BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Клопатаў поўны рот

Зяленскі пракаментаваў магчымасць наступу Расеі з боку Беларусі. «Нечаканыя» вынікі выбараў у Славакіі. Чаму Ізраіль адкрывае пункт «Эрэз»? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Харкаў добра абаронены ад магчымага расейскага наземнага штурму, і што дэзінфармацыя ляжыць у аснове дыскусій пра расейскія планы захопу гораду. Зяленскага цытуе Украіньска Правда«На сёння Харкаў абаронены. Не з неба — мы вернемся да пытання супрацьпаветранага шчыта для Харкава пазней».

«Расейцы не хаваюць, што для іх гэта вельмі жаданая мішэнь. Увесь усход Украіны, і больш за ўсход, таксама поўдзень, і такія гарады, як Харкаў і Краматорск, з’яўляюцца іх жаданымі мішэнямі, гэта ясна. Але цяпер ВСУ з усёй упэўненасцю абараняюць Харкаўскую вобласць. Адказваючы на пытанне аб магчымым наступе Расеі з Беларусі, Зяленскі сказаў, што ва Украіны на дадзены момант няма доказаў таго, што гэта рэальная пагроза: «Што тычыцца стратэгіі, мы зараз не бачым доказаў адпаведных планаў, пагроз або патэнцыялу ў Беларусі». Ён таксама сказаў, што Расея павінна ўсведамляць, што Украіна стварае надзейную абарону на паўночным фронце. І расейцы, і беларусы, і расейцы ў Беларусі павінны ведаць, што так, ва Украіны ёсць абарончыя ўмацаванні, тры магутныя рубяжы абароны, дзе дыслакаваныя сілы», — дадае ўкраінскае выданне.

На выбарах прэзідэнта ў Славакіі перамог супернік ваеннай дапамогі Украіне. Спікер парламента Петэр Пелегрыні набраў у другім туры 53,5% працэнта галасоў і абышоў празаходняга кандыдата Івана Корчака, былога міністра замежных спраў Славакіі. Ён набраў 46% галасоў, хаця ў першым туры аказаўся лідарам. Каментуючы зыход галасавання Петэр Пелегрыні заявіў, што Славакія застанецца «на баку міру, а не вайны». Абраны прэзідэнт – прыхільнік прэм’ер-міністра Славакіі Роберта Фіцо. Раней ягоны ўрад спыніў пастаўкі зброі ва Украіну. Палітык таксама падтрымліваў лідара Венгрыі Віктара Орбана, калі той блакаваў выдзяленне Кіеву дапамогі ад ЕЗ. СМІ пішуць, што з’яўленне яшчэ і прарасейскага прэзідэнта канчаткова падштурхне Браціславу ў бок Масквы і ўмацуе ўплыў Крамля ў Цэнтральнай Еўропе. «Хаця паўнамоцтвы прэзідэнта Славакіі абмежаваныя, выбары сталі супрацьстаяннем розных поглядаў на Расею», –  піша The New York Times.

«У першым туры заўзяты прыхільнік Украіны, былы дыпламат Іван Корчак фінішаваў першым сярод дзевяці кандыдатаў, але ў выніку прайграў. Верагодна, Петэр Пелегрыні перавабіў на свой бок выбаршчыкаў, якія ў першым туры галасавалі за антынатаўскага нацыяналіста, які фінішаваў трэцім. Цяпер мала што будзе перашкаджаць прэм’ер-міністру Роберту Фіцо збліжацца з Расеяй і змякчаць заканадаўства ў галіне карупцыі.  Да нядаўняга часу гэты працэс стрымлівала дзейны прэзідэнт Славакіі Зузана Чапутава. На новы тэрмін яна не балатавалася, заявіўшы, што стамілася прафесійна і па-чалавечы», – заўважае амерыканскае выданне.

Улады Ізраіля ўпершыню з пачатку вайны адкрыюць прапускны пункт “Эрэз”. Праз яго ў кастрычніку прарываўся «Хамас». Рашэнне прынялі неўзабаве пасля размовы прэзідэнта ЗША з ізраільскім прэм’ер-міністрам Біньямінам Нетаньяху. Джо Байдэн намякнуў, што амерыканская падтрымка будзе залежаць ад гуманітарнай сітуацыі ў Газе. Замежныя СМІ назвалі гэта ўльтыматумам і самым жорсткім абыходжаннем да Ізраіля з боку Злучаных Штатаў.  За некалькі гадзін да заявы ізраільскіх чыноўнікаў Джо Байдэн пагутарыў з Біньямінам Нетаньяху. І, як адзначае Politіco, упершыню выкарыстаў амерыканскую дапамогу як рычаг ціску.

Перакананы прыхільнік Ізраіля Байдэн змяніў рыторыку пасля гібелі семярых супрацоўнікаў гуманітарнай місіі World Central Kitchen. Цахал нанёс удар па калоне грузавікоў. Армія прызнала сваю адказнасць і паабяцала правесці расследаванне. Заява Белага дома пасля размовы Байдэна і Нетаньяху –  самая рэзкая за шэсць месяцаў вайны. Але чыноўнікі з адміністрацыі не сталі наўпрост заяўляць, што ЗША абмяжуюць пастаўкі зброі, калі паводзіны Ізраіля іх не задаволяць», – адзначае еўрапейскае выданне.

4 красавіка 1949 года ў Вашынгтоне быў урачыста падпісаны Паўночнаатлантычны дагавор. Гэты дзень лічыцца днём заснавання блока НАТА. З нагоды юбілею НАТА еўрапейская прэса разважае пра тое, якія выклікі будуць стаяць перад альянсам у будучыні. «У свой юбілейны год НАТА твар у твар сутыкаецца са сваімі слабасцямі», – заўважае брусельская De Standaard.

«Адзінства ў разнастайнасці мае свой кошт. Акрамя таго, амаль усе дзяржавы-сябры альянсу развучыліся весці вайну, а прамысловасць гэтых краін не адаптаваная да новай рэальнасці. Праблемай застаецца і фінансаванне – краіны занадта шмат эканомілі на абароне. Пераламаць сітуацыю няпроста, і гэта не адбудзецца без паляпшэння супрацоўніцтва, якое дазволіла б у будучыні атрымаць максімальную аддачу ад ажыццёўленых інвестыцый. НАТА таксама сутыкаецца з новымі геапалітычнымі праблемамі: Блізкі Усход ператвараецца ў парахавую бочку, а паводзіны саюзніка – Ізраіля – проста ашаламляюць. Афрыканскі кантынент губляе стабільнасць, а ўплыў там расейскіх наймітаў узрастае. Кітай таксама не дае расслабіцца», – піша бельгійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка