- Беларусь актыўна садзейнічае Расеі ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей
- Ваеннае становішча на адну ноч: ці стабільная Паўднёвая Карэя?
- Урадавы крызіс у Францыі
«Беларускі рэжым і асабіста прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка мае дачыненне да перамяшчэння, індактрынацыі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей у інтарэсах расейскай палітыкі выкаранення ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе “Украдзенае дзяцінства: як беларускі рэжым сцірае ідэнтычнасць украінскіх дзяцей”, падрыхтаваным міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Freedom House сумесна з украінскім праваабарончым цэнтрам ZMINA, Рэгіянальным Цэнтрам па правах чалавека сумесна з беларускім праваабарончым цэнтрам “Вясна” і пры садзейнічанні BELPOL», – перадае Руская служба Голас Амерыкі.
«У дакладзе адзначаецца, што найважнейшую ролю ў фінансаванні і арганізацыі незаконных перамяшчэнняў украінскіх дзяцей адыгрывае кіраўніцтва так званай “Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі” – інтэграцыйнага праекта, які дэкларуе асаблівае палітычнае, эканамічнае і ваеннае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Удалося ідэнтыфікаваць 2219 украінскіх дзяцей, якія былі ў гэты перыяд перамешчаныя ў Беларусь, аднак перасоўванні працягваюцца, і іх колькасць цяпер значна большая. Роля Беларусі ў гэтым працэсе пакуль застаецца адносна незаўважнай для міжнароднай грамадскасці, што дазваляе афіцыйнаму Менску эфектыўна ажыццяўляць працэс “перавыхавання” ўкраінскіх дзяцей, пазбягаючы адказнасці за свае злачынствы. Аўтары даклада звяртаюць увагу на той факт, што беларускія ўлады афіцыйна называюць вываз украінскіх дзяцей у Беларусь “рэабілітацыяй” і “адпачынкам”, аднак самыя вялікія групы дзяцей перавозяцца не летам, а менавіта восенню і вясной, калі ідуць заняткі ў школах. Рэжым змяшчае ўкраінскіх дзяцей у беларускія навучальныя ўстановы, дзе мовай навучання з’яўляецца руская, а вучэбная праграма прапагандуе “рускі свет” і іншыя расейскія наратывы. Вывезеных у Беларусь украінскіх дзяцей падвяргаюць «дэўкраінізацыі», пераконваючы іх, што ўкраінцы «насамрэч» расейцы, адмаўляючы існаванне ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасці. Акрамя таго, дзяцей саміх выкарыстоўваюць у якасці інструмента прапаганды», – перадае Руская служба Голас Амерыкі.
У аўторак увечары прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль нечакана ўвёў у краіне ваеннае становішча. Яго заява, перададзеная па тэлебачанні, прагучала для ўсіх як гром сярод яснага неба. Сваё рашэнне прэзідэнт абгрунтаваў тым, што апазіцыя сімпатызуе Паўночнай Карэі і наўмысна ставіць палкі ў колы ўраду. Некалькімі гадзінамі пазней парламент прагаласаваў за адмену ваеннага становішча, і прэзідэнт пайшоў на папятную. У сваім артыкуле на партале Onet.pl Багуслаў М. Маеўскі, былы амбасадар Польшчы ў Сінгапуры, дыпламат, які працаваў у ЗША і Брусэлі, піша пра тое, што тое, што адбываецца, стане выпрабаваннем на трываласць для карэйскай дэмакратыі.
«З моманту ўтварэння Паўднёвай Карэі ў 1948 годзе гэта ўжо дзясяты раз, калі ў краіне ўводзіцца ваеннае становішча. І кожны раз гэты крок быў рэакцыяй на ўнутраную напружанасць у краіне. Але апошні раз ваеннае становішча ўводзілася 43 гады таму! Гэта значыць, амаль два пакаленні паўднёвакарэйцаў выраслі, не маючы ўяўлення аб тым, што такое ваеннае права, што такое адмена ўсіх палітычных правоў, свабоды слова і прыпыненне працы канстытуцыйных органаў. Бліжэйшыя дні пакажуць, ці дастаткова моцная дэмакратыя ў Паўднёвай Карэі для таго, каб даць адпор дыктатуры», – гаворыцца ў артыкуле польскага партала.
У парламенце Францыі ўзнята пытанне аб даверы ўраду, прычым пададзена адразу дзве такія заявы. Галасаванне чакалася ў сераду. Калі левым апазіцыйным партыям разам з правапапулісцкім Нацыянальным аб’яднаннем атрымаецца адхіліць ад улады кабінет Мішэля Барнье, то прэзідэнту Макрону давядзецца прызначаць новага кіраўніка ўрада. А ці будзе ў таго большасць у парламенце – гэта пытанне адкрытае. «Для Еўразвяза французскі крызіс выліўся вельмі не своечасова», – адзначае барселонская El Periódico de Catalunya.
«Усё гэта адбываецца незадоўга да ўступлення на пасаду прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і напярэдадні выбараў у бундэстаг у Нямеччыне. Еўропа страчвае канкурэнтаздольнасць – перазагрузка даецца ёй з цяжкасцю. На гэтым фоне эканамічныя і палітычныя складанасці на абодвух полюсах германа-французскага тандэму – вельмі кепскія навіны. Французскі крызіс таксама дадасць клопатаў новай Еўракамісіі пад кіраўніцтвам Уршулі фон дэр Ляйен. У гэтай сітуацыі найважнейшыя палітычныя сілы, якія падтрымліваюць Еўразвяз – сацыялісты, Народная партыя, лібералы і зялёныя – павінны задумацца над тым, як паставіць заслон папулізму, які пагражае далейшаму існаванню супольнасці», – піша каталонскае выданне.
Па выніках парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў Румыніі, найбуйнейшай палітычнай сілай краіны стала Сацыял-дэмакратычная партыя, якая атрымала 22 працэнты галасоў. Цяпер яна можа стварыць чатырохпартыйную кааліцыю з трыма іншымі буйнымі традыцыйнымі партыямі. Варта адзначыць, аднак, што тры правапапулісцкія партыі набралі ў суме каля 32 працэнтаў. Тым часам Канстытуцыйны суд зацвердзіў вынікі першага туру прэзідэнцкіх выбараў, а гэта азначае, што правы папуліст Кэлін Джорджэску будзе ўдзельнічаць у другім туры галасавання, прызначаным на нядзелю. «Вынікі выбараў – гэта пратэст супраць выпустошвання дзяржавы», – такая выснова гучыць у блогу бухарэсцкай газеты Libertatea.
«Мінімальная дзяржава – гэта не абавязкова дзяржава, якая марнуе мала грошай. Наадварот, гэта – дзяржава, якая марнуе шмат грошай, але на падтрымку эканомікі, а не на фінансаванне такіх важных сфер публічнай цікавасці, як ахова здароўя і адукацыя. Гэта дзяржава аўтабанаў, а не румынскіх чыгунак ці грамадскага транспарта. Гэта дзяржава рэзідэнцый службоўцаў, а не сацыяльнага жылля. Многія людзі ў Румыніі больш не адчуваюць прысутнасці дзяржавы ў сваім жыцці. І ў першую чаргу гэта датычыцца сярэдняга класа, які аказаўся ў няпростым становішчы, не атрымліваючы ні сацыяльных выплат, ні плюсаў ад ускосных расходаў дзяржавы», – піша румынскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя, Вольга Сямашка