BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Клін клінам

Кітай чатыры разы таемна пастаўляў зброю ў Беларусь у студзені. Пазачарговы саміт ЕЗ: ці скажа Венгрыя «так»? Скандал вакол БАПОР. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Транспартныя самалёты кітайскай кампаніі чатыры разы заляталі і выляталі з Беларусі. Маніторынгавая супольнасць «Беларускі гаюн» паведаміла пра незвычайна высокую актыўнасць транспартнага самалёта Boeing 747-4FTF кампаніі Air China Cargo ў беларускім аэрапорце «Мінск». «Самалёт з 8 па 11 студзеня выканаў чатыры рэйсы ў двух накірунках паміж Кітаем і Беларуссю. Самалёты прыляцелі рана раніцай прыкладна ў адзін і той жа час і правялі там каля трох гадзін — у сярэднім столькі часу неабходна для выгрузкі грузу», – піша міжнароднае выданне Defense Express.

«Транспартнікі з Кітая занялі нетыповую стаянку на пероне, прызначаную для ўрадавых самалётаў, у тым ліку выключна для самаабвешчанага прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Гэта VIP-месца размешчана асобна, на пэўнай адлегласці ад іншых, побач з самым кароткім шляхам да выхаду з аэрапорта.

Паводле даследчыкаў «Беларускага гаюна», самалёт кітайскай авіякампаніі дастаўляў у Беларусь ваенную тэхніку, якую максімальна хутка і таемна вывезлі з аэрапорта, каб не прыцягваць да сябе лішняй увагі. Што менавіта прывезлі гэтыя чатыры борта на гэты раз, пакуль невядома. Але ўсё паказвае на тое, што гэты груз мае ваеннае прызначэнне. Такім чынам Кітай «таемна» пастаўляе зброю праз Беларусь расейскай арміі. Аднак больш верагодна, што кітайскі транспартны самалёт прывёз зброю для ўзброеных сілаў Беларусі. Прынамсі ў беларускай рэактыўнай сістэме залпавага агню «Паланэз» выкарыстоўваюцца ракеты з кітайскімі камплектуючымі, і гэта можа быць яшчэ адным тлумачэннем таго, што кітайскі самалёт чатыры дні запар завозіў у Беларусь. У гэтай ракетнай сістэме асабліва зацікаўлены Расея, што можа кінуць цень на перспектывы далейшага кітайска-беларускага супрацоўніцтва па гэтым сумесным праекце»,  – адзначае міжнароднае выданне.

У чацвер адбудзецца пазачарговы саміт ЕЗ. Галоўнае пытанне парадку дня гучыць так: ці дасць прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан зялёнае святло запланаванаму пакету дапамогі для Украіны ў памеры пяцідзесяці мільярдаў даляраў? Будапешт заявіў, што прадставіў Бруселю ўмовы, пасля выканання якіх краіна будзе гатова сказаць «так», а міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта ў мінулы панядзелак наведаў свайго ўкраінскага калегу Дзмітрыя Кулебу. Акрамя таго, ходзяць чуткі, што Еўразвяз мае намер істотна ўзмацніць ціск на Венгрыю. «Брусэль гатовы прымаць драконаўскія меры», – піша будапешцкая газета Népszava, са спасылкай на таемны дакумент, паводле якога ў выпадку вета з боку Будапешта Еўразвяз перакрые Венгрыі ўсе выплаты.

«Калі быць барацьбе, хай будзе такі сэнс злітага дакумента, які быў апублікаваны лонданскай Financial Times. Еўразвязу канчаткова абрыдлі гэтыя венгерскія выкрутасы: калі на саміце ЕЗ Віктар Орбан накладзе вета на выдзяленне сродкаў Украіне, Еўрасаюз не стане цырымоніцца з нашай эканомікай, і сілай рынку паставіць яе на калені. Вугорскі ўрад дамогся немагчымага: Брусель мае намер правучыць адну з дзяржаў супольнасці – і на гэты раз не будзе абмяжоўвацца адной толькі блакіроўкай сродкаў. На шантаж Брусель зараз сам адкажа шантажом», – папярэджвае венгерскае выданне.

ЗША, Германія, Францыя, Вялікабрытанія ды іншыя краіны прыпынілі фінансаванне Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім бежанцам і арганізацыі работ (БАПОР). Падобны крок разглядае і ЕЗ. Раней Ізраіль прадставіў інфармацыю аб тым, што дванаццаць супрацоўнікаў гэтай гуманітарнай арганізацыі былі датычныя да нападу ісламісцкай тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года. Wall Street Journal цытуе даклады спецслужбаў, паводле якіх кожны дзясяты супрацоўнік БАПОР так ці інакш звязаны з тэрарыстычнымі арганізацыямі. Брусэльская газета De Standaard таксама лічыць, што рашэнне шэрагу дзяржаў аб неадкладным спыненні фінансавання – гэта залішне.

«Рытарычнае пытанне, зададзенае некаторымі кіруючымі супрацоўнікамі ААН і якое паказвае на тое, ці не стане спыненне мільённага дагэтуль фінансавання калектыўным пакараннем усіх жыхароў сектара Газа, мае пад сабой усе падставы. Ці можна «асудзіць на галодную смерць усіх дзяцей з-за злачынстваў жменькі супрацоўнікаў»? Менавіта ў той момант, калі Міжнародны суд ААН у сваёй папярэдняй пастанове патрабуе, каб усе краіны свету зрабілі ўсё магчымае, для таго каб змякчыць пакуты палестынцаў у сектары Газа, імпульсіўнае перакрыцце грашовага крана – відавочна неадпаведнае рашэнне», – наракае бельгійскае выданне.

Былы дэпутат Дзярждумы Барыс Надзеждзін мае намер балатавацца на выбарах прэзідэнта Расеі. Паводле яго слоў, ён ужо сабраў больш за 200 тысяч подпісаў на карысць свайго вылучэння. Для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў Цэнтрвыбаркам неабходна прад’явіць 105 тысяч подпісаў. Надзеждзін выказвае крытыку ў адрас Пуціна, а таксама выступае супраць вайны ва Украіне. Расейскі апазіцыйны палітык Максім Кац, які жыве ў эміграцыі, у сваім інтэрв’ю латвійскаму Tvnet захапляецца людзьмі, якія адважыліся публічна паставіць свой подпіс.

“Гэта вельмі сур’ёзны палітычны акт. На кожнага чалавека, які паставіў свой подпіс, прыпадае сама меней сто, якія думаюць сапраўды гэтак жа, але не дашлі. Гаворка ідзе не пра тое, што ён Надзеждзін стане прэзідэнтам Расеі. Гаворка ідзе пра тое, каб падарваць легітымнасць Пуціна. Іншы чалавек, хто б такім ні стаў, не зможа кіраваць Расеяй так, як гэта зараз робіць Пуцін, паколькі ў яго не будзе кантролю над усімі інструментамі. Калі такі чалавек скажа: «Давайце здзейснім напад», то атрымае ў адказ: «Ідзіце сабе, мы не пачнем напады». Без шырокай грамадскай падтрымкі ніхто ў Расеі больш за год ці два ва ўладзе не ўтрымаецца», – прагназуе латвійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка