BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Канчатковы прыпынак

“Жыве Беларусь”. Дэпутаты Еўрапарламента падтрымалі беларусаў у Дзень Волі. Вашынгтон і ўцечка з чата. Расейска-ўкраінская вайна: перамір’е на Чорным моры?

Здымак ілюстрацыйны

«Дэпутаты Еўрапарламента выступілі з заявай у падтрымку беларусаў, якія 25 сакавіка адзначаюць Дзень Волі. У гэты дзень у 1918 годзе была абвешчана незалежнасць Беларускай народнай рэспублікі, якая стала пачаткам дзяржаўнасці беларусаў», – перадае DW.

“У гэты асаблівы дзень мы выказваем цвёрдую салідарнасць з мужным народам Беларусі, які, як і яго продкі ў 1918 годзе, працягвае змагацца за суверэнітэт, свабоду і еўрапейскую будучыню сваёй радзімы, – адзначаецца ў заяве. – Гісторыя паказала, што час дыктатараў у канчатковым выніку сканчаецца.” Еўрадэпутаты нагадалі, што прадоўжаць падтрымліваць еўрапейскі шлях Беларусі і супрацоўнічаць з Аб’яднаным пераходным кабінетам на чале са Святланай Ціханоўскай. “Жыве Беларусь”, – такімі словамі дэпутаты Еўрапарламента Дэвід Макалістэр і Малгажата Гaсіеўска завяршылі сваю заяву», – перадае DW.


Замест таго каб выкарыстоўваць спецыяльна абароненыя каналы сувязі, віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс, міністр абароны Піт Хегсет і дарадца па нацыянальнай бяспецы Майк Уолтц абменьваліся канфідэнцыйнай інфармацыяй у групавым чаце месэнджэра Signal, у які быў таксама дададзены і адзін журналіст. Сярод іншага размова ў чаце ішла аб графіку і мэтах авіяўдараў па еменскіх хусітах 15 сакавіка. Пражская Hospodářské noviny канстатуе.

«Цяперашняе амерыканскае кіраўніцтва знаходзіцца ў сітуацыі, падобнай да той, што і ўлада ў Расеі: іх цалкам можна падняць на смех з-за іх некампетэнтнасці і дылетантства. Аднак не варта ісці наконт ілжывага ўражання аб тым, што трампаўскіх малойчыкаў можна недаацэньваць. Іх рашучасьць перакроіць краіну па сваіх лякалах і паводле дэвізу “Зробім Амэрыку зноў вялікай”, а таксама іх непрыкрытая нянавісць да Еўропы, – усё гэта трэба ўспрымаць усур’ёз, роўна як і пагрозы Расеі і намаганні Пуціна па змене парадку ў Еўропе», – піша чэшскае выданне.


Мяркуючы па ўсім, Расея і Украіна гатовы пагадзіцца на часовае спыненне агню ў Чорным моры і адмову ад нанясення ўдараў па энергетычнай інфраструктуры. ЗША паведамілі, што мішэнямі нападаў таксама не будуць станавіцца судны. Што да папярэдняй умовы Расеі аб змякчэнні санкцый, то, паводле слоў Вашынгтона, там маюць намер аказаць падтрымку Маскве ў тым, што датычыцца экспарту збожжа і ўгнаенняў. Многія дэталі застаюцца невядомымі, – падкрэсліваюць аглядальнікі. «Для Украіны практычна нічога не мяняецца», – да такой высновы прыходзіць брусельская Le Soir.

«Яшчэ ўвогуле нічога не адбылося, гэта – усяго толькі заяву. Не ўдакладнены ні дэталі дамоўленасцей, ні часовыя рамкі іх рэалізацыі. Няма зараз ніякіх гарантый таго, што рэжым спынення агню сапраўды набудзе моц, няма і заяў аб тым, калі гэта магло б адбыцца. Для ўкраінцаў у сувязі з спыненнем агню на Чорным моры змяняецца не занадта шмат, паколькі пасля заключэння збожжавага пагаднення ім удалося адкрыць калідор для экспарту збожжа праз Басфор. І аднаўленне гэтага пагаднення не было патрабаваннем Кіева. Судзячы па ўсім, Трамп усё яшчэ спадзяецца дамагчыся сапраўднага перамір’я, але ён, падобна, не зразумеў таго, што Пуцін зусім не зацікаўлены ў спыненні вайны», падсумоўвае бельгійскае выданне.


У аўторак у Турцыі працягнуліся масавыя дэманстрацыі супраць арышту палітыка Экрэма Імамаглу і зняцця яго з пасады мэра Стамбула. Улады затрымалі больш за 1400 дэманстрантаў. У нядзелю апазіцыйная Рэспубліканская народная партыя вылучыла Імамаглу сваім кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2028 года. Ён лічыцца галоўным канкурэнтам дзейнага прэзідэнта Эрдагана, які ўжо доўгія гады знаходзіцца ва ўладзе. «І Эрдаган таксама становіцца дыктатарам», – да такой высновы прыходзіць парыжская Le Point.

«Нават калі часцяком яны паводзілі сябе як супернікі, у 71-гадовага Эрдагана і 72-гадовага Пуціна насамрэч вельмі шмат агульнага. Абодва знаходзяцца ва ўладзе ўжо больш за два дзесяцігоддзі. Абодва падзяляюць аднолькавую агіду да Захаду. Абодва выкарыстоўвалі дэмакратыю, каб умацаваць сваю ўладу, а затым паступова падобнымі метадамі ліквідавалі ўсе процівагі ў выглядзе юстыцыі, інтэлігенцыі, СМІ і апазіцыі. Абодва песцяць неаімперскія амбіцыі і не цураюцца прымянення гвалту, каб падпарадкаваць сабе суседнія народы. ‘Дэмакратыя падобная трамваю: калі мы даедзем да патрэбнага прыпынку, то сыдзем’ – сказаў Эрдаган у 1996 годзе. Падобна, ён прыехаў туды, куды збіраўся: прыпынак завецца ‘Дыктатура», – піша французскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя