У Калумбійскім універсітэце ў Нью-Йорку паліцыя затрымала звыш ста чалавек. Заняткі пераведзены ў анлайн-рэжым. Міланская Corriere della Sera паказвае на тое, што пратэстоўцы вельмі вузка і прадузята глядзяць на свет.
«Пакаленне Gaza адрозніваецца маніхейскім светапоглядам з непахіснымі ідэалагічнымі пастулатамі. Багацеі (няхай гэта будзе асобныя людзі, а то і цэлыя нацыі) заўсёды няправыя, а вось беднякі – наадварот. Той, хто багаты, абавязкова падаўляе і эксплуатуе таго, хто бедны. Чалавецтва дзеліцца на імперыялістычны Захад і ўсіх іншых – гэта значыць ахвяр, якія маюць патрэбу ў кампенсацыі. Прагрэс – гэта афёра, якую пракруціў вераломны Захад, – гэта злая і разбуральная сіла. Гэтыя людзі нічога ці амаль нічога не ведаюць аб канфлікце на Блізкім Усходзе, аб яго бясконцай складанасці, аб далёкай адказнасці абодвух бакоў, аб ролі ўсёмагутных рэжысёраў, такіх як Іран, – і яны зусім не зацікаўлены ў тым, каб паспрабаваць хоць у чым-небудзь крыху разабрацца», – піша італьянскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя