Роля Лукашэнкі ў ліквідацыі Прыгожына. Данія дамовілася пра размяшчэнне амерыканскіх войскаў. Першы замежны візіт Сікорскага. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканскае выданне The Wall Street Journal публікуе сваё расследаванне забойства Яўгена Прыгожына. Асноўную адказнасць ускладае на сакратара Саўбеза РФ Мікалая Патрушава. Выданне сцвярджае, што менавіта Патрушаў ўзяў на сябе падаўленне «вагнераўскага мяцежу», а выкарыстанне ў перамовах з Прыгожыным Лукашэнкі было менавіта яго ідэяй. У якасці альтэрнатыўнага перагаворшчыка разглядаўся Такаеў, але ён – у адрозненне ад Лукашэнкі – паспяхова «умыў рукі».
«Ліквідацыя Прыгожына прайшла пад кіраўніцтвам Патрушава. Акрамя Лукашэнкі, Патрушаў таксама патэлефанаваў прэзідэнту Казахстана Касым-Жамарту Такаеву з просьбай знайсці пасярэднікаў. Паводле крыніцаў газэты, Казахстан быў страхоўкай на выпадак, калі расейскае войска ня здолее спыніць паўстанне Прыгожына ў выпадку найгоршага сцэнару. Чакалася, што Казахстан адправіць свае сілы, але Такаеў адмовіўся», – піша амерыканскае выданне.
Па выніках перагавораў, якія доўжыліся паўтара года, ЗША і Данія падпісалі пагадненне аб узмацненні супрацоўніцтва ў сферы абароны. Надалей ЗША змогуць на доўгія тэрміны дыслакаваць на тэрыторыі Даніі сваіх вайскоўцаў і размяшчаць ваеннае абсталяванне. Дацкая газета Jyllands-Posten указвае на немалаважны момант.
“Злучаныя Штаты ў якасці гаранта бяспекі? Гэта мае свой цану, а менавіта – ядзерную зброю. Без яе гарантыі бяспекі з боку ЗША мала б каштавалі. Аднак ядзерная зброя з’яўляецца вельмі далікатнай тэмай у адносінах паміж Даніяй і ЗША. Урад не можа гарантаваць таго, што амерыканцы не прывязуць з сабой ядзерную зброю, калі зойдуць у дацкія парты або размесцяцца дзе-небудзь на дацкай тэрыторыі. Цэнтральны момант тут у тым, што Злучаныя Штаты не будуць пытацца. А таму Даніі і адказваць не давядзецца», – падкрэслівае мясцовае выданне.
Падчас сваёй першай замежнай паездкі, якую Радаслаў Сікорскі здзейсніў ва Украіну, новы польскі міністр замежных спраў запэўніў Кіеў у падтрымцы. Падчас выступу абодвух міністраў у Кіеве прагучалі сірэны трывогі, якія заклікалі жыхароў хавацца ў сховішчах, баючыся расейскай авіяцыі. „У гэтай тытанічнай барацьбе Польшча на вашым баку” – цытуе зварот Сікорскага да Кулебы польскае выданне Dziennik.
„Сам Сікорскі заявіў, што вайна, якую Расея пачала супраць Украіны, з’яўляецца «апошняй каланіяльнай вайной у Еўропе». «Мы ў Польшчы лічым, што Расея павінна прайграць, а Ўкраіна — выйграць» Таксама міністр заявіў, што «ў канцы дзесяцігоддзя Украіна павінна ўвайсці ў Еўразвяз з некранутымі межамі». Кулеба ў адказ перадаў, што ва Украіне бясконца ўдзячныя за ўсю дапамогу, аказаную палякамі ў самы цяжкі момант украінскай гісторыі. Украінцы заўсёды будуць удзячныя за гэта. Таксама кіраўнік украінскай дыпламатыі паведаміў, што на перамовах з Сікорскім абмяркоўвалася блакада мяжы. У асноўным гэта тычыцца блакіравання ўкраінска-польскай мяжы польскімі перавозчыкамі і пытанне экспарту ўкраінскай харчовай прадукцыі ў Польшчу. Гэта далікатныя пытанні, па якіх рашэнні трэба прымаць як мага хутчэй. Першы крок, які трэба зрабіць, гэта разблакіраваць мяжу», – нагадвае польскае выданне.
Аляксея Навальнага, самага вядомага вязня Расеі, не могуць знайсці ўжо больш за два тыдні – прынамсі, пра яго месцазнаходжанне нічога не вядома яго паплечнікам, якія зараз нават прапанавалі ўзнагароду за інфармацыю аб яго лёсе. Улады захоўваюць маўчанне, таму ў Расеі ходзяць чуткі пра магчымую хваробу Навальнага, яго перавод у іншую калонію ці нават планаваны абмен. «У выпадку Навальнага Крэмль наўмысна дэманструе бесчалавечнасць», – такі каментар турынскай газеты La Stampa.
«Тыя, хто засталіся ад арганізацыі Навальнага – збольшага цяпер у выгнанні – паспрабавалі арганізаваць кампанію з мэтай прымусіць расейскія ўлады даць адказ на пытанне «#whereisnavalny» (Дзе Навальны?). Аднак з цалкам відавочных прычын мабілізацыю вакол гэтай кампаніі ўдалося правесці толькі за мяжой. У Расеі пануе цішыня. Зразумела, маўчаць і ўлады, якія не лічаць патрэбным не толькі праяўляць чалавечнасць, але выкарыстоўваюць знікненне палітвязня для таго, каб прадэманстраваць тое, які лёс чакае тых, хто адважыцца пратэставаць», – адзначае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
wikimedia.org






