BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Лепш не рызыкаваць

Беларускія эмігранты кідаюць выклік Лукашэнку. Ці накіруе Францыя войскі ва Украіну? Як Дональд Трамп і Джо Байдэн перамаглі ў Мічыгане. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Група беларускіх дысідэнтаў заяўляе, што плануе дзяржаўны пераварот супраць аўтарытарнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, які павінен быць выкананы «ў патрэбны час», – піша еўрапейскае выданне Politico.

Былы беларускі афіцэр Аляксандр Азараў заявіў бельгійскаму выданню VRT, што партызанская група супраціву BYPOL — якая дзейнічае з Польшчы — займаецца падрыхтоўкай афіцэраў і актыўна сабатуе Крэмль у яго вайне супраць Украіны, і ўсё гэта робіцца для падрыхтоўкі дзяржаўнага перавароту супраць рэжыму ў Менску. Паводле Азарава, забяспечыць паразу Пуціна ва Украіне неабходна для аслаблення рэжыму Лукашэнкі. Маўляў, без Пуціна няма Лукашэнкі. Азараў сказаў, што група здзяйсняла дыверсійныя дзеянні супраць Расеі, каб дапамагчы Кіеву ў вайне, нападаючы на расейскую авіяцыю, наносячы шкоду чыгунцы і навучаючы беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць разам з украінскімі сіламі. У лютым 2023 года групоўка ўзяла на сябе адказнасць за атаку беспілотніка, які нанёс сур’ёзныя пашкоджанні  расейскаму ваеннаму самалёту пад Менскам», – паведамляе еўрапейскае выданне.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон чарговы раз выклікаў немалы рэзананс сваімі заявамі наконт вайны ва Украіне: падчас прэс-канферэнцыі пасля заканчэння парыжскага саміту па падтрымцы Украіны ён заявіў, што хоць і не было адзінай думкі адносна адпраўкі туды сухапутных войскаў, улічваючы бягучую дынаміку, нічога ўжо нельга выключаць. Такое выказванне неадкладна выклікала пярэчанні, якія прагучалі са шматлікіх еўрапейскіх краін. «Парыж настроены сур’ёзна», – з задавальненнем адзначае варшаўская Rzeczpospolita.

«Ён мог бы накіраваць ва Украіну навучальны кантынгент або арганізаваць на яе тэрыторыі прадпрыемствы па рамонце ўкраінскай ваеннай тэхнікі. Цвёрды настрой Францыі праяўляецца і ў яе рашэнні адправіць Украіне ракеты вялікай далёкасці – крок, які пакуль што аспрэчвае Нямеччына. Францыя таксама ўдзельнічае ў чэшскай ініцыятыве па закупцы боепрыпасаў для Кіева за межамі Еўропы. Размяшчэнне ва Украіне баявых падраздзяленняў НАТА застаецца апошнім сродкам – але такім, якое Пуцін больш не можа скідаць з рахункаў», – піша польскае выданне.

Джо Байдэн і Дональд Трамп выйгралі свае ўнутрыпартыйныя выбары ў штаце Мічыган. Дзеючы кіраўнік Белага дома набірае каля 80% галасоў сярод дэмакратаў. А былы прэзідэнт на рэспубліканскіх праймерыз атрымлівае 66%. Падлік бюлетэняў яшчэ не скончаны. Абодва кандыдаты здабываюць перамогу на ўсіх чатырох праймерыз, якія ўжо адбыліся, значна апярэджваючы сваіх унутраных канкурэнтаў. Мічыган лічыцца адным з важных вагальных штатаў, якія могуць мець вырашальны ўплыў на фінальную бітву за крэсла ў Белым доме. І там Байдэн сутыкнуўся з магутным пратэстным галасаваннем. Выбаршчыкі не згодныя з ягонай палітыкай падтрымкі Ізраіля. «У Мічыгане самая вялікая канцэнтрацыя амерыканцаў арабскага паходжання – больш за 300 тыс. чалавек маюць блізкаўсходняе або паўночнаафрыканскае паходжанне», – піша Associated Press.

«Прадстаўнікі перадвыбарчага штаба Байдэна апошнія тыдні некалькі разоў ездзілі ў Мічыган, каб пагаварыць з лідарамі мусульманскіх абшчын пра вайну паміж Ізраілем і «Хамасам» і меркаванні прэзідэнта аб гэтым. Але схіліць арабаў на свой бок Беламу дому так і не атрымалася. А вось Трамп не можа заваяваць сімпатыі выбаршчыкаў з прыгарадаў і людзей з вышэйшай адукацыяй», – канстатуе амерыканскае выданне.

Расейскі суд прыгаварыў Алега Арлова, аднаго з заснавальнікаў таварыства Мемарыял, ліквідаванага па ўказе расейскіх уладаў у 2021 годзе, да двух з паловай гадоў калоніі па абвінавачанні ў “паўторнай дыскрэдытацыі арміі”. У адным са сваіх артыкулаў 70-гадовы праваабаронца рэзка асудзіў расейскую агрэсію супраць Украіны. На судзе Арлоў адмовіўся даваць паказанні і ўдзельнічаць у спрэчках – замест гэтага ён чытаў «Працэс» Кафкі. У 2022 годзе таварыства Мемарыял стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Берлінская газета Die Welt дае параду Еўропе.

«Еўрапейцам трэба было б прымаць у сябе расейскіх эмігрантаў – не менш шчодра, чым украінскіх бежанцаў. І рабіць гэта трэба не толькі з вялікадушнасці. Канфлікт з Расеяй мае не толькі палітычны, але і ідэалагічны характар. У гэтай барацьбе расейскія інтэлектуалы ўяўляюць сабой важны голас свабоды, які з’яўляецца дзейсным і не застаецца незаўважаным, нават калі спачатку здаецца, што гэта не так», – адзначае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка