BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Маральны абавязак

Фота: PAP

У Польшчы будуюць “Усходні шчыт” для абароны на мяжы з Беларуссю. Заходняя зброя для ўдараў па Расеі? Еўравыбары чакаюць. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Праект «Усходні шчыт», накіраваны на ўзмацненне абароны ўздоўж мяжы Польшчы з РБ і РФ, ацэньваецца ў 2,55 млрд даляраў. Плануецца, што гэта будуць умацаванні, вузлы і тэлекамунікацыйныя сістэмы, пабудаваныя ў каардынацыі з Латвіяй, Літвой, Фінляндыяй і Эстоніяй», – перадае DW.

«Гэта адзіная складаная сістэма. Яна злучыць сістэмы доступу, але таксама будуць закуплены сучасныя сістэмы абароны ад дронаў і разведкі. Пра гэта паведаміў міністр абароны Польшчы і назваў праект «найбуйнейшай аперацыяй па ўмацаванні ўсходняй мяжы Польшчы, усходняга флангу НАТА, з 1945 года». Начальнік Генштаба польскага войска Веслаў Кукула сказаў, што «Шчыт» будзе змагацца з «асіметрычнымі», гэта значыць гібрыднымі пагрозамі. А ў аспекце падрыхтоўкі да вайны стане фактарам падтрымкі Узброеных сіл, каб апазнаць, запаволіць, стварыць зоны паражэння такім чынам, каб супернік быў знічтожаны яшчэ да мяжы з Польшчай. «Мы хочам скарыстацца лепшым вопытам, які атрымліваем ад украінскага боку. Мы аналізуем яго не толькі з пункту гледжання забеспячэння бяспекі мяжы, але і з пункту гледжання тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ва Украіне», – кажа намеснік міністра абароны Польшчы Цэзарый Томчык. Будаўніцтва “Усходняга шчыта” павінна быць завершана да 2028 года», – перадае служба DW.

Да гэтага часу Украіне не дазвалялася выкарыстоўваць заходнюю зброю для ўдараў па аб’ектах на расійскай тэрыторыі. Аднак, з прычыны становішча на фронце, Парыж і Лондан ужо адступілі ад гэтага патрабавання. У ЗША таксама намячаецца змена вектара. Гэтага ж патрабуе і генсек НАТА Столтэнберг, які сыходзіць са сваёй пасады, пра што ён заявіў у адным з інтэрв’ю. «Падставай для гэтай дыскусіі стала ключавая роля Харкава», – лічыць міланская Corriere della Sera.

«Спачатку ўварвання былы некалі прэзідэнтам Расеі Мядзведзеў пагражаў, што Харкаўская вобласць стане пятай анексаванай вобласцю Украіны. Аднак атака была адбітая. Сёння ўкраінцы баяцца, што Пуцін захацеў адпомсціць за гэты правал. Эканамічныя наступствы ў такім выпадку будуць яшчэ цяжэй, чым у выпадку Данецка ці Марыупаля. Харкаўская вобласць пасля Кіеўскай і Днепрапятроўскай – трэці па важнасці рэгіён краіны для генерацыі ВУП (6, 3 працэнта), а акрамя таго – у нетрах рэгіёну знаходзяцца найбуйнейшыя запасы прыроднага газу ў краіне. Падобна, Масква мае намер зрабіць горад непрыдатным для жыцця, прымусіць жыхароў пакінуць яго – і такім чынам падрыхтаваць новы летні наступ», – наракае італьянскае выданне.

Каля двух тыдняў засталося да таго дня, калі выбаршчыкі з 27 краін-членаў ЕЗ абяруць новы Еўрапейскі парламент. Улічваючы чаканы зрух направа, аглядальнікі надаюць вялікае значэнне гэтым выбарам, а таксама задаюцца пытаннем, як прыцягнуць да выбараў больш людзей. Брусэльская De Standaard паказвае тое, некаторыя важныя пытанні застаюцца адкрытымі.

«Еўропа задае рамкі для працэсу заканатворчасці большай часткі нацыянальных заканадаўстваў у сферы міграцыі, клімату, міжнароднага гандлю, канкурэнцыі, сельскай гаспадаркі, аховы прыроды. Перш за ўсё застаецца адкрытым пытанне аб тым, як быць з траянскімі канямі ўнутры Еўропы, мэта якіх – знішчэнне некаторых ліберальных апор будынка ЕЗ. Па выніках апытанняў, зялёныя і ліберальныя фракцыі з вялікай доляй верагоднасці сур’ёзна прайграюць кансерватарам і ўльтраправым. Але пад якім вектарам гэтыя фракцыі зноў увойдуць у парламент, пакуль не зразумела. Ці мігруюць правыя кансерватары ў бок цэнтра – ці ж, наадварот, паправеюць хрысціянскія дэмакраты?», – задаецца пытаннем бельгійскае выданне.

З 2025 года 11 ліпеня аб’яўлены Міжнародным днём памяці аб генацыдзе ў Срэбраніцы. Такое рашэнне было прынята на Генеральнай асамблеі ААН. 84 дэлегаты прагаласавалі за гэтае рашэнне, 19 – супраць, 68 – устрымаліся. 11 ліпеня 1995 года баснійска-сербскія фарміраванні забілі 8000 баснійскіх мусульман. Сербія рашуча пярэчыла супраць прыняцця рэзалюцыі, бо, на думку Бялграда, гэта таўруе ўсіх сербаў як памагатых генацыду. Сербскі нацыяналізм па-ранейшаму застаецца праблемай», – заўважае заграбская Jutarnji list.

«Тым, хто думае, што былая Югаславія павінна цалкам увайсці ў Еўразвяз, варта толькі паказаць, чым займаецца Аляксандр Вучыч, які ўвасабляе Сербію сёння. Гэтая Сербія пагарджае дэмакратычнымі каштоўнасцямі, якія больш за ўсё паважаюцца ў ЕЗ, а рэжым і стыль праўлення Вучыча нічым не адрозніваюцца ад таго, якім чынам Эрдаган кіруе Турцыяй. Сербія дэструктыўная для гэтага рэгіёна яшчэ і таму, што яна блакуе нават самыя малаважныя спробы эмансіпацыі Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі і Косава, – і Вучыч робіць гэта ўсё не ў адзіночку, ён карыстаецца падтрымкай большасці сербаў – і ўсіх найважных інстытутаў на чале з Сербскай Праваслаўнай Царквой», – піша харвацкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя