BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Ключ да рашэння

  • Анансаваны візіт у Беларусь міністраў «некаторых краін ЕЗ»
  • Ізраіль: масавыя пратэсты з заклікам заключыць пагадненне
  • Як развіваецца палітычны крызіс у Венесуэле?

«Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што на міжнароднай канферэнцыі па «супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі», якая пройдзе ў Менску ў лістападзе 2024 года, чакаюць міністраў некаторых краін ЕЗ», – піша ўкраінскае выданне Еўрапейская праўда са спасылкай на беларускае прапагандысцкае агенцтва БелТА.

«Рыжанкоў сцвярджае, што беларускі рэжым хацеў запрасіць на канферэнцыю «прадстаўнікоў суседніх з Беларуссю дзяржаў», а таксама іншых краін-членаў ЕС і СНД. Паводле яго слоў, сярод патэнцыйных удзельнікаў канферэнцыі ёсць шэраг міністраў краін Еўрасаюза, якія ўжо пацвердзілі свой удзел. Ён таксама заявіў, што беларускі рэжым зацікаўлены ў спрыянні «міру, бяспецы і стабільнасці» на еўрапейскім кантыненце. Размова ідзе аб мерах, якія Беларусь прымае ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй. Тым часам беларускі дыктатар Аляксандар Лукашэнка наўпрост пагражае Еўразвязу, шантажуючы яго вялікім прытокам мігрантаў, што ён і робіць з 2021 года. З міністраў краін ЕЗ Беларусь за апошнія некалькі гадоў наведаў толькі міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярто», – нагадвае ўкраінскае выданне.


У нядзелю ў Ізраілі прайшлі, бадай, найбуйнейшыя пратэсты пасля 7 кастрычніка мінулага года. Людзі выйшлі на вуліцы, пасля таго як у тунэлі пад Рафахам былі знойдзены целы шасці забітых хамасаўцамі закладнікаў. Пратэстоўцы патрабуюць заключыць пагадненне з ХАМАС дзеля вызвалення тэрарыстамі закладнікаў, якія застаюцца ў руках – хамасаўцы ўтрымліваюць яшчэ 101 чалавека. Усеагульная забастоўка, абвешчаная на панядзелак, была датэрмінова спынена рашэннем суда. «Дэманстранты ўсвядомілі нешта такое, што Нетаньяху ўсё яшчэ не жадае разумець», – заўважае берлінская Welt.

«Нетаньяху не жадае казаць пра будучыню Газы. Ён адмаўляецца прадставіць сцэнар выхаду з вайны – з-за страху страціць сваіх радыкальных партнёраў па кааліцыі. У грамадзян краіны зусім розныя меркаванні аб будучыні Газы. Але ўсё больш і больш ізраільцянаў адпрэчваюць бязмэтную перманентную вайну. Вось чаму, паводле апытанняў, Нетаньяху відавочна страціў бы сваю большасць, калі б выбары раптам адбыліся зараз. Насельніцтва Ізраіля, якое бачыла розныя войны, ведае: вайну без рэалістычнай ваеннай мэты выйграць немагчыма», – адзначае нямецкае выданне.


Апанента Нікаласа Мадура на выбарах у Венесуэле рыхтуюцца арыштаваць – Эдмунда Гансалеса падазраюць у злачыннай змове і падробцы пратаколаў з выбарчых участкаў. Апазіцыя ж называе яго абраным прэзідэнтам. Яе падтрымліваюць дзясяткі краін, у тым ліку ЗША. Вашынгтон ужо падрыхтаваў новыя санкцыі супраць Мадура і яго каманды, а 2 верасня быў канфіскаваны самалёт прэзідэнта Венесуэлы.

Паводле звестак Bloomberg, Мінфін ЗША рыхтуецца аб’явіць аб увядзенні санкцый супраць 15 венесуэльскіх чыноўнікаў, якія, на думку ведамства, «перашкаджалі правядзенню свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў. «Меры накіраваны на ключавых лідараў, якія супрацоўнічалі з Мадура, каб падарваць вынікі галасавання 28 ліпеня. У спісе — члены выбарчага органа, Вярхоўнага суда, Нацыянальнай асамблеі, а таксама высокапастаўленыя сілавікі, якія маюць дачыненне, на думку Вашынгтона, да рэпрэсій і катаванняў. Дзярждэпартамент дадасць да гэтага візавыя абмежаванні для 34 сваякоў чыноўнікаў. Афіцыйна аб пашырэнні чорнага спісу абвесцяць на гэтым тыдні. Пакуль жа дайшло да канфіскацыі набытага ў абыход санкцыяў самалёта Мадура, што Венесуэла назвала актам «пірацтва», – удакладняе амерыканскае агенцтва.


Андрэй Пільшчык з пазыўным «Джус» і Аляксей Месь з пазыўным «Мунфіш» – два лепшых сябра, лётчыкі Паветраных сіл ВСУ, якія асабіста прыклалі нямала намаганняў, каб Украіна атрымала амерыканскія знішчальнікі F-16 для супрацьстаяння ў вайне з Расеяй. Пільшчыкаў загінуў ва ўзросце 30 гадоў у жніўні 2023 года ў выніку няшчаснага выпадку пры выкананні баявога задання. Месь загінуў у 30 гадоў праз год, разбіўшыся на F-16 пры адбіцці расейскага ракетнага ўдару па тэрыторыі Украіны. The Wall Street Journal аддаў першыя старонкі для іх гісторыі.

«Пасля распаду СССР на ўзбраенні Украіны засталіся сотні савецкіх баявых самалётаў – ад знішчальнікаў да стратэгічных бамбавікоў. Паветраны флот часткова ўтылізавалі ў рамках праграмы па раззбраенні былых савецкіх рэспублік, якую спансіравалі ЗША. Астатняя тэхніка ва ўмовах хранічнага недахопу фінансавання практычна прыйшла ў непрыдатнасць. З 2014 года, калі Расея анэксавала Крым, а прарасейскія сепаратысты развязалі баявыя дзеянні ў Данбасе, ЗША актывізавалі ваеннае супрацоўніцтва з Украінай, ладзячы ў тым ліку сумесныя паветраныя вучэнні. У 2018-м Пільшчыкаў удзельнічаў у арганізацыі ўкраінскіх вучэнняў з Нацыянальнай гвардыяй Каліфорніі. Праз год Пільшчыкаў і Месь упершыню паляталі на амерыканскіх знішчальніках F-15, наведаўшы Каліфорнію па праграме абмену. Гэты досвед прымусіў сяброў яшчэ больш расчаравацца ў стане «разадзьмутых і неэфектыўных» Паветраных сіл Украіны. Пільшчыкаў у інтэрв’ю журналістам CNN заклікаў ЗША перадаць Украіне ракеты і радары. Мадэрнізацыю паветраных сіл з МіГ-29 да F-16 ён параўнаў з пераходам з кнопкавага мабільнага тэлефона на iPhone», – адзначае The Wall Street Journal.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя