BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Лёгкія перамогі

Еўрапейскія бізнесоўцы зноў пацягнуліся ў Беларусь? Падзенне рэжыму Асада: што чакае Сірыю? Прэзідэнцкія выбары ў Румыніі: вынікі першага тура адменены. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Крыніцы ў дзелавых колах расказалі, што ў апошнія месяцы ў Беларусі фіксуецца небывалы прыток замежных інвестараў або іх прадстаўнікоў. Аднак калі ваяжамі прадпрымальнікаў з Расеі, Кітая ці Турцыі ўжо нікога не здзівіць, то вось такой вялікай колькасці візітаў еўрапейскіх бізнесоўцаў не назіралася з дакавідных часоў», – піша беларускае выданне Office Life.

«Паводле звестак Белстата, за студзень – верасень 2024 года ў рэальны сектар эканомікі Беларусі замежныя інвестары ўклалі $5,4 млрд інвестыцый. Паступленне прамых замежных інвестыцый склала $4 млрд, або 73,7 працэнта ад усіх замежных інвестыцый. Асноўнымі інвестарамі беларускіх арганізацый былі суб’екты гаспадарання Расеі (69,7% ад інвестыцый), Кіпра (7,8%) і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (6,8%). Аднак сёлета цікавасць да Беларусі з боку еўрапейцаў узрасла. Напрыклад, Беларусь наведвалі італьянскія прадпрымальнікі, якія спецыялізуюцца на рашэннях у сферы сельскай гаспадаркі. Яны разглядаюць магчымасць лакалізацыі вытворчасці ў Беларусі. Іх прываблівае не толькі аграпрамысловы сектар Беларусі, але і ў цэлым рынак ЕАЭС. Гэта адбылося пасля таго, як у пачатку кастрычніка ў Вероне адбыўся першы за апошнія некалькі год беларуска-італьянскі бізнес-форум. Былі ў Менску і сербскія бізнесоўцы. Сербія хаця і далучылася да санкцый ЕЗ, але з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, у якой дзейнічае пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза. Сербы хацелі пашырыць супрацоўніцтва ў такіх сферах, як будаўніцтва, сельгастэхніка, прадукты харчавання і інш. Гасцявала ў беларускай сталіцы і група інвестараў з Нарвегіі. Яны думаюць наладзіць у Беларусі перапрацоўку беларускай драўніны, а гатовую прадукцыю пастаўляць выключна на экспарт», – піша беларускае эканамічнае выданне.

***

За лічаныя дні ў Сірыі абрынуўся рэжым клана Асада, які кіраваў краінай на працягу дзесяцігоддзяў. У нядзелю ўзброеныя атрады апазіцыі ўзялі ў свае рукі ўладу ў Дамаску і адчынілі дзверы турмаў. Мяркуючы па інфармацыі, якая з’явілася, дыктатар Башар Асад збег і знаходзіцца ў Маскве. Аглядальнікі разважаюць аб тым, якія перспектывы вымалёўваюцца перад краінай. Капенгагенская Politiken асцерагаецца за лёс меншасцяў у Сірыі.

«Узначальвае паўстанцаў джыхадысцкая групоўка Хайят Тахрыр аш-Шам – экстрэмісцкі рух, які сыходзіць каранямі ў ІДІЛ і меў сувязі з Аль-Каідай. З таго часу групоўка стала крыху менш экстрэмісцкай, але па-ранейшаму складаецца з упёртых ісламістаў. Калі яны возьмуць у свае рукі ўладу ў Сірыі, краіне са мноствам рэлігійных меншасцяў і доўгай традыцыяй рэлігійнай цярпімасці, то справа можа зноў дайсці да незлічоных плыняў бежанцаў. Еўропа можа і павінна зрабіць усё магчымае, для таго каб меншасці не аказаліся выгнанымі з краіны, і падрыхтавацца да таго, каб дапамагчы аднавіць Сірыю – працы будзе шмат», – дадае дацкае выданне.

***

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі павінен быў адбыцца ў мінулую нядзелю. Аднак Канстытуцыйны суд краіны ануляваў вынікі першага тура галасавання, у якім перамог ультраправы кандыдат Кэлін Джорджаску. Сваё рашэньне суддзі абгрунтавалі тым, што ёсць падставы меркаваць, што ў ход былі пушчаныя маніпуляцыі. Румынскія спецслужбы заявілі пра тое, што мела месца “агрэсіўная расейская гібрыдная атака”. Frankfurter Allgemeine Zeitung крытыкуе ануляванне вынікаў выбараў.

«Вядома, падчас прэзідэнцкіх выбараў былі і відавочна сумнеўныя моманты. Вялікая колькасць акаўнтаў у TikTok, якія, мяркуючы па ўсім, былі створаны толькі нядаўна і ў мэтах прасоўвання Джорджэску, вялікія грашовыя сумы, якія цыркулявалі за кулісамі падзей, цэлы шэраг інфлюэнсераў, якія распаўсюджвалі відэаролікі за грошы. Усё гэта можа ў значнай ступені паўплываць на працэс фармавання грамадскай думкі. Але аднаго гэтага недастаткова, для таго каб узяць – і заднім чыслом проста ануляваць вынікі выбараў. Сапраўдным пераможцам у канчатковым выніку можа стаць сам правы экстрэміст Джорджеску, якому суддзі далі ў рукі яшчэ адзін аргумент: зараз, пасля таго як суд прыняў рашэнне, ён загаварыў аб “дзяржаўным перавароце” – і ў некаторай правасці тут яму адмовіць нельга!», – адзначае нямецкае выданне.

***

Праз чвэрць стагоддзя пасля пачатку працэсу перамоваў паміж Еўразвязам і дзяржавамі МЕРКАСУР (Бразілія, Аргенціна, Парагвай і Уругвай) бакамі дасягнута пагадненне аб зоне свабоднага гандлю. Яно заклікана стымуляваць гандаль за кошт зніжэння тарыфаў і спрашчэння правіл для ажыццяўлення інвестыцый. Да самага апошняга моманту Францыя, Італія і Польшча выказвалі свае сумневы. Сярод аглядальнікаў еўрапейскай прэсы таксама няма адзінай пазіцыі. Мадрыдская El País станоўча ацэньвае гэты крок.

«Палітычны пасыл Еўразвяза зразумелы. Ён адлюстроўвае намер выбудоўваць альянсы ў свеце, у якім два яго найбуйнейшыя партнёры – ЗША і Кітай – становяцца ўсё менш надзейнымі. Для Бруселя заключэнне гэтага пагаднення – гэта магчымасць нешта супрацьпаставіць узрастаючаму ўплыву Кітая на амерыканскім кантыненце, а таксама шанц пашырыць свой доступ да важных рэсурсаў, неабходных для энергетычнага пераходу. Пагадненне дазваляе Еўразвязу ўзмацніць сваю прысутнасць у рэгіёне, які, нягледзячы на ​​ўсе намаганні Іспаніі, па-ранейшаму застаецца недаацэненым. Тыя, хто крытыкуе гэтае пагадненне, павінны ўлічваць тое, што яно было заключанае ў момант крайняй геапалітычнай напружанасці. Яно прынясе стабільнасць і ўпэўненасць грамадзянам Еўразвяза», – прагназуе гішпанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя