У выпадку далучэння Украіны да ЕЗ у Беларусі здарыцца рэвалюцыя? Новы кабінет Паўночнай Ірландыі. Пратэсты фермераў у Еўропе: якая будучыня сельскай гаспадаркі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Паводле крыніц і інфармацыі венгерскага журналісцкага праекта Direkt36, у сакавіку 2023 года Віктар Орбан праводзіў закрытую нараду з венгерскімі дэпутатамі, у тым ліку і з апазіцыяй, дзе расказваў пра сваё бачанне будучыні Украіны і Усходняй Еўропы ў цэлым.
«Паводле яго слоў, уступленне Украіны ў ЕЗ створыць «новы цэнтр сілы» пад кантролем ЗША, які перашкодзіць яго стратэгічным мэтам супрацоўніцтва з краінамі Усходу, такімі, як Кітай, Расея і Індыя. Там будуць краіны Балтыі, Польшча і Румынія, дзе амерыканцы цяпер размяшчаюць больш за ўсё сваёй зброі для дапамогі Украіне. Гэты цэнтр сілы стане яшчэ шырэйшым за кошт Беларусі. На думку Орбана, там усё яшчэ могуць адбыцца адна ці дзве каляровыя рэвалюцыі. Свае прагнозы Орбан дапоўніў тым, што не лічыць правільнай палітыку ЗША «змагацца з ростам уплыву Азіі, бо гэта толькі расколвае сусветную эканоміку і ставіць еўрапейскія краіны перад выбарам замест супрацоўніцтва з усімі бакамі». Гэтымі ж асцярогамі, па словах Орбана, той дзяліўся з Францыяй і Германіяй, і прапаноўваў лідарам Францыі і Германіі аб’яднацца з Венгрыяй, Польшчай, Чэхіяй і Славакіяй супраць уплыву ЗША, «але тыя адмовіліся», – піша венгерскае выданне і нагадвае, што Венгрыя пры Орбане з’яўляецца адзінай краінай ЕЗ, якая не падтрымала даклада АБСЕ аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. Адпаведна Венгрыя нават спрабавала ўратаваць кіраўніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Марозава ад еўрапейскіх санкцый, але беспаспяхова.
На працягу амаль двух гадоў лаяльная да Лондана Дэмакратычная юніянісцкая партыя Паўночнай Ірландыі адмаўлялася фармаваць урад з пераможцам рэгіянальных выбараў – ірландскай рэспубліканскай партыяй Шын Фейн, як таго патрабуе Белфасцкае пагадненне 1998 года. У аўторак увечары лідар ДЮП Джэфры Дональдсан заявіў, што зараз ён гатовы да фармавання ўрада. Сцвярджаецца, што прычынай такога развароту з’яўляюцца пакуль невядомыя карэкціроўкі, унесеныя ў пратакол па Паўночнай Ірландыі сумесна з ЕЗ. «Перамена пазіцыі з боку Дэмакратычнай юніянісцкай партыі, чый байкот быў звязаны ў тым ліку і з яе пратэстам супраць Віндзорскай рамачнай дамовы, не зможа адцягнуць увагі ад негатыўных наступстваў брэксіту», – піша ірландская газета Irish Examiner.
«Будучым гісторыкам будзе цяжка растлумачыць увесь хаос апошняга часу, не паказваючы на тое «самапашкоджанне», якім стаў брэксіт. Нават калі апошнія апытанні ў Брытаніі паказваюць, што людзі пачынаюць усведамляць, якой вялікай памылкай быў брэксіт, жыхарам Паўночнай Ірландыі штодня на працягу вось ужо двух гадоў даводзіцца пакутаваць ад наступстваў рашэння, прынятага падчас тагачаснага рэферэндуму. Малаверагодна, што будучыя гісторыкі дадуць добразычлівую ацэнку тым, хто змагаўся за брэксіт, але ў выніку так і не змог толкам ажыццявіць яго ў жыццё», – іранізуе ірландскае выданне.
Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен у выніку фермерскіх пратэстаў у Еўропе пастанавіла адмяніць патрабаванне, паводле якога фермеры абавязаны былі пакідаць чатыры працэнты сваіх ворных земляў неапрацаванымі з мэтах аднаўлення прыродных рэсурсаў. Еўрапейская прэса разважае аб сітуацыі і матывах фермераў. Венская газета Die Presse паказвае на тое, што фермерскія пратэсты ў цэлым шкодзяць еўрапейскай эканамічнай прасторы.
«Палітычныя наступствы маштабных пратэстаў фермераў у 2024 годзе ўжо ёсць. Прычым наступствы далёкасяжныя. У аўторак Эмануэль Макрон заявіў, што перамовы Еўрапейскай камісіі з чатырма дзяржавамі групы Меркасур – Аргенцінай, Бразіліяй, Парагваем і Уругваем – пра заключэнне пагаднення пра свабодны гандаль былі прапыненыя. Еўрапейскія палітыкі прыносяць дабрабыт многіх, але тых, хто маўчыць, у ахвяру агітацыйнай прапагандзе тых нямногіх, хто крычыць гучней за ўсіх. Ад сітуацыі ў сферы паслуг, вытворчасці медыкаментаў, станкоў і – так! – аўтамабіляў у Еўропе залежыць значна большая колькасць працоўных месцаў, чым у сельскай гаспадарцы, якая становіцца ўсё больш механізаванай», – наракае аўстрыйскае выданне.
Прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму не ўдалося змяніць галоўнакамандуючага ВСУ. Прэтэндэнты на пасаду Валерыя Залужнага адмовіліся займаць ягонае крэсла, піша The Times. Змяніць генерала маглі камандуючы сухапутнымі войскамі Аляксандр Сырскі і начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Кірыл Буданаў, паведамляюць СМІ. Заграбская газета Večernji list паказвае на тое, што сваю ролю, па ўсёй бачнасці, адыграла пазіцыя Захаду.
«Украінскі прэзідэнт разглядае Залужнага без аглядкі на яго аўтарытэт у вачах грамадскасці і войска, на яго ваенныя поспехі або правал контрнаступлення як на перашкоду, паколькі той здабыў нямала высокапастаўленых сяброў на Захадзе. Судзячы па ўсім, гэта яму дапамагло. The Times пісала, што пасля сустрэчы з Зяленскім Залужны прыйшоў у свой кабінет і сказаў сваім супрацоўнікам, што будзе пакаваць чамаданы. Аднак, як паведамляе тая ж крыніца, на Зяленскага тут жа быў здзейснены ціск, каб ён змяніў сваё рашэнне, асабліва пасля таго як сваю занепакоенасць выказалі Вялікабрытанія і ЗША. Мяркуючы па ўсім, заходнія саюзнікі вырашылі падтрымаць Залужнага, не жадаючы, каб уся ўлада засяродзілася ў руках аднаго чалавека – Уладзіміра Зяленскага», – адзначае харвацкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






