BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Крок наперад

З 14 лютага на аўтамабілі ў Літву можна заязджаць толькі беларусам з ВНЖ гэтай краіны. Другі тэрмін Трампа: чаго чакаць? Перамір’е ў сектары Газа: рэальны шанец на мір? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Літоўская пагранслужба 17 студзеня паведаміла на сваім сайце пра новы парадак уезду аўтамабіляў з беларускімі нумарамі ў Літву”, – перадае DW.

Да 14 лютага 2025-га ў краіну яшчэ могуць уязджаць на аўто беларусы з відам на жыхарства іншых краін ЕЗ, напрыклад, Польшчы. Пасля 14 лютага ўезд дазволены толькі легкавым аўтамабілям, якія належаць грамадзянам Беларусі, у якіх ёсць літоўская віза або від на жыхарства ў Літве, а аўто выкарыстоўваецца ў асабістых мэтах. Уезд таксама дазволены грамадзянам ЕЗ, якія пражываюць у Беларусі, калі аўтамабіль выкарыстоўваецца для асабістых мэт. У астатніх выпадках неабходна атрымліваць спецыяльны дазвол Міністэрства эканомікі і інавацый Літвы. За парушэнне правілаў пагражае штраф і канфіскацыя аўтамабіля. Выключэнні зроблены для машын з дыпнумарамі і для тых, якія перавозяць астанкі памерлых. У 2024 годзе Літва ўвяла забарону на ўезд аўтамабіляў на беларускіх нумарах, але рабіла выключэнні для беларусаў, якія маюць літоўскія візы або від на жыхарства, і грамадзян ЕЗ, якія жывуць у РБ», – перадае DW.

***

У панядзелак Дональд Трамп другі раз уступіць на пасаду прэзідэнта ЗША. Як і падчас свайго першага тэрміну – з 2017 па 2021 год, ён зноў абяцае зрабіць Амерыку “зноў вялікай”. Пры гэтым на гэты раз Трамп можа абапірацца на рэспубліканскую большасць у абедзвюх палатах Кангрэса. СМІ абмяркоўваюць, што зараз чакае Амерыку і астатні свет. У сваім артыкуле для партала ERR Eesti Rahvusringhääling дырэктар Міжнароднага цэнтра па абароне і бяспецы Крысці Раік аналізуе агульнасусветную сітуацыю ў гэтай сферы.

«Стары ліберальны і заснаваны на правілах светапарадак разваліўся, і Трамп, здаецца, зусім не гарыць жаданнем яго аднаўляць. Замест гэтага нас чакаюць няпростыя часы барацьбы за ўладу паміж вялікімі дзяржавамі, у якой вяршэнствуе сіла, а не права. Старыя канцэпцыі – такія як сферы ўплыву – зноў уваходзяць у моду. Ідзе барацьба за тое, хто будзе кантраляваць стратэгічна важныя тэрыторыі, карысныя выкапні і транспартныя артэрыі. Галоўны супернік Трампа ў гэтай барацьбе – Кітай, а ў тое, што датычыць адносін з Расеяй, то тут таксама складана разглядзець на даляглядзе штосьці іншае, акрамя канфрантацыі», – падкрэсліваецца ў матэрыяле з эстонскай крыніцы.

***

У нядзелю ў сектары Газа павінен уступіць у сілу рэжым часовага спынення агню паміж Ізраілем і ХАМАС. У рамках першай з трох фаз перамір’я ХАМАС павінен будзе паэтапна вызваліць 33 ізраільскія закладнікі, а Ізраіль – выпусціць з турмаў сотні палесцінскіх зняволеных. СМІ разважаюць аб тым, наколькі жыццяздольнай будзе дасягнутая дамоўленасць і ці прынясе яна мір рэгіёну. Мадрыдская El Mundo бачыць немалыя шанцы, але таксама і вялікія выклікі.

«З гуманітарнага пункту гледжання гэтае пагадненне з’яўляецца адназначным прагрэсам. З геапалітычнага пункту гледжання, гэта – няхай і далікатны, але крок насустрач неабходнай стабілізацыі сітуацыі на Блізкім Усходзе. Рэжым спынення агню дазволіць Нетаньяху і Трампу нармалізаваць адносіны паміж Ізраілем і арабскімі краінамі. Ізраіль аднавіў сваю здольнасць да стрымлівання, і яму ўдалося разбіць ХАМАС і Хезбалу, у той час як статус-кво на Блізкім Усходзе змяніўся не на карысць Ірана. Хваля ўдараў па “восі супраціву” прыслабіла рэжым аятол – прычым у доўгай перспектыве. Нетаньяху, у сваю чаргу, будзе вымушаны супрацьстаяць ціску з боку “ястрабаў” у сваім кабінеце. Выклікі будуць каласальныя», – піша гішпанскае выданне.

***

Восем краін-чальцоў НАТА, якіх аб’ядноўвае мяжа, што праходзіць па Балтыйскім моры, правялі саміт у Хельсінкі і ўзгаднілі сумесны план дзеянняў у сувязі з нядаўнімі дыверсіямі. У рамках назіральнай місіі пад назвай Baltic Sentry (Балтыйскі дазор) плануецца ажыццяўляць маніторынг руху суднаў з дапамогай спецыяльных караблёў і дронаў. «Расея будзе і далей вышукваць новыя спосабы паслаблення Захаду», – прадказвае фінская газета Kaleva.

«Праз некалькі месяцаў стане зразумела, ці падзейнічалі хоць на нейкі эфект меры, прынятыя Хельсінкі ў якасці адказу на дзеянні Расеі і яе паслугачоў. У канцы мінулага тыдня ЗША ўвялі новыя жорсткія санкцыі ў дачыненні да караблёў ценявага флоту. Згодна з паведамленнямі, гэты крок ужо ўскладніў дастаўку ў парты па ўсім свеце тавараў, ад якіх залежыць эканоміка Расеі. Аднак гэты флот вельмі вялікі і налічвае некалькі сотняў караблёў. Тут неабходна стрымліванне і добрая падрыхтоўка. Бо Расея можа прымяніць цэлы шэраг брудных трукаў. Калі адзін шлях апынецца заблакаваным, яна на змену яму будзе шукаць іншы», – адзначае фінскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя