Як жыве польскі пасёлак, дзе закрылі памежны пераход з РБ. Парыж і Лондан: стварыць сумесную ўкраінскую місію. Эстонія пазбавіла выбарчага права грамадзян Расеі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Пасёлак Белавежа ў Падляшскім ваяводстве – усяго за паўтара кіламетра ад Беларусі, раней адтуль можна было прыехаць на веласіпедзе або прыйсці пешшу. Але ў сакавіку 2020 года Польшча закрыла межы з Беларуссю з-за пандэміі каранавіруса, і большасць пагранпераходаў не аднавілі працу», – перадае DW.
«Побач з Белавежай з 2005 года тут працаваў пешаходна-веласіпедны пункт пропуску, але зараз ён зачынены, а на мяжы з-за міграцыйнага крызісу, учыненага ўладамі РБ, дзейнічае буферная зона. Мясцовы жыхар расказвае, што раней у Белавежы можна было ўбачыць мігрантаў, у тым ліку сем’і з дзецьмі. Цяпер іх няма. “Пакуль усё нармальна, спадзяюся, горш не будзе”, – кажа мужчына. Аб блізкасці Белавежы да мяжы нагадваюць ваенныя верталёты над пасёлкам і машыны пагранічнай службы. Некаторыя мясцовыя жыхары вінавацяць СМІ ў тым, што летам 2024 года яны “раздзьмулі” навіну аб стварэнні буфернай зоны, і турысты адмовіліся ад паездак у Белавежу. Пазней пачалася маштабная рэкламная кампанія, турысты вярнуліся, але шмат каго, па-ранейшаму, трывожыць блізкасць да Беларусі», – перадае DW.
Каля трыццаці дзяржаў прынялі ўдзел у нарадзе па аказанні далейшай падтрымкі Украіне, якая адбылася ў Парыжы. Наконт адпраўкі міратворчых войскаў для забеспячэння магчымага перамір’я згоды дасягнута не было. Аднак прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў аб падрыхтоўцы французска-брытанскай місіі. З гэтай мэтай у найбліжэйшыя дні ва Украіну адправяцца эмісары абедзвюх краін. Па меркаванні Stuttgarter Zeitung, ‘кааліцыя жадаючых’ – гэта ўсяго толькі папяровы тыгр.
«Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон ахвотна ўзначаліў бы кааліцыю, але ён павінен прызнацца самому сабе, што пакуль што акрамя гучных слоў ён мала чым змог дапамагчы абарончай барацьбе Украіны. У лічбах: Парыж, Мадрыд і Рым пакуль што ў сукупнасці выдзелілі на падтрымку Украіны менш сродкаў, чым маленькая Данія. А яшчэ ёсць магутная Германія, якая на дадзены момант занята найперш самой сабой. Няясным застаецца не толькі пытанне аб фінансаванні дапамогі – не менш размытымі з’яўляюцца і ідэі пра тое, як можна было б ваенным спосабам гарантаваць магчымае спыненне агню паміж Украінай і Расеяй», – піша нямецкае выданне.
Эстонскі парламент унёс змены ў канстытуцыю краіны і тым самым пазбавіў права голасу на муніцыпальных выбарах грамадзян Расеі і краін, якія не ўваходзяць у Еўразвяз. У Эстоніі пражывае каля 80 тысяч грамадзян РФ. Талінская Postimees ухваляе рашэнне, прынятае парламентам.
«У дадзеным выпадку хуткая рэакцыя была адзіным выхадам, таму што напад Расеі на Украіну парадаксальным чынам адкрыла для нас гістарычную магчымасць умацаваць сваю дзяржаўнасць. Але, хутчэй за ўсё, гэтае гістарычнае акно прабудзе адчыненым нядоўга, і добра, што нягледзячы на доўгія сваркі, мы змаглі ім скарыстацца. Прайшло 34 гады з таго часу, як Эстонія аднавіла сваю незалежнасць. Гэта дастаткова часу для таго, каб вывучыць эстонскі, азнаёміцца з эстонскімі традыцыямі – і падаць заяўку на атрыманне эстонскага грамадзянства. Спадзяемся, што нядаўняе рашэнне парламента стане дадатковым стымулам для тых, хто гэтага яшчэ не зрабіў», – падсумоўвае эстонскае выданне.
Дональд Трамп ажыццявіў сваю пагрозу ў жыццё: з пачатку красавіка ЗША паднімуць пошліны на імпарт аўтамабіляў і запчастак да іх да 25 працэнтаў. Гэтым крокам Трамп мае намер не толькі атрымаць дадатковы даход у казну, але і ўмацаваць амерыканскую аўтамабільную прамысловасць, а таксама стварыць працоўныя месцы, заахвоціўшы замежных вытворцаў адчыняць заводы ў Злучаных Штатах. «Трамп здзяйсняе лагічную памылку», – адзначае парыжскі штотыднёвік La Tribune.
«Паколькі ЗША экспартуюць сваю валюту і каштоўныя паперы, узамен ім даводзіцца імпартаваць тавары і паслугі. Такім чынам, гандлёвы дэфіцыт ЗША з’яўляецца вынікам не столькі заняпаду амерыканскай прамысловасці, колькі крайняй спецыялізацыі фінансавага сектара. Вельмі сумна, што Дональд Трамп не разумее наступнага: гандлёвы дэфіцыт Злучаных Штатаў – гэта ўмова для таго, каб ЗША “зноў сталі вялікімі”. Менавіта гэты дэфіцыт дазваляе амерыканскім спажыўцам набываць разнастайныя тавары і паслугі па выгадных коштах – і з’яўляецца невычэрпнай крыніцай фінансавання інавацый, якія і служаць ключом да павышэння прадукцыйнасці і росту», – піша французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






