У Чэхіі на палігоне выбухнулі боепрыпасы, ёсць пацярпелыя. Прэм’ер-міністр Ізраіля паведаміў пра роспуск вайсковага кабінету, створанага пасля нападу ХАМАС. Усё больш людзей па ўсім свеце адмаўляюцца ад прагляду навін, называючы іх сумнымі.

Фота: dialog.ua
Навіны міжнароднай прэсы ў аглядзе Арыны Ганцэвіч.
Ва ўрадзе Германіі няма планаў адмяніць выплату ўкраінцам грамадзянскіх дапамог. У той жа час хрысціянскія і вольныя дэмакраты лічаць, што бежанцы з Украіны павінны працаваць, а не сядзець на пасобіях, паведамляе Deutche Welle.
Раней з аналагічнай заявай выступіў намеснік прэс-сакратара міністэрства гандлю ФРГ Дамінік Эрэнтраўт (Dominik Ehrentraut). Ён таксама паведаміў, што спецыяльна створаны аддзел Цэнтра па працаўладкаванні для бежанцаў з Украіны дасць магчымасць паскорыць прыняцце мер інтэграцыі ўкраінцаў на рынку працы ў Германіі.
***
У Чэхіі на палігоне выбухнулі боепрыпасы, ёсць пацярпелыя, паведамляе чэская тэлевізія — умяшаўся выратавальны верталёт. Інцыдэнтам займаецца вайсковая паліцыя. Ні прэс-сакратар вайсковай паліцыі Кацярына Млынкова, ні прэс-сакратар Чэскай арміі Магдалена Дворжакава не назвалі колькасці параненых.
***
У Свярдлоўскім абласным судзе паведамілі, што справу журналіста выдання The Wall Street Journal Эвана Гершковіча, які ў Расеі абвінавачваецца ў шпіянажы, будуць разглядаць у закрытым рэжыме.
Раней Генпракуратура Расеі зацвердзіла абвінаваўчае заключэнне ў крымінальнай справе журналіста. Папярэдняе следства вяло следчае ўпраўленне ФСБ.
Па версіі следства, у сакавіку 2023 года Гершковіч нібыта «па заданні ЦРУ» збіраў у Свярдлоўскай вобласці сакрэтную інфармацыю аб дзейнасці прадпрыемства «НПК «Уралвагонзавод» па выпуску і рамонце вайсковай тэхнікі.
«Незаконныя дзеянні зьдзяйсняліся Гершковічам з захаваннем дбайных мер канспірацыі», — сцвярджаюць у ведамстве.
***
Прэм’ер-міністр Ізраіля паведаміў пра роспуск вайсковага кабінету, створанага пасля нападу ХАМАС, паведамляе выданне The Times of Israel.
Рашэнне было прынята пасля адстаўкі міністра Бэні Ганца, услед за якім з часовага ўраду выйшлі былы начальнік Генштабу Арміі абароны Ізраілю Гадзі Айзенкот (назіральнік) і дэпутат Кнэсэта Хілі Тропэр (міністар без партфеля).
Распад кааліцыі быў чаканы, піша выданне, паколькі вельмі правы міністр нацыянальнай бяспекі Ітамар Бэн-Гвір прасіў, каб яго ўключылі ў кабінет вайны замест Ганца.
Найважнейшыя рашэнні пра вайну, як чакаецца, Нэтаньягу будзе прымаць на невялікіх спецыяльных нарадах без Бэн-Гвіра, а канчатковага зацвярджэння будзе патрабаваць ад больш шырокага складу кабінета бяспекі.
***
Усё больш людзей па ўсім свеце адмаўляюцца ад прагляду навін, называючы іх сумнымі, або якія ўганяюць у дэпрэсію, вынікае з глабальнага даследавання Інстытута вывучэння журналістыкі Рэйтэр Оксфардскага універсітэта, піша BBC.
У апытанні, праведзеным са студзеня па лютым гэтага года, прынялі ўдзел амаль 95 тысяч чалавек з 47 краін свету. Згодна з атрыманымі данымі, чацвёра з кожных 10 рэспандэнтаў (39%) свядома пазбягаюць прагляду навін.
У 2017 годзе гэты паказчык быў прыкметна ніжэйшы – 29%.
На думку аўтараў даклада, жаданне людзей “адключыцца” ад навіннай позвы можа быць выклікана войнамі ва Украіне і на Блізкім Усходзе.
Беларускае Радыё Рацыя