BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Яшчэ нямала працы

На Зямлю вярнуліся касманаўты з МКС ЗША, Расеі і Беларусі. Выбары ў Еўрапарламент. Антыўрадавыя пратэсты ў Венгрыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Фота: news.rambler.ru

«Астранаўтка НАСА, расейскі касманаўт і першы ў гісторыі Беларусі касманаўтка у суботу паспяхова вярнуліся на Зямлю пасля двухтыднёвага знаходжання на борце Міжнароднай касмічнай станцыі», – паведаміла расейскае газета The Moscow Times.

«У 10:17 па маскоўскім часе спускаемы апарат пілатуемага касмічнага карабля «Саюз МС-24» здзейсніў пасадку ў раёне казахстанскага горада Джэзказган. Сыход з арбіты судна і яго спуск на Зямлю прайшлі нармальна. Расейскі касманаўт Алег Навіцкі і першая ў гісторыі беларуская касманаўтка Марына Васілеўская «правялі на арбіце 14 дзён», а амерыканская астранаўтка Лорал О’Хара выканала 204-дзённую місію. Для Васілеўскай і О’Хара гэта быў іх першы палёт на МКС. Касмічны карабель вылецеў з касмадрома Байканур у Казахстане 23 сакавіка з двухдзённай затрымкай пасля збояў у перадстартавай падрыхтоўцы — часовай, але значнай няўдачы для расейскай касмічнай праграмы, якая пацярпела ад фінансавых праблем, скандалу, карупцыі і правалаў. Адной з апошніх няўдач сталася страта робатызаванага касмічнага карабля “Луна-25” у выніку катастрофы на Месяцы ў жніўні мінулага года. Расейска-заходняе касмічнае супрацоўніцтва пацярпела ад нападу Расеі на Украіну ў лютым 2022 года і міжнародных санкцый, якія рушылі за ім. МКС – адна з рэдкіх пастаянных сфер супрацоўніцтва паміж Масквой і Вашынгтонам. Але касмічны сектар Расеі абцяжараны недахопам інавацый, таму што многія з яго сістэм абапіраюцца на тэхналогіі савецкіх часоў — у большасці сваёй надзейныя, але старэюць. Ён таксама павінен супрацьстаяць узмацненню канкурэнцыі з боку прыватных кампаній, такіх як SpaceX мільярдэра Ілона Маска», – наракае расейскае выданне.

***

Праз два месяцы грамадзяне краін Еўразвяза будуць выбіраць новы Еўрапарламент. Гэта «адзіная ў свеце транснацыянальная асамблея, якая выбіраецца прамым галасаваннем», як гаворыцца ў афіцыйнай інфармацыі аб выбарах, будзе прымаць законы, якія закранаюць “усе сферы жыцця” ў ЕЗ. «Выбар будзе стаяць паміж двума прынцыпова рознымі ўяўленнямі аб Еўропе», – такім назіраннем дзеліцца парыжская газета Le Figaro.

«Першае – гэта перакананне радыкальных цэнтрыстаў і заўзятых прыхільнікаў ЕЗ у элітах: яны мараць аб вялікім скоку ў бок стварэння сапраўднай федэрацыі. Яны больш не робяць выгляд, што паважаюць нацыянальны суверэнітэт, – не, яны разглядаюць яго як нешта рэакцыйнае. Ультрацэнтрысты выкарыстоўваюць любы крызіс у якасці падставы для апраўдання гвалтоўнага маршу ў бок узмацнення еўрапейскага суверэнітэту – няхай гэта будзе пандэмія каранавіруса або вайна ва Украіне. На другім баку раскінулі лагер “суверэністы”, якія ў сваім развіцці таксама не стаяць на месцы. Суверэністы па-ранейшаму вераць у Еўропу нацый, але цяпер, падобна, увязваюць яе са свайго роду Еўропай цывілізацыі, надзяляючы яе правам на законнае палітычнае існаванне», – адзначае французскае выданне.

***

У мінулую суботу ў Венгрыі адбыліся шматтысячныя дэманстрацыі супраць урада Віктара Орбана. Людзі выйшлі на вуліцы, рушыўшы ўслед закліку новаспечанага апазіцыйнага палітыка Петэра Мадзьяра , які мае намер разам са сваёй новай партыяй выступіць супраць Орбана. «Нягледзячы на шматтысячныя акцыі пратэсту, да падзення сістэмы Орбана яшчэ ой як далёка», – разважае аўстрыйская газета Salzburger Nachrichten.

«Яны не складаюць большасці, але аптыміст Мадзьяр, тым не менш, перакананы ў тым, што выбары ў Еўрапарламент стануць першым цвіком у труну орбанаўскай сістэмы. Аднак для таго, каб палітычна забіць яе, відавочна запатрабуецца больш аднаго цвіка. І Мадзьяру гэта вядома. Ён ведае сістэму знутры, і, магчыма, менавіта таму крытычна настроеныя да ўрада грамадзяне лічаць яго ў большай ступені здольным на тое, каб зрынуць яе, чым ранейшая апазіцыя. Аднак для пачатку Мадзьяр – новая зорка апазіцыі – павінен прыцягнуць на свой бок куды большую колькасць грамадзян, у тым ліку тых, хто пражывае па-за сталіцай і сталічным рэгіёнам. Каб не дапусціць гэтага, партыя Фідэс пусціць у ход усе свае рычагі: пастаўлены пад кантроль апарат СМІ атрымае каманду выкарыстоўваць прапагандысцкія метады для ўзвядзення сцяны паміж Мадзьярам і выбаршчыкамі», – піша аўстрыйскае выданне.

***

У красавіку ў Польшчы адбываюцца рэгіянальныя і муніцыпальныя выбары. Першы тур галасавання адбыўся ў мінулую нядзелю. Мяркуючы па выніках экзітполаў (апытанняў грамадзян на выхадзе з выбарчых участкаў), найбольш уплывовай сілай па выніках выбараў будзе папярэдняя кіруючая нацыянальна-кансерватыўная партыя ПіС. Тым не менш, урадавы ліберальны лагер пакуль што змог дабіцца выніку, аналагічнага парламенцкім выбарам у кастрычніку, і захаваць за сабой пасады прэзідэнтаў у Варшаве і Гданьску. Цюрыхская газета Tages-Anzeiger аддае належнае ўраду за слушную камунікацыю.

«Туск выступае са словамі віншавання і падзякі, але пры гэтым указвае і на недахопы – на тое, што ў сельскіх рэгіёнах і на ўсходзе краіны зноў не ўдалося мабілізаваць выбаршчыкаў, на тое, што моладзь не хадзіла галасаваць. Яго партнёры па кааліцыі таксама выказваюць самакрытыку, не абяцаюць з тры карабы, але даюць слова надалей нарасціць намаганні і працаваць лепш. Падобнага роду выказванняў у свой час не даводзілася чуць з вуснаў прадстаўнікоў урада ПіС. Тыя, наадварот, з усіх сіл нахвальвалі ўласную партыю і ўсяляк зневажалі сваіх супернікаў. Аднак дэмакратычны, ды і ўсякі іншы, урад павінен імкнуцца да таго, каб усё абмяркоўвалася, каб курс карэктаваўся, а памылкі – прызнаваліся. І такі падыход – не слабасць цяперашняга ўрада, а яго сіла», – піша швейцарскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя