BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Фатальны паварот

Інтэрнэт-заяўкі на атрыманне пашпартоў Новай Беларусі з’яўляюцца фальшывымі. Украінскі камандзір: добрых прагнозаў няма. Швецыя: іранскія агенты планавалі забойства яўрэяў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Апошнімі тыднямі ў беларускіх сацыяльных сетках і на YouTube-каналах з’яўлялася рэклама з прапагандай анлайн-анкет і заявак на атрыманне беларускіх пашпартоў, нібыта выдадзеных урадам беларускай апазіцыі ў выгнанні. «Формы, напісаныя па-беларуску, разлічаны на каля 2 мільёнаў беларусаў, якія жывуць за межамі сваёй радзімы. Сярод іх сотні тысяч людзей, якія ўцяклі ад рэжыму Лукашэнкі. Летась у верасні Лукашэнка загадаў беларускім дыпламатычным прадстаўніцтвам спыніць выдачу пашпартоў грамадзянам, якія жывуць за мяжой», – заўважае міжнароднае выданне polygraph.info.

«Анлайн-бланкі пашпартоў просяць заяўнікаў падаць падрабязныя асабістыя даныя, у тым ліку поўнае імя, дату нараджэння, бягучы адрас, краіну пражывання, поўныя даныя з замежнага дзяржаўнага пасведчання асобы і падрабязную інфармацыю аб членах сям’і. На бланках — блізкае факсіміле эмблемы пераходнага ўрада, сфармаванага ў 2022 годзе лідаркай беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай. У склад гэтага выканаўчага органа, які атрымаў назву Аб’яднанага часовага кабінета міністраў (АПК), уваходзяць прадстаўнікі дэмакратычнага руху Беларусі, бізнесу і сілавога апарату.

У жніўні мінулага года пераходны ўрад абвясціў , што будзе выдаваць грамадзянскія пашпарты беларусам, якія жывуць за мяжой. Аднак нядаўна разрэкламаваныя формы з’яўляюцца фальшывымі і, як мяркуюць, з’яўляюцца часткай аперацыі па зборы дадзеных спецслужбамі Лукашэнкі. У інтэрнэце працягваюць з’яўляцца сайты, старонкі ў сацыяльных сетках і нават аб’явы нібыта ад імя Аб’яднанага часовага кабінета міністраў Беларусі для збору звестак аб грамадзянах Беларусі, якія пражываюць за мяжой», — папярэджвае
міжнароднае выданне.

«Станоўчых прагнозаў няма. Абсалютна ніякіх. Гэта скончыцца вялікай колькасцю смерцяў, глабальным правалам. І, хутчэй за ўсё, фронт кудысьці праваліцца», – цытуе камандзіра ўкраінскага батальёна Аляксандра польскае выданне Іnteria.

«Ваенныя ўсё часцей б’юць трывогу аб складанай сітуацыі на фронце, выкліканай не толькі недахопам боепрыпасаў, але і пяхотнікаў. Негатыўныя паведамленні ўкраінскіх вайскоўцаў друкуе і The Washington Post. Застаючыся невядомымі, камандзіры адкрыта распавядалі аб рэчаіснасці на фронце, у асноўным на ўсходзе Украіны. Адзін з камандзіраў батальёна механізаванай брыгады заявіў, што цяпер у акопах на перадавой лініі яго падраздзялення менш за 40 пяхотнікаў. У нармальных умовах цалкам абсталяваны батальён павінен налічваць больш за 200 чалавек. Роты сэрэдняй дывізіі ўкамплектаваныя ў сярэднім каля 35 працэнтаў штату. Навабранцы, якія адпраўляюцца на фронт, вельмі дрэнна навучаны, што не дазваляе неадкладна адправіць іх на поле бою. У аснове ўсяго — недахоп людзей. Цяперашнія ўмовы надвор’я ідуць на шкоду Узброеным сілам Украіны. Недахоп людзей прыводзіць да таго, што такіх змен не адбываецца, а салдаты фізічна і псіхічна знясіленыя. Дзяржава не патлумачыла нацыі, што трэба ісці ў войска. Тыя, хто ведаў, што трэба будзе ісці, усе ўжо ўцяклі», – прыводзіць словы ўкраінскага вайскоўца польскае выданне.

У Швецыі найшырэйшы рэзананс выклікаў апублікаваны ў аўторак рэпартаж Шведскага радыё, у якім распавядаецца аб іранскай пары, якая планавала замахі на прадстаўнікоў мясцовай габрэйскай абшчыны. Пара прыехала ў краіну пад выглядам афганскіх бежанцаў, і ў 2017 годзе атрымала палітычны прытулак – нягледзячы на цэлы шэраг трывожных сігналаў. Як было ўстаноўлена, меркавана па даручэнні Тэгерана гэтыя двое планавалі забойства старшыні Рады габрэйскіх абшчын Швецыі Арона Верстэндыга і іншых грамадзян. У 2021 годзе пара была арыштаваная, а ў 2022 годзе выслана з краіны. «Гэты выпадак дэманструе, наколькі габрэям небяспечна жыць у Швецыі», – піша стакгольмская Dagens Nyheter.

«Яшчэ да росту колькасці антысеміцкіх інцыдэнтаў пасля пачатку вайны ў Газе мы назіралі мноства сведчанняў таго, што значыць быць габрэем у Швецыі. Паведамленні аб сітуацыі ў школах Мальме і Стакгольма сведчаць аб тым, што вучні-яўрэі рэгулярна падвяргаюцца антысеміцкім нападкам, а дарослыя не могуць знайсці на гэта адэкватнага адказу. Да гэтага дадаюцца неаднаразовыя напады на будынкі габрэйскіх арганізацый і спадарожныя пагрозы, напады на асобных габрэяў, людзі, якія радаваліся на шведскіх вуліцах пасля тэрарыстычнай атакі 7 кастрычніка, а таксама сацыяльныя сеткі, перапоўненыя кпінамі і нянавісцю. Шведскім яўрэям, відавочна, даводзіцца жыць ва ўмовах пастаянных пагроз. І гэта ганьба», – наракае шведскае выданне.

У Крамлі пацвердзілі, што амерыканскі журналіст Такер Карлсан узяў інтэрв’ю ў Уладзіміра Пуціна. Карлсан, вядомы сваімі ўльтраправымі поглядамі, у 2023 годзе быў звольнены з канала Fox News і з таго часу публікуе свае відэа на платформе X. Як было заяўлена, інтэрв’ю Пуціна выйдзе ў свет у чацвер увечары. Расейскія дзяржаўныя СМІ ў апошнія дні захлыналіся ад захаплення, асвятляючы прыезд амерыканскага тэлежурналіста ў Маскву. Як апасаюцца аглядальнікі, гэты візіт можа падыграць выбарчай кампаніі як Пуціна, так і Трампа. «Для Украіны гэтае інтэрв’ю можа мець найсур’ёзныя наступствы», – асцерагаецца варшаўская Rzeczpospolita.

«Умовы для правядзення інтэрв’ю вызначаў Уладзімір Пуцін, а не Такер Карлсан. Яно праводзіцца ў той час, калі Кангрэс вырашае лёс пакета дапамогі Украіне ў памеры 60 мільярдаў долараў. Калі Пуціну даць магчымасць у такі момант звярнуцца да правага электарату Амерыкі напрамую – з дапамогай інтэрв’ю, пазбаўленага вострых пытанняў і нязручных тэм, то такая прапаганда здольная змяніць ход вайны. Пуцін, хутчэй за ўсё, загаворыць аб перспектыве кампрамісу, спыненні агню ці нават міры. І, зразумела, ён не скажа, што гэта будзе азначаць капітуляцыю Захаду», – падкрэслівае польскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя