BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Гара нарадзіла мыш

Затрыманні на межах Беларусі працягваюцца. Высокапастаўленыя вайскоўцы Ірана заклікалі адмяніць фетву, якая забараняе распрацоўку ядзернай зброі. Парламент Францыі адобрыў спрэчны праект бюджэту.

Здымак ілюстрацыйны

«Затрыманні на межах Беларусі працягваюцца. У людзей правяраюць тэлефоны: сярод іншага, сілавікі глядзяць гісторыю пошуку Google», – піша Polskie Radio.

«Праваабаронцам паведамляюць пра ўзмоцнены кантроль і затрыманні на межах Беларусі з Польшчай і Літвой. Як і раней, у людзей правяраюць тэлефоны: сярод іншага, сілавікі глядзяць гісторыю пошуку Google — іх цікавіць, якія пошукавыя запыты пісаў чалавек. Некалькі дзён таму BYSOL паведамляў пра ўзмоцнены кантроль беларусаў і на выезд, і на ўезд у краіну. Практыка паглыбленых праверак на мяжы для тых, хто вяртаецца ў Беларусь, ужо нікога не здзіўляе, але мы атрымалі інфармацыю аб тым, што сілавікі ўзмацнілі кантроль і праверкі таксама для тых, хто выязджае з краіны», – паведамляе Polskie Radio.


Высокапастаўленыя вайскоўцы вырашылі звярнуцца да вярхоўнага лідара Ірана Алі Хаменеі пасля таго, як Дональд Трамп выбраўся на другі прэзідэнцкі тэрмін. “Мы ніколі не былі так уразлівыя, і гэта можа быць наш апошні шанец атрымаць ядзерную зброю, пакуль не стала занадта позна”, – кажа адна з крыніц The Telegraph.

Адзін з іранскіх чыноўнікаў сказаў выданню, што Хаменеі забараніў як перамовы з ЗША, так і стварэнне ядзернай зброі, што вайскоўцы расцэньвалі як “адзіны спосаб выжывання” рэжыму. Крыніца адзначыла, што Іран ужо некаторы час “знаходзіцца ўсяго ў некалькіх націсках кнопак ад стварэння ядзернай зброі”. Фетва – гэта адзінае абмежаванне, якое перашкаджае стварэнню ядзернай зброі ў Іране. Пра тое, што вярхоўны лідар Ірана забараніў вытворчасць усіх відаў зброі масавага паражэння, стала вядома на Міжнароднай канферэнцыі па ядзерным раззбраенні ў 2005 годзе”, – піша амерыкаканскае выданне.


У снежні ў Францыі спрэчка вакол праекту бюджэту прывяла да падзення тагачаснага ўрада пад кіраўніцтвам Мішэля Барнье. Яго пераемнік на пасадзе прэм’ера Франсуа Байру, падобна, здолеў узяць гэты бар’ер – хай і пасля разлютаваных спрэчак у Нацыянальным cходзе. Яму ўдалося выстаяць падчас двух галасаванняў аб даверы – і ў выніку Сенат зацвердзіў прадстаўлены ўрадам праект бюджэту. Тым не менш, як адзначае прэса, пра стабільнасць тут казаць не даводзіцца. «Калі ўсяго толькі прыняцце бюджэту расцэньваецца як вялізны поспех, то гэта сведчыць аб тым, што планка зададзена вельмі нізка», – так можна падсумаваць меркаванне лонданскай The Daily Telegraph.

«У канчатковым выніку, французскі дзяржаўны апарат сёння па колькасці чыноўнікаў ані не менш, чым на момант прыходу да ўлады Макрона. Дзяржаўны доўг на 17 працэнтных пунктаў ВУП вышэйшы за тагачасны паказчык, а акрамя таго, яму пагражае пастка складанага працэнта. Пенсійны ўзрост усё гэтак жа складае 64 гады. Францыя – па-ранейшаму вялікая нацыя і ў канчатковым выніку яна справіцца з праблемамі. Аднак палітычныя чаканні зараз настолькі нізкія, што поспехам лічыцца сам факт прыняцця бюджэту без вотуму недаверу. Гэтак высокія абяцанні абярнуліся вельмі сціплым вынікам», – піша брытанскае выданне.


Адміністрацыя Трампа палічыла наркакартэлі небяспечней за расейскіх алігархаў. Мінюст ЗША распусціў групу KleptoCapture, якая займалася пошукам і канфіскацыяй актываў грамадзянаў РФ. Так, за два гады спецыялісты арыштавалі ў падсанкцыйных асоб маёмасць на $700 млн. Цяпер KleptoCapture спыніць працу мінімум на 90 дзён. У амерыканскім ведамстве адзначылі, што фінансаванне, якое атрымлівала група, перанакіруюць на барацьбу з наркакартэлямі. Адміністрацыя ЗША працягвае аптымізаваць працу і іншых ведамстваў. Па дадзеных СМІ, новыя меры зноў могуць закрануць USAID, а таксама Міністэрства аховы здароўя.

Як адзначае The Guardian, Мінюст ЗША сфарміраваў мэтавы гурт Klepto Capture вясной 2022-га для выканання антырасейскіх санкцый.

«Гэта было часткай плана адміністрацыі Байдэна па выцясненні Масквы з сусветных рынкаў. Група, у прыватнасці, прад’явіла абвінавачанні былому прэзідэнту “Русала” Алегу Дзерыпаску, уладальніку групы “Царград” Канстанціну Малафееву, а таксама наклала арышт на яхты, якія звязваюць з сенатарам Сулейманам Керымавым і кіраўніком “Рэновы” Віктарам Вексельбергам. Цяпер пракуроры з KleptoCapture вернуцца на свае папярэднія пасады. Распараджэнне будзе дзейнічаць 90 дзён з магчымасцю падаўжэння. Мера можа быць звязана з нядаўнімі заявамі Трампа аб неабходнасці наладзіць адносіны з Масквой. Акрамя таго, Белы дом працягвае скарачаць штат і іншых дзяржаўных ведамстваў. Стала таксама вядома пра ліст, які атрымалі чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя з патрабаваннем падрыхтаваць спісы карысных супрацоўнікаў і патэнцыйных кандыдатаў на звальненне. Пад скарачэнне могуць патрапіць тысячы людзей», – піша выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя