- Беларусь перакідвае падраздзяленні ССА на мяжу з Украінай
- Зайшло Сонца Аляксея Навальнага
- Украіна і падтрымка з боку Еўропы
Беларусь увяла контртэрарыстычную аперацыю на мяжы з Украінай і разгортвае падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый. «15 лютага ўрад Беларусі абвясціў аб увядзенні контртэрарыстычнай аперацыі ў памежнай вёсцы Лельчыцы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Населены пункт знаходзіцца ўсяго ў 10 кіламетрах ад украінска-беларускай мяжы», – перадае ўкраінскае выданне Украінскі мілітарны цэнтр.
«Абвешчаная «контратэрарыстычная аперацыя» — гэта нібыта чарговыя вучэнні беларускіх вайскоўцаў. Варта адзначыць, што ў адпаведнасці з законам «Аб барацьбе з тэрарызмам» падчас правядзення контртэрарыстычнай аперацыі беларускія праваахоўныя органы могуць бесперашкодна ўваходзіць у жылыя памяшканні, абмяжоўваць уезд і выезд грамадзянскіх асоб з зоны правядзення аперацыі. У адзін дзень вайскоўцы сіл спецыяльных аперацый (ССА) і Унутраных войскаў Беларусі былі перакінуты вайсковай авіяцыяй у Лельчыцы. Дзве групы былі накіраваны з Мачулішчаў у Лельчыцы на пяці верталётах Мі-8 ВПС Беларусі. Перад Лельчыцамі групы рабілі па адным прыпынку на аэрадроме Ліпкі і ў Мар’інай Горцы. Пакуль салдаты, якіх прывезлі ў Лельчыцы, не з’ехалі і застаюцца ў вёсцы. Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка заявіў , што памежнікі не зафіксавалі актыўных дзеянняў на мяжы з Беларуссю. Паводле наяўнай інфармацыі, на тэрыторыі Беларусі планавалася правесці нейкія рэгулярныя бясконцыя вучэнні ў гэтым раёне, якія пастаянна праводзяцца ў Беларусі. Не выключана, што яны вырашылі назваць гэтыя вучэнні контртэрарыстычнымі», – піша ўкраінскае выданне.
«У Расеі любяць паўтараць, што цямней за ўсё перад світанкам. Падобна, пачынае змяркацца. Аляксей Навальны памёр у калоніі, дзе ён адбываў пакаранне па сфабрыкаванай справе аб арганізацыі «экстрэмісцкай супольнасці». Палітыку было 47 год», – са смуткам піша расейскае незалежнае выданне Meduza.
«Уся палітыка, па сутнасці, будуецца на двух галоўных чалавечых афектах – страху і надзеі. Пуцін правіць, падтрымліваючы ў людзях страх. Страх здольны мабілізоўваць людзей. Гэта страх адно перад адным, перад магутным тыранам, перад падступным ворагам. Гэтага страху так шмат, што ён ператвараецца ў страх перад будучыняй. Аляксей Навальны супрацьпаставіў гэтаму палітыку надзеі. Надзея – моцны сродак. Яна таксама мабілізуе людзей – але не збіваючы іх у перапалоханы статак, які цягнецца да пастуха, а адкрываючы ў іх адважных таварышаў, якія разам крочаць наперад. Падавалася, зламаць Навальнага немагчыма: у ім занадта шмат надзеі. Ён бы згадзіўся з тым, каб абудзіць і напоўніць надзеяй сваю любімую краіну, дзеля якой ён быў гатовы аддаць жыццё. Але аказалася, што задача нашмат складаней — надзеі пазбаўлены сёння свет у цэлым, і спачатку яе давядзецца вярнуць усяму свету. Сёння шмат хто адчуў, што надзея памерла, бо Аляксей Навальны даўно перавысіў маштабы сваёй радзімы і стаў сімвалам надзеі для людзей ва ўсім свеце.
Адчай надыходзіць тады, калі месца, каб схавацца, больш няма. У Расеі любяць паўтараць, што цямней за ўсё перад світанкам. Думаецца, што гэта праўда – проста мы наўрад ці пакуль ведаем сапраўдную цемру. Падобна, пачынае змяркацца. Сонца сыйшло», – з горыччу канстатуе расейскае незалежнае выданне.
Без малога два гады таму, 24 лютага 2022 года, Расея развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. У гісторыі Еўропы пачаўся новы раздзел . На працягу 2022 года Украіна паспяхова абаранялася, аднак затым – нягледзячы на асобныя поспехі ВСУ – на фронце наступіла стагнацыя. Прадпрынятая ў 2023 годзе спроба контрнаступлення правалілася. Еўрапейская прэса падводзіць вынікі і заклікае не аслабляць падтрымку Кіеву. Барселонская газета El Periódico de Catalunya разважае над зацяжным статусам-кво Еўропы.
«Вялікая частка Еўропы, здаецца, ужо прызвычаілася да вайны ва Украіне, хаця ўварванне ва Украіну і ўмяшанне Расеі ў еўрапейскую палітыку, несумненна, стануць адной з ключавых тэм на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Былы Генеральны сакратар ААН Бутрас-Галі неяк сказаў, што крызіс немагчыма вырашыць, калі пра яго не казаць. Гэта не адносіцца да вайны супраць Украіны, але гучыць усё больш галасоў, якія заклікаюць Украіну адмовіцца ад Данбаса. Такі крок стаў бы небяспечным прэцэдэнтам, паколькі ён парушыў бы прынцып, паводле якога межы еўрапейскіх краін могуць быць змененыя толькі з іх адназначнай згоды», – адзначае каталонскае выданне.
У Еўропе вядзецца дыскусія аб абароне кантынента па слядах выказванняў Дональда Трампа, які прыгразіў абараняць толькі тыя краіны НАТА, якія ўкладваюць у абарону абумоўленыя два адсоткі ад свайго ВУП. Што рабіць, калі ЗША і сапраўды перастануць быць гарантам бяспекі? «Праблема, якую неабходна вырашаць, гэта не Трамп, а Пуцін», – падкрэслівае турынская газета La Stampa.
«Рашэнне не можа палягаць у тым, каб проста спрабаваць не злаваць Трампа. Рашэнне павінна заключацца ў такой абароне Еўропы, якая была б здольнай даць адпор Уладзіміру Пуціну. І гэтая абарона пачынаецца з Украіны. Калі Кіеў выстаіць, то выстаіць Еўропа – і наадварот. Сёння еўрапейцы не ў стане абараніць сябе ад Расеі без дапамогі амерыканцаў. Гэтая няздольнасць не мае апраўдання: ані ў плане эканамічным ці дэмаграфічным, ані ў плане прамысловага патэнцыялу ці наяўнасці тэхналогій. Яна была свайго роду прыемным «бонусам мірнага часу», паколькі для кантынента не існавала пагроз. Няма сэнсу абараняцца ад пагроз, пакуль такіх няма на гарызонце. Аднак калі яны з’яўляюцца, то не застаецца іншага выйсця!», – падкрэслівае італьянскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя