BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Гістарычнае рашэнне

У Беларусі праходзяць тактычныя вучэнні з баявой стральбой. EСПЧ прызнаў права чалавека на абарону клімату. Чэхія і Славакія вакол выбараў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Брыгадна-тактычнае вучэнне з баявой стральбой стартавала ў Беларусі», – перадае азербайджанскае выданне Azernews.

«Вучэнні пачаліся 9 і завершацца 11 красавіка, ды пройдуць на палігонах і ўчастках мясцовасці ў Віцебскай, Гарадзенскай, Берасцейскай і Магілёўскай абласцях у рамках комплекснай праверкі баявой гатовасці злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных Сіл Беларусі. Падчас вучэнняў падраздзяленні адпрацуюць абарончыя дзеянні, у прыватнасці адбіццё наступу ўмоўнага праціўніка, знішчэнне незаконных узброеных фармаванняў, дыверсійна-разведвальных груп, а таксама нанясенне агнявога паражэння перадавых атрадаў праціўніка і агнявой падтрымкі войскаў, якія абараняюцца. Як падкрэслілі ў Мінабароны, гэта ключавы этап праверкі боегатовасці Узброеных Сіл Беларусі. У ім удзельнічаюць танкавыя і інжынерныя воінскія часці і часці 6-й асобнай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання. Яны гатовы выконваць задачы па прызначэнні», – сочыць за сітуацыяй азербайджанскае выданне.

У чалавека ёсць права на абарону клімату. Такое рашэнне Еўрапейскага суда па правах чалавека (ЕСПЧ), прынятае ў аўторак. ЕСПЧ асудзіў Швейцарыю за недастатковыя меры ў сферы аховы клімату, і тым самым невыкананне правоў чалавека на абарону ад негатыўных наступстваў змены навакольнага асяроддзя. Пазоў быў пададзены швейцарскай асацыяцыяй KlimaSeniorinnen Schweiz (Швейцарскія пенсіянеркі за абарону клімату). Гэты сігнал будзе пачуты не толькі ў Еўропе», –  піша міланскі каталіцкі веснік Avvenire.

«Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ), гэты орган Рады Еўропы з яго 46 дзяржавамі-ўдзельніцамі, упершыню прыняў рашэнне, якое задавальняе пазоў групы грамадзян, накіраваны супраць бяздзейнасці іх урада ў справе барацьбы са зменай клімату. І гэтае рашэнне ўвойдзе ў гісторыю. Рашэнне страсбургскіх суддзяў стане прэцэдэнтам і для іншых міжнародных судоў. Так, у Міжнародным судзе ААН і Міжамерыканскім судзе па правах чалавека ўжо чакаюць разгляду некалькі падобных скаргаў», – адзначае італьянскае выданне.

Палітычныя падзеі ў суседняй Славакіі выклікаюць у Чэхіі ўсё больш пытанняў: спачатку на пасаду кіраўніка славацкага ўрада вярнуўся Роберт Фіцо, а затым яго паплечнік Петэр Пелегрыні быў абраны прэзідэнтам. Незвычайна блізкія адносіны дзвюх краін, аб’яднаных агульнай гісторыяй, цяпер падвяргаюцца выпрабаванням, і перш за ўсё з-за розных пазіцый у дачыненні да пуцінскай Расеі. «Апаненты ўрада Фіцо цяпер маюць патрэбу ў падтрымцы з боку Чэхіі», – лічыць пражская “Эканамічная газета”.

«Для таго каб у бліжэйшыя гады ў славацкім грамадстве меўся належны ўзровень плюралізму і супраціўляльнасці, неабходна аказваць падтрымку тамтэйшым незалежным СМІ і НДА. Чэшскія СМІ павінны падтрымаць сваіх славацкіх калег – з тым каб тыя захавалі сваю незалежнасць. З чэшскай перспектывы гаворка, па сутнасці, ідзе аб самаабароне. Тое, што робіць Фіцо, несумненна, будзе з’яўляцца прыкладам для пераймання і для некаторых палітыкаў у Чэхіі. Таму барацьба за тэлерадыёкампанію RTVS можа ў нейкай ступені прадвызначыць тое, які лёс можа чакаць у будучыні і чэшскае грамадскае радыё і тэлебачанне», – адзначае чэшскае выданне.

У прыгарадзе Афінаў перад паліцэйскім участкам былы партнёр забіў 28-гадовую жанчыну, нанёсшы ёй шматлікія нажавыя раненні. Літаральна перад гэтым яна прасіла паліцыянтаў адвезці яе дадому, паколькі баялася за сваё жыццё, але тыя параілі ёй патэлефанаваць у службу паліцэйскай экстранай дапамогі, дзе яе разгарнулі, заявіўшы ‘Мы вам не таксі’. Грэцкая прэса бачыць фундаментальныя праблемы ў рабоце паліцыі. Грэчаскае выданне  Protagon  наракае на тое, што паліцыянты не выконваюць свае абавязкі.

«Паліцэйскі патрульны аўтамабіль – вядома, не таксі. Хаця многія таксісты, калі можна так сказаць, у нейкім сэнсе бяруць на сябе ролю паліцэйскіх. Але ж паліцыянтам плацяць за тое, каб яны забяспечвалі нам абарону, і гэта не пытанне спагады. Калі ты просіш іх аб дапамозе, то дапамагчы – іх абавязак. Службовыя інструкцыі не прадугледжваюць ператварэння паліцыянта аўтамабіля ў таксі, але ў вызначаных абставінах ён павінен такім стаць», – піша грэчаскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка