BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Меншае з зол

  • Лукашэнка назваў Трампа “моцаю”, а Харыс параіў “не плакаць”
  • Трамп – прэзідэнт: як рэагуе Еўропа?

7 лістапада Аляксандр Лукашэнка паказальна коле дровы: як пішуць дзяржмедыя, ён прысутнічае на чэмпіянаце па колцы дроў сярод СМІ”, – перадае DW.

Падчас мерапрыемства палітык вырашыў пракаменціраваць вынікі выбараў у ЗША. У сваёй прамове ён назваў Трампа “моцаю” і “бульдозерам”, якога “стралялі, душылі, пасадзіць хацелі”, але ён здзейсніў “асабісты подзвіг”. Камалу Харыс ён назваў “гераічнай жанчынай”, якой “не трэба плакаць”. “Амерыка не саспела яшчэ абраць жанчыну”, – заявіў Лукашэнка. У 2020 годзе галоўнай саперніцай Аляксандра Лукашэнкі на выбарах была Святлана Ціханоўская. Па афіцыйных дадзеных ЦВК, яна набрала ўсяго 10% галасоў. Па падліках незалежных ініцыятыў, Ціханоўская магла атрымаць каля 52% галасоў выбаршчыкаў. Наступныя “выбары” ў Беларусі назначаны на 26 студзеня 2025 года”, – падкрэслівае DW.


З 2025 года прэзідэнтам ЗША афіцыйна будзе Дональд Трамп – чалавек, да якога большасць еўрапейцаў ставяцца скептычна. Так, паводле апытанняў, пераважная большасць грамадзян ЕЗ хацелі б бачыць на чале Злучаных Штатаў Камалу Харыс. Frankfurter Rundschau таксама разважае аб тым, што Еўропа яшчэ не падрыхтавалася ў належнай ступені да новага прэзідэнцтва Трампа.

«У новым, больш суровым свеце Еўразвяз зможа выжыць толькі ў тым выпадку, калі ён нарэшце пачне ўвасабляць у жыццё даўно адкладзеныя рэформы, такія як адмена прынцыпу аднагалоснасці, якая дазволіла б паскорыць прыняцце палітычных рашэнняў. Пазбегнуць страт у гандлі са сваім найважнейшым партнёрам ЗША краіны ЕЗ змогуць толькі ў тым выпадку, калі ўжо прывяжуць сябе да Амерыкі. Гэта, у сваю чаргу, пагоршыць канфлікт з Кітаем. У такім выпадку магчымае зніжэнне еўрапейскага экспарту давядзецца кампенсаваць за кошт асваення іншых рынкаў у Азіі і Афрыцы. Абаронная палітыка застаецца самай вялікай праблемай для краін ЕЗ. Трамп зноў будзе патрабаваць ад еўрапейцаў больш інвеставаць у свае войскі», – піша нямецкае выданне.


Аглядальнікі еўрапейскіх СМІ разважаюць аб тым, які ўплыў акажа абранне Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША на найважнейшыя геапалітычныя крызісы і агульнасусветны парадак дня. «Тое, якую пазіцыю зойме Трамп, можа аказаць вырашальны ўплыў на ход бягучых ваенных канфліктаў», – мяркуе нікаская Cyprus Mail.

«Ці паўстане ён на бок Уладзіміра Пуціна і ці спыніць падтрымку Кіеву, якая мае вырашальнае значэнне для абароны Украіны? І які ўплыў гэта акажа на адносіны Злучаных Штатаў з Еўропай, якая разглядае гэтую вайну як экзістэнцыйную пагрозу? А яшчэ ёсць вайна, якую Ізраіль вядзе ў сектары Газа і Ліване. Ці будзе Трамп прытрымлівацца свайго закліку да Ізраілю «скончыць гэтую справу» – і якія будуць наступствы, калі з яго падачы ў Ізраілю апынуцца развязаныя рукі? Ці дойдзе да вайны з Іранам, ідэю якой Трамп падтрымліваў падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміна? Напрошваецца і пытанне аб будучыні НАТА – бо Трампа ніяк нельга назваць ягоным гарачым прыхільнікам», – адзначае кіпрскае выданне.


У Нямеччыне распалася ўрадавая кааліцыя: у сераду ўвечары канцлер Олаф Шольц (СДПГ) заявіў, што адправіць у адстаўку міністра фінансаў Крысціяна Лінднера (СвДП), паколькі што, маўляў, «занадта часта не апраўдваў даверу». Лінднэр, у сваю чаргу, абвінаваціў Шольца ў тым, што той не прызнае неабходнасці фундаментальных зменаў у эканамічнай палітыцы, план якіх ён, Лінднэр, днямі падаў кіраўніку ўрада. «У студзені Шольц мае намер паставіць у бундэстагу пытанне аб даверы ўраду, а апазіцыя патрабуе не цягнуць ката за хвост, момант зараз не ідэальны, але распад кааліцыі – гэта меншае з зол», – падсумоўвае берлінская taz.

«Вядома, абсурднае ўяўленне пра тое, што федэральнаму канцлеру зараз, магчыма, прыйдзецца насіцца па Нямеччыне, спрабуючы пераканаць парачку пенсіянераў у перавагах сацыял-дэмакратыі, у той час як Трамп будзе мяняць сам сусветны парадак – з непрадказальнымі наступствамі для Захаду ў цэлым, але таксама і для Украіны, Ізраіля і Палестыны. Дык ці можна сказаць, што крок у напрамку новых выбараў з’яўляецца памылковым? Так, момант зараз не ідэальны, і часам стабільнасць ужо сама па сабе з’яўляецца немалой каштоўнасцю. Аднак захаванне гэтай святлафорнай кааліцыі ў ранейшым выглядзе было б яшчэ больш кепскай навіной. Бо з перамогі Трампа можна атрымаць і наступны ўрок: калі цэнтрысцкія партыі ідуць на кампрамісы, спрабуючы хоць «ноч прастаяць ды дзень пратрымацца», то ў такім выпадку ў іх няма ніякіх шанцаў у супрацьстаянні з правымі папулістамі», – адзначае нямецкае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя