BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Як не сысці з рэек

МЗС Расеі папярэджвае пра ўзмацненні правакацыйнай актыўнасці НАТА на беларускіх межах. 49% расейцаў гатовы падтрымаць вывад войскаў РФ з тэрыторыі Украіны. Белы дом: ваенная эскалацыя – не ў інтарэсах Ізраіля. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Здымак ілюстрацыйны

«МЗС Расеі папярэдзіў аб узмацненні правакацыйнай актыўнасці NATO на беларускіх межах, выказаўшы заклапочанасць Расеі з гэтай нагоды», – піша арабскае выданне Syrian Arab News Agency.У заяве прэс-сакратара міністэрства Марыі Захаравай гаворыцца: «Масква з належнай увагай ставіцца да інфармацыі, якая паступае аб становішчы ўкраінскіх войскаў у памежнай зоне нашага саюзніка Беларусі, і ведае пра правакацыі, якія працягваюцца з выкарыстаннем беспілотнікаў». «Захарава нагадала краінам Захаду, што ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі прадугледжвае сумесную абарону з выкарыстаннем усіх сіл і сродкаў. Яна падкрэсліла, што «варожыя дзеянні Кіева вымушаюць беларускі бок выкарыстоўваць узброеныя сілы для выканання задач па забеспячэнні бяспекі тэрыторыі рэспублікі і яе грамадзян». Захарава пацвердзіла, што «практычная рэалізацыя любых агрэсіўных сцэнарыяў супраць Беларусі багатая цяжкімі наступствамі не толькі для нацысцкай Украіны, але і для яе спонсараў», – піша арабскае выданне.

49% расейцаў заявілі, што гатовыя падтрымаць вывад войскаў Расеі з Украіны і мірныя перамовы з Кіевам без дасягнення мэтаў СВА. Не гатовы падтрымаць гэтае рашэнне 33% удзельнікаў апытання. Яшчэ 18% рэспандэнтаў не змаглі адказаць на гэтае пытанне», – такія высновы даследавання праектаў «Хронікі» і Extreme Scan да двухгоддзя з пачатку мабілізацыі ў Расеі прыводзіць незалежнае выданне Meduza.

«Аўтары даследавання адзначаюць, што доля расейцаў, гатовых падтрымаць вывад войскаў РФ, дасягнула максімуму з моманту пачатку такіх апытанняў у лютым 2023 года. Так, у кастрычніку мінулага года аб падтрымцы гэтага рашэння заявілі 39% апытаных, супраць выказаліся 33%, устрымаліся – 27%.

Акрамя таго, 63% расейцаў хацелі б, каб мірны дагавор з Украінай з узаемнымі саступкамі быў заключаны ў бліжэйшы год. Пры выбары паміж новай хваляй мабілізацыі і заключэннем міру большая частка рэспандэнтаў (49%) выбрала б мір, і толькі 29% – новую хвалю мабілізацыі. Пры гэтым колькасць апытаных, якія заяўляюць аб гатовасці ўдзельнічаць у вайне па загадзе Мінабароны РФ, упала з 42% (дадзеныя апытання ў лютым 2023 года) да 32%. Доля тых, хто гаворыць, што не гатовы ваяваць, вырасла з 20% да 29%», – піша расейскае незалежнае выданне.

Служба навін VoA прыводзіць меркаванне Белага дома, якое наўпрост перадае ўстрывожанасць эскалацыяй канфлікту на мяжы з Ліванам. Прынамсі так у нядзелю заявіў прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі на фоне напружанасці на мяжы паміж Ізраілем і Ліванам, якая расце, што выклікае афіцыйныя асцярогі поўнамаштабнай вайны.

«Ізраіль і ліванская групоўка «Хезбала», якая падтрымліваецца Іранам, удзельнічаюць у хутка нарастаючым абмене ўдарамі, уключаючы інтэнсіўны начны ракетны абстрэл паўночнай часткі Ізраіля, які, па дадзеных ізраільскіх вайскоўцаў, прымусіў сотні тысяч людзей схавацца ў бамбасховішчах. «Напружанне цяпер значна вышэйшае, чым было ўсяго некалькі дзён таму», — сказаў Кірбі. Яно рушыла ўслед за паветраным ударам па Бейруце ў пятніцу, у выніку якога загінулі 45 чалавек, уключаючы камандзіраў «Хезбалы», а таксама ўслед за разбуральнымі выбухамі сродкаў сувязі па ўсім Ліване ў пачатку тыдня, у выніку якіх загінулі 39 чалавек і амаль 3000 былі параненыя. Ізраіль заявіў пра намер засяродзіць сваю ўвагу на «Хезбале» пасля амаль года памежных баявых дзеянняў, якія пачаліся ў кастрычніку, пасля таго як палесцінская ўзброеная групоўка ХАМАС здзейсніла беспрэцэдэнтны напад на Ізраіль, што стала прычынай вайны ў Газе», – перадае амерыканская служба навін.

Трыццаць гадоў таму была распрацавана яе канцэпцыя, дваццаць гадоў таму, да моманту ўступлення трох краін Балтыі ў ЕЗ, гэты маштабны праект ужо лічыўся адным з прыярытэтных. Але як бы там ні было, будаўніцтва Rail Baltica – высакахуткаснай чыгуначнай магістралі са стандартнай еўрапейскай каляінай і агульнай даўжынёй 870 км, якая павінна была злучыць Эстонію, Латвію і Літву з Польшчай, – прасоўваецца павольна, у той час як выдаткі на праект выраслі ўжо да 15 мільярдаў еўра. І першым чынам праект стопарыцца ў Рызе і яе наваколлях. Талінская Postimees настойвае на паскораным будаўніцтве чыгуначнай магістралі, пры неабходнасці нават з часовымі рашэннямі на некаторых участках.

«Сутнасцю хуткаснай чыгункі, якая злучае Эстонію з Цэнтральнай Еўропай, з самага пачатку было забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, а не толькі камфорт пасажыраў ці эканамічныя інтарэсы. У цяперашняй сітуацыі з бяспекай у нас і на самой справе няма лішняга часу для таго, каб і далей адсоўваць завяршэнне будаўніцтва магістралі. Прыблізны перанос тэрмінаў на 2030-я гады непрымальны. Але кірунак слушны, і падобна, што ўсё лішняе для завяршэння будаўніцтва магістралі будзе адкладзена ці скарочана. Латвіі ў кожным выпадку таксама давядзецца змірыцца з тым, што пакуль што магістраль не будзе праходзіць праз Рыгу», – адзначае эстонскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка