BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Ісціны аўтакратыі

Дыктатура Беларусі для паўсвету. Еўрапейская абарона. Пратэсты ў Турцыі: чым усё абернецца?

«У Менску прайшла сёмая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. У сваёй прамове, якая працягнулася каля паўгадзіны, ён зноў дзякаваў прыхільнікам, якія дапамаглі яму ўтрымаць уладу ў 2020 годзе, і супернікам, якія “працягваюць з-за мяжы вучыць нас жыццю”, – перадае DW.

Здымак ілюстрацыйны

“Паўсвету марыць аб нашай дыктатуры, – перакананы Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе больш як 30 гадоў. – Дэмакратыі ў нас больш, чым у тых, хто называе сябе яе эталонам”. Паводле слоў Лукашэнкі, за апошнія пяць гадоў у Беларусі сфарміраваўся “стандарт”, які можа служыць “міжнародным эталонам” правядзення выбараў. Паводле афіцыйных звестак ЦВК, на выбарах 26 студзеня ён набраў больш за 86% галасоў. Як і вынікі 2020 года, яны не былі прызнаны ў ЕЗ і ЗША», – перадае DW.


Трамп вядзе перамовы з Пуціным наконт заканчэння вайны ва Украіне, а НАТА знаходзіцца ў экзістэнцыйным крызісе з-за цяперашняй палітыкі Злучаных Штатаў. На фоне ўсіх гэтых падзей краіны Еўрасаюза вядуць дыскусіі аб нарошчванні ўзбраенняў, агульнай абароне – і далейшай падтрымцы Кіева. «Калі Еўрасаюз хоча стаць важным актарам у знешняй палітыцы, адным толькі нарошчваннем узбраенняў тут не абысціся», – указвае берлінская Die Welt.

«Разам з ваеннай моцай патрэбны яшчэ і новыя камандныя структуры ў рамках ідэі Еўрапейскага абарончага саюза, якая абапіраецца на старую мадэль “Еўропы дзвюх хуткасцей”. Бо не адміністрацыйны апарат Еўразвяза павінен займацца пытаннямі абароны, для гэтага неабходна стварыць менш грувасткую інстытуцыю. Пад яе эгідай збяруцца толькі ахвотныя, якія будуць прытрымлівацца прынцыпу большасці. У адрозненне ад Еўрасаюза, у гэтай структуры не павінна быць такіх дзяржаў, як Венгрыя, якая ўсіх толькі тармозіць, або як Іспанія, якая размывае агульны парадак дня. Стварыць падобную структуру не так ужо і складана. Для гэтага патрэбная толькі палітычная воля», – піша нямецкае выданне.


У панядзелак у Турцыі працягнуліся масавыя маніфестацыі супраць арышту палітыка Экрэма Імамаглу і зняцця яго з пасады мэра Стамбула. Улады затрымалі больш за тысячу дэманстрантаў. У нядзелю апазіцыйная Рэспубліканская народная партыя вылучыла Імамаглу сваім кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2028 года. Ён лічыцца галоўным канкурэнтам дзейнага прэзідэнта Эрдагана, які ўжо доўгія гады знаходзіцца ва ўладзе. «У народных пратэстаў не вельмі шмат шанцаў на перамогу», – лічыць венская Der Standard.

«Эрдагану вядомы рэцэпт таго, як дамагчыся кантролю над прэсай, правасуддзем і войскам – і выкарыстоўваць усё гэта для таго, каб вечна заставацца ва ўладзе. У канчатковым рахунку, у пытанні аб тым, хто пераможа – дыктатар або народ, вырашальным фактарам аказваецца не колькасць дэманстрантаў, але ступень адданасці бліжэйшых прыхільнікаў уладара, і перш за ўсё – арміі. Большасць уладароў засвоіла гэтае нескладанае правіла і паклапацілася аб тым, каб шэрагі іх прыхільнікаў былі згуртаванымі. Умяшанне звонку, напрыклад, з Еўрасаюза, рэдка да чаго-небудзь прыводзіць, і нават здольна нашкодзіць, калі прапагандысцкай машыне дадуць падставу зноў пагаварыць аб тым, што апазіцыя кантралюецца замежнымі дзяржавамі», падсумоўвае аўстрыйскае выданне.


Грэнландыю чарговы раз наведаюць госці з ЗША: у чацвер у краіну мае намер прыехаць Уша Вэнс, жонка віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Ды Вэнс. Дарадца ЗША па нацыянальнай бяспецы Майк Уолтц і міністр энергетыкі Крыс Райт таксама заявілі аб сваім намеры прыбыць з візітам у Нуук. Прэм’ер-міністр Мутэ Эгедэ, які працягвае займаць сваю пасаду пасля выбараў у Грэнландыі, бачыць у гэтым небяспечную “правакацыю”, тым больш што Трамп неаднаразова заяўляў аб тым, што Злучаныя Штаты “так ці інакш” захопяць востраў. Стакгольмская Aftonbladet дзеліцца наступнымі меркаваннямі.

«У мінулыя выходныя віцэ-прэзідэнт Вэнс узмацніў жорсткасць сваёй рыторыкі ў адрас Грэнландыі і Даніі. У інтэрв’ю тэлеканалу Fox News ён заявіў, што ЗША могуць “узяць пад кантроль Грэнландыю”, калі прэзідэнт Трамп палічыць гэта неабходным для забеспячэння бяспекі Злучаных Штатаў. Гэтыя выказванні супярэчаць шматлікім міжнародным законам і прынцыпам. Адміністрацыя Трампа, вядома ж, ведае пра гэта, але яна відавочна ігнаруе наступствы. Уша Вэнс – разумная жанчына, якая дакладна ведае, што робіць. Той факт, што яна з прамяністай усмешкай на твары дапамагае разбураць сусветны парадак, робіць сітуацыю яшчэ менш прыемнай», – піша шведскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя