
Муж палітвязні просіць міжнародныя арганізацыі дапамагчы ў яе вызваленні. Паўднёвая Карэя заявіла, што КНДР ужо пачала адпраўку войскаў на вайну ва Украіну. Куба цалкам абясточаная. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
“Маці дваіх дзяцей забіваюць у турме”, – пад такім загалоўкам DW размясціла матэрыял, дзе павядамляе, што Паліне Шарэнда-Панасюк з Брэста ў чарговы раз дабавілі тэрмін – яшчэ адзін год і адзін дзень калоніі. У трэці раз за час зняволення ўдзельніцу пратэстаў 2020 года судзілі за нібыта “непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”.
“Цяпер ужо зразумела, што тэрмін зняволення Паліны стаў бясконцым”, – кажа муж палітвязня Андрэй Шарэнда. Ён упэўнены, што яго жонку павольна забіваюць – у калоніі ў Паліны выявілі хранічны панкрэатыт сярэдняй ступені цяжкасці, ёй неабходна дыета і назіранне лекараў. У Андрэя і Паліны – двое сыноў, яны з бацькам за мяжой. Ужо чатыры гады дзеці растуць без маці, не бачылі яе, не чулі яе голас. Падчас суда Шарэнда-Панасюк заяўляла, што ў калоніі па навядзенні адміністрацыі яе збівалі іншыя зняволеныя, казала пра жорсткія ўмовы ўтрымання. У чэрвені 2021 года Паліну Шарэнда-Панасюк прыгаварылі да двух гадоў калоніі за “гвалт” у дачыненні да міліцыянтаў”, “абразу” Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады», – перадае DW.
Выведка Паўднёвай Карэі (NIS) аб’явіла, што КНДР адправіла ў Расею першую партыю салдат, якія, верагодна, адправяцца на вайну з Украінай, а афіцэры-ракетчыкі ўжо знаходзяцца на вайне. «У прыватнасці, паводле яе звестак паўночнакарэйскія вайскоўцы знаходзяцца ва Уладзівастоку, Усурыйску, Хабараўску і Благавешчанску, і ім выдадзена расійская форма і падробленыя дакументы РФ», – перадае ВВС.
«Напярэдадні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы ў Брусэлі, казаў пра 10 тысяч вайскоўцаў з КНДР, якія могуць быць задзейнічаныя ў вайне.
Прыкладна такую ж лічбу нядаўна называў кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны (ГУР) Кірыл Буданаў. Буданаў таксама сказаў, што паўночнакарэйскія войскі будуць выкарыстоўваць расійскае абсталяванне і боепрыпасы. Першы атрад з 2600 вайскоўцаў, паводле яго даных, можа адправіцца ў Курскую вобласць, частка якой была захоплена ВСУ ў жніўні. Акрамя таго, разведчыкі Паўднёвай Карэі сцвярджаюць, што афіцэры-ракетчыкі з Поўначы ўжо знаходзяцца ў зоне баявых дзеянняў і дапамагаюць расейцам ужываць паўночнакарэйскія ракеты. Таксама зафіксаваны перамяшчэнні расейскіх караблёў, на якіх вайскоўцаў з КНДР маглі перавозіць у Расею. За мінулы год КНДР і Расея значна ўзмацнілі вайсковыя сувязі. У чэрвені Уладзімір Пуцін і Кім Чэн Ын правялі сустрэчу, на якой падпісалі дамову аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве, якое ўключае пакт аб узаемнай абароне. Пры гэтым некаторыя вайсковыя эксперты сумняваюцца ў эфектыўнасці магчымага ўзаемадзеяння паўночнакарэйскіх і расейскіх вайскоўцаў, нават калі гэта і адбудзецца. На іх думку, акрамя відавочнага моўнага бар’ера, перашкодай для такога ўзаемадзеяння можа стаць той факт, што ў паўночнакарэйцаў няма досведу рэальных баявых дзеянняў», – перадае ВВС.
«Поўнае адключэнне электраэнергіі адбылося на Кубе 18 кастрычніка», – паведамляе газета Diario de Cuba.
«Са строю выйшла электрастанцыя Antonio Guiteras у Матансасе, якая лічыцца адным з асноўных элементаў сістэмы электразабеспячэння Кубы. Адключэнне станцыі адбылося каля 11:00 паводле мясцовага часу (18:00 мск), паведамілі ў міністэрстве энергетыкі і горнай прамысловасці. Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль заявіў, што “кіраўніцтва краіны надае абсалютную ўвагу і вырашэнне гэтай вельмі адчувальнай для нацыі надзвычайнай сітуацыі ў галіне энергетыкі”. Аднак без электрычнасці аказаліся каля 10 мільёнаў чалавек. На Кубе да 20 кастрычніка закрылі ўсе адукацыйныя ўстановы. Таксама ўлады забаранілі праводзіць забаўляльныя і культурныя мерапрыемствы, у тым ліку закрылі начныя клубы. 18 кастрычніка на працу мусілі выйсці толькі супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў харчовай прамысловасці і аховы здароўя. Адключэнне электрычнасці абвастрыла энергетычны крызіс у краіне – у апошнія два тыдні на Кубе пастаянна адключалі электрычнасць на некалькі гадзін у дзень. 11 кастрычніка падачу электраэнергіі спынілі на 24 гадзіны. Поўнае адключэнне электрычнасці адбылося праз некалькі гадзін пасля таго, як прэм’ер-міністр Мануэль Марэра аб’явіў, што сітуацыя ў сферы энергетыкі паляпшаецца», – нагадвае мясцовая газета.
Ці зможа ўтрымацца Літва? У ЗША спрагназавалі ход ваенных дзеянняў у першыя 10 дзён пасля ўварвання Расіі ў Еўропу. «Паводле сцэнара, Расея ў 2027 годзе атакуе краіны Балтыі з некалькіх флангаў, у тым ліку з Беларусі і Калінінграда. Асноўны ўдар прымуць нямецкія сілы ў рэгіёне. Якія прагнозы наконт выніку канфлікту?», – задаецца пытаннем нямецкая Bild.
«Ваенная гульня, якая апісвае «найгоршы сцэнар» магчымага нападу Расеі на ўсходні фланг НАТА ў 2027 годзе, была арганізаваная Цэнтрам ваенных дзеянняў новага пакалення ЗША (Center on New Generation Warfare). Па сцэнары ваеннай гульні Расея спачатку ўрываецца ў Латвію і захоплівае яе за некалькі дзён, а потым на чацвёрты дзень з яе тэрыторыі нападае на Літву — адначасова з поўначы з Латвіі, з усходу — з Беларусі і з захаду, з Калінінграда, спрабуючы захапіць Вільню і адрэзаць Літву ад Польшчы шляхам захопу Сувалкскага калідора. У найгоршым сцэнары НАТА прымае рашэнне пра актывізацыю 5-га артыкула аб калектыўнай абароне толькі на 10-ы дзень расейскага ўварвання. З 7-га па 10-ы дзень вайны нямецкія сілы разбіваюць колькасна перавышаючую расійскую армію і ненадоўга спыняюць яе наступленне з Латвіі. Па сканчэнні дзясятага дня Літва была б спустошаная і часткова акупаваная Расеяй. Арганізатары сімуляцыі падкрэсліваюць, што падобнага развіцця падзей можна было б пазбегнуць, калі б Захад рэагаваў хутчэй, абаронны бюджэт кожнага чальца НАТА быў б павялічаны да 4% ВУП, а ў краінах Балтыі было б разгорнута больш сіл альянсу», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






