Беларусь раздала агітацыйныя кнігі школам на акупаваных тэрыторыях Украіны. Гібель валанцёраў у сектары Газа. 75 гадоў НАТА: прыярытэты на будучыню. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь накіравала ў школы на акупаваных тэрыторыях Украіны агітацыйныя кнігі з «Фонду Аляксея Талая» — беларускага плыўца-паралімпійца», – паведаміла ўкраінскае выданне nv.ua.
«Беларускі рэжым працягвае дапамагаць Расеі праводзіць палітыку генацыду на часова акупаваных тэрыторыях. «Фонд Аляксея Талая» перадаў кнігі Херсонскай вобласці. Гэты фонд названы ў гонар плыўца-паралімпійца, які падтрымлівае дыктатарскі рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Большасць кніг з’яўляюцца чыстай прапагандай і з’яўляюцца проста часткай рускай літаратуры», – адзначае ўкраінскае выданне.
***
У сектары Газа загінулі сямёра супрацоўнікаў гуманітарнай арганізацыі World Central Kitchen, якая займаецца разгортваннем мабільных кухняў у крызісных рэгіёнах. Урад Ізраіля прызнаў, што інцыдэнт адбыўся па віне ізраільскіх вайскоўцаў, і абяцаў правесці дбайнае расследаванне. Заснавальнік World Central Kitchen заявіў, што меў месца мэтанакіраваны ўдар, паколькі аўтамабіль арганізацыі быў забяспечаны прыкметнымі і чытэльнымі апазнавальнымі знакамі. Крытыка гучыць і з боку саюзнікаў Ізраіля, напрыклад ЗША і Польшчы. Ізраіль прызнаў, што яго вайскоўцы здзейснілі цяжкую памылку. «Падобнае прызнанне – рэдкасць, як паказвае 75-гадовая гісторыя краіны», – заўважае рымская La Repubblica і аналізуе прычыны.
«Першая прычына – тое, што шасцёра з сямі загінуўшых – замежнікі. Гэта можа стаць кропляй, якая перапоўніць чашу – і Захад дыстанцуецца ад ізраільскай аперацыі ў сектары Газа. Другая прычына – тое, што гэты інцыдэнт можа стаць яшчэ адным доказам для абвінавачання Ізраіля ў здзяйсненні ваенных злачынстваў перад Міжнародным судом. Трэцяя прычына заключаецца ў тым, што Ізраіль мае патрэбу ў арганізацыі World Central Kitchen: пасля гібелі сваіх супрацоўнікаў гэтая НДА прыпыніла дзейнасць па аказанні гуманітарнай дапамогі ў сектары Газа, у выніку чаго там узрасла пагроза голаду – катастрофы, віну за якую ААН ускладае на урад Ізраіля», – адзначае італьянскае выданне.
***
4 красавіка 1949 года ў Вашынгтоне быў урачыста падпісаны Паўночнаатлантычны дагавор. Гэты дзень лічыцца днём заснавання блока НАТА. Альянс, першапачаткова які складаўся з дванаццаці дзяржаў, сёння разросся да трыццаці дзвюх. З нагоды юбілею НАТА еўрапейская прэса разважае пра тое, якія прыярытэтныя мэты мусіць ставіць перад сабой альянс сёння. «У будучыні пагрозай стане найперш Кітай», – папярэджвае берлінская Welt.
«Краіна актыўна ўзбройваецца і становіцца больш упэўнена ў сабе. Судзячы па ўсім, праз 15 гадоў Кітай стане вялікай праблемай для НАТА. І да гэтага альянсу час нарэшце рыхтавацца: нячастых кансультацый з партнёрамі па ціхаакіянскім рэгіёне і парачкі ваенных вучэнняў у гэтым рэгіёне відавочна недастаткова. У Берліна больш няма права тармазіць гэты працэс. Справа ў тым, што кітайская пагроза датычыцца і еўрапейцаў: калі Пекін будзе ў стане заблакаваць гандлёвыя шляхі ў Паўднёва-Кітайскім моры, то транспарціроўка еўрапейскіх тавараў апынецца пад пагрозай», – падкрэслівае нямецкае выданне.
***
На выходныя, на якія прыпаў каталіцкі Вялікдзень, больш за дванаццаць тысяч маладых людзей і дарослых у Францыі прынялі каталіцкае хрышчэнне. Такім чынам, у параўнанні з мінулым годам колькасць прыхаджан павялічылася на 31 працэнт. Аглядальнікі разважаюць аб тым, які ўплыў акажуць нованавернутыя на каталіцкую царкву як інстытут. Кракаўскі каталіцкі штотыднёвік Tygodnik Powszechny піша пра змену ролі каталіцызму ў Францыі.
«Рост колькасці хрышчэнняў сярод дарослых не кампенсуе скарачэння колькасці такіх сярод дзяцей, так што агульная статыстыка прыхільнікаў каталіцкай веры ў Францыі зніжаецца. Аднак нельга сказаць, што каталіцызм перажывае заняпад – ён толькі перастае быць культураўтваральнай рэлігіяй і трансфармуецца ў рэлігію свядомага выбару. А гэта, безумоўна, зменіць яго аблічча», – адзначае польскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






