У Беларусі вызвалілі яшчэ двух палітвязняў і грамадзяніна ЗША. Краіны Балтыі адключаюцца ад расейскай энергасеткі. Амерыканскія пошліны на метал: як рэагаваць Еўропе? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«У Беларусі вызвалілі журналіста «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка, актывістку Алену Маўшук і аднаго грамадзяніна ЗША. Вызвалення Кузнечыка дамаглася адміністрацыя Трампа», – паведамляе Meduza.
«Гэта радасны дзень для Андрэя, ягонай жонкі і іх двух маленькіх дзяцей. Пасля больш чым трохгадовага расстання гэтая сям’я зноў разам дзякуючы прэзідэнту Трампу. Акрамя яго ў Беларусі вызвалілі актывістку Алену Маўшук, а таксама аднаго неназванага грамадзяніна ЗША. Лідар беларускай апазіцыі ў выгнанні Святлана Ціханоўская паведаміла, што ўсе трое ўжо ў Літве. Кузнечыка затрымалі ў лістападзе 2021 года. Журналіста абвінавацілі ў “стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзелу ў ім”, у чэрвені 2022 года яго прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі. Маўшук судзілі па артыкуле аб удзеле ў масавых беспарадках. Ёй таксама прызначылі шасцігадовы тэрмін», – піша расейскае незалежнае выданне.
Гэты крок – вельмі няпросты ў тэхнічных адносінах і які патрабуе працяглай падрыхтоўкі – быў ажыццёўлены ў гэтыя выходныя гладка і без перабояў: у суботу Эстонія, Латвія і Літва адключылі свае энергасістэмы ад постсавецкай сістэмы энергазабеспячэння БРЭЛЛ і сінхранізавалі мясцовыя электрасеткі з Еўропай. Аглядальнікі называюць гэты пераход гістарычным, але падкрэсліваюць і тое, што з ім звязаны новыя выклікі. «Гэта яшчэ адно важнае сведчанне суверэнітэту», – лічыць парталаFrance Inter.
«Падключэннем да еўрапейскай сеткі тры балтыйскія дзяржавы завяршаюць свой гістарычны разварот, пачаты імі тады, калі яны павярнуліся спінай да Савецкага Саюза, а затым і Расеі. Украіна і невялікая Рэспубліка Малдова таксама пераарыентавалі сваё энергазабеспячэнне на Еўропу, паколькі былы вялікі брат Расея зноў стаў пагрозай. Без асаблівага шуму і ажыятажу гэтая новая Еўропа фармуецца і зрошчваецца ўсё шчыльней, такое адно з наступстваў лёсавызначальнай рашэння Пуціна напасці на Украіну. А для Расеі гэта – горкая страта», – падкрэслівае французскае выданне.
З 4 сакавіка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп уводзіць 25-працэнтныя пошліны на імпарт у краіну сталі і алюмінію. Гэта азначае, што новая мытная палітыка Трампа ўпершыню закране і Еўропу – як у плане яе ўласнага экспарту ў Злучаныя Штаты, так і ў плане таго, што цяпер на еўрапейскі рынак пачнуць пастаўляць сваю прадукцыю і трэція краіны. Рыжская Latvijas Avīze раіць мякка рэагаваць, а таксама заўважае, што давядзецца шукаць іншых гандлёвых партнёраў.
«Лепш за ўсё было б адказаць як мага мякчэй – напрыклад, павышэннем падаткаў для філіялаў амерыканскіх кампаній на тэрыторыі Еўрапейскага звязу. Можна было б таксама пастанавіць, што шанцы на збыт аўтамабіляў Tesla у краінах ЕЗ непасрэдна ўвязаны з выплатай гэтых падаткаў. Гэта, вядома, уступіць у некаторую супярэчнасць з ідэаламі Зялёнага курсу, аднак той у любым выпадку яшчэ давядзецца ў той ці іншай ступені пераглядаць у бок рэалізму – пра гэта гаворыцца ўжо на афіцыйным узроўні. Другім наступствам мытнай вайны стане тое, што Еўразвязу давядзецца выбудоўваць гандлёвыя адносіны з іншымі, больш прадказальнымі партнёрамі, напрыклад з Кітаем ці, на жаль, нават Расеяй», – наракае латвійскае выданне.
У Парыжы завяршыўся саміт па пытаннях штучнага інтэлекту. Па яго выніках было заяўлена пра запланаваныя мільярдныя інвестыцыі ў гэтую сферу, аднак заключнага камюніке, падпісанага ўсімі краінамі-ўдзельніцамі, у выніку не было. У той час як віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс перасцярог ад “празмернага рэгулявання”, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон выступіў з ініцыятывай стварэння “рамак даверу”, закліканай абараняць недатыкальнасць прыватнага жыцця, а таксама аўтарскія правы. «Нарэшце Еўропа пераходзіць у наступ», – цешыцца брусельская газета L’Echo.
«У апошнія пару дзён падзьмуў свежы вецер. Як аказалася, калі загнаць Стары Свет у кут, то ён цалкам можа паказаць зубы. На саміце па штучным інтэлекце ў Парыжы было заяўлена пра інвестыцыі ў дадзены сектар у памеры больш за 300 мільярдаў еўра, палова з якіх давядзецца на беспрэцэдэнтны альянс паміж еўрапейскімі прамысловымі і тэхналагічнымі кампаніямі. Такім чынам Еўропа можа з высока паднятай галавой даць свой адказ на сенсацыйную аб’яву Вашынгтона аб ‘Stargate’ – ініцыятыве пад кіраўніцтвам OpenAI, у якую будзе ўкладзена 500 мільярдаў даляраў. Гэта – моцнае еўрапейскае рашэнне на карысць новай эканомікі. Так што варта яго павітаць!», – піша бельгійскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






