- Шыман Галоўня прыняў «нелегальных мігрантаў» на афіцыйным калядным прыёме
- Вайна ва Ўкраіне: якія вынікі 2023 года?
- Ультраправы вектар набірае вышыню
- Уплыў на свет – Кітай ці ЗША?

Спікера польскага парламента Шымона Галоўню раскрытыкавалі за тое, што ён прыняў на калядным прыёме для «людзей у нястачы» ў галоўным будынку парламента «нелегальных мігрантаў», якія ўехалі ў Польшчу праз беларускую мяжу. «На думку кансерватыўнай апазіцыі PiS, гэта было крокам, які заахвочвае і легітымізуе нелегальную міграцыю», – піша бельгійскае выданне Brussels Signal.
„Прысутнасць мігрантаў на прыёме ў парламенце сведчыць пра тое, што палітыка ўрада рухаецца да падыходу, які працуюць на «ўключэнне, інтэграцыю і разуменне». Польскія суды паставілі пад сумнеў выкарыстанне адцісканняў на мяжы, і ў мінулым месяцы Галоўня назваў такія дзеянні «незаконнымі і бесчалавечнымі». Ён заклікаў спыніцца, падкрэсліўшы, што «мяжа павінна быць шчыльнай і бяспечнай». Прыём нелегальных мігрантаў у Галоўні выклікаў тысячы каментароў у сацыяльных сетках, у тым ліку палітыкаў і журналістаў. Міграцыя была галоўнай праблемай на выбарах у кастрычніку, калі ПіС абвінаваціла партыі, якія падтрымлівалі Дональда Туска, у тым, што яны жадаюць заняць больш мяккую пазіцыю ў дачыненні да міграцыі, чым пазіцыя сыходзячага ўрада ПіС. Тагачасная апазіцыя пад кіраўніцтвам Туска разам з жорстка правай партыяй Канфедэрацыя ў адказ абвінавацілі ПіС у «крывадушнасці», паколькі яе ўрад дапусціў каля 250 000 замежных рабочых, а некаторыя з іх атрымалі візы незаконна”, – нагадвае бельгійскае выданне.
У адрозненне ад папярэдняга 2022 года, у адыходным годзе вялікіх змен на фронце ва Украіне не адбылося, а баявыя дзеянні, як бачыцца аглядальнікам, застапарыліся. Прэса піша пра тое, якія змены ўсё ж такі можна адзначыць, і якія высновы па вайне ва Украіне напрошваюцца. «Для Украіны гэта быў складаны год», – падагульняе капенгагенская газета Politiken.
«Насельніцтва Расеі ўтрая большае, і нават звыш таго, а яе эканоміка пераведзена на ваенныя рэйкі. Захад мае праблемы з прадастаўленнем Ўкраіне неабходных відаў узбраенняў, і большасць зыходзіць з таго, што вясной Расея пачне наступленне. Акрамя таго, у Злучаных Штатах чакаюцца выбары, у сувязі з чым узрастае небяспека таго, што перамога на іх можа дастацца Трампу, і падтрымка Украіне спыніцца. Усё гэта зусім не азначае, што вайна прайграна, але азначае, што ваенная перамога Украіны, падчас якой яна змагла б вярнуць акупаваныя тэрыторыі, становіцца цяжка ўяўнай. А гэта змушае і Ўкраіну, і Захад пачаць думаць аб тым, як магла б выглядаць перамога Украіны», – канстатуе дацкае выданне.
Падводзячы вынікі адыходнага года, які прайшоў пад знакам вайны і канфліктаў, аглядальнікі разважаюць над тым, якія наступствы чакаюць тыя ці іншыя краіны і свет у цэлым. Што наперадзе – няўжо сцэнар, паводле якога раскол і супрацьстаянне паміж сіламі, якія прытрымліваюцца прынцыпаў свабоды, дэмакратыі і вяршэнства права, і сіламі, якія зрабілі выбар на карысць аўтарытарызму, будуць толькі пагаршацца? «У 2023 годзе амаль ва ўсіх краінах Еўропы можна было назіраць уздым нацыяналістаў», – прагназуе мюнхенская газета Süddeutsche Zeitung.
«Такі зрух направа здольны надоўга змяніць сам характар Еўразвяза. І ў такім выпадку ЕЗ, які ў тэндэнцыі развіваўся як прагрэсіўны, наднацыянальны палітычны праект, сам сябе вычарпае, амбіцыйная кліматычная і экалагічная палітыка будзе заблакаваная, а ўзамен гэтага зоймуцца будаўніцтвам «крэпасці Еўропа». Такая «Еўропа айчын» будзе бачыць сваю галоўную мэту ў абароне еўрапейскай цывілізацыі ад меркаваных знешніх пагроз», – адзначае нямецкае выданне.
Перспектывы на 2024 год не выклікаюць асаблівага аптымізму. Аглядальнікі дзеляцца сваімі асцярогамі наконт маючых адбыцца выбараў і магчымасці ўзнікнення новых войн і канфліктаў. «Развіццё падзей шмат у чым вызначаць вынікі выбараў у ЗША», – мяркуе заграбская Večernji list.
«Прэзідэнцкія выбары адцягнуць ад палітыкі. Да гэтага дадасца эскалацыя ў сілу магчымага палітычнага экстрэмізму і электаральных спрэчак, якія ўвогуле не спыняюцца яшчэ з часу апошніх прэзідэнцкіх выбараў! Такі расклад патэнцыйна адкрывае Кітаю новыя магчымасці для дзеянняў. Але шмат у каго ёсць сумневы з нагоды рэальнасці такога сцэнара, паколькі Кітай недастаткова хутка аднаўляецца пасля абмежавальных мер пандэміі і сутыкаецца з праблемамі ў сферы нерухомасці і інфраструктуры. Развіццё сітуацыі ў дзвюх сусветных дзяржавах – ЗША і Кітаі – будзе адыгрываць ключавую ролю падчас развіцця працэсаў у гарачых кропках планеты», – піша харвацкае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






