BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Момант

Чаму расце эканоміка Беларусі? Германія: вотум недаверу ўраду Шольца. Грузія: спрэчныя выбары новага прэзідэнта. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Беларусь заняла трэцюю пазіцыю ў рэйтынгу Міжнароднага валютнага фонду па росце ВУП, які прагназуецца, сярод еўрапейскіх краін у 2024 годзе. Ці значыць гэта, што ў эканоміцы ўсё добра і чаго чакаць?», – перадае DW.

«Акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі называе 2024-ы сапраўды ўдалым у Беларусі: “Па выніках года рост ВУП будзе каля 4%, на чатыры разы больш, чым наш звычайны прырост”. Важную ролю адыграла і вайна РФ ва Украіне. “Рынак у Расеі вялікі, і сыход заходніх кампаній адкрыў яго для Беларусі. Акрамя таго, Беларусь пастаўляе Расеі ваенную тэхніку і тавары двайнога і ваеннага прызначэння”, – адзначае эксперт праекта аб даходах і расходах дзяржбюджэту “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін. Але, удакладняе Кавалкін, “калі паглядзець на доўгатэрміновую перспектыву, на тое, у якім выглядзе мы пакінем эканоміку нашым дзецям, то гэта, безумоўна, няўдалы вектар развіцця”. Разважаючы пра перспектывы, беларуская эканаміст Аліса Рыжычэнка падкрэслівае, што ўтрымліваць высокія лічбы росту ВУП немагчыма. Структурныя праблемы беларускай эканомікі нікуды не падзенуцца – адсутнасць кадраў, залішні дзяржкантроль, адсутнасць дыверсіфікацыі ў знешнім гандлі», – перадае DW.

У панядзелак дэпутаты бундэстага большасцю галасоў вынеслі вотум недаверу федэральнаму канцлеру Олафу Шольцу. Цяпер адкрыты шлях для правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў. Дата ўжо прызначаная – 23 лютага 2025 года. Шольц зноў вылучыць сваю кандыдатуру ад партыі СДПН. Даныя апытанняў паказваюць, што на сённяшні дзень у гонцы лідзіруе кіраўнік апазіцыі Фрыдрых Мерц (ХДС). Турынская La Stampa каментуе той факт, што Нямеччынай зараз кіруе канцлер без даверу.

«Незалежна ад таго, наколькі значнай можа аказацца нестабільнасць у прамежку паміж выбарамі і фармаваннем новага ўрада, скіданне Олафа Шольца ў любым выпадку з’яўляецца момантам палягчэння для Еўропы. Зараз “кульгавую качку” пад назовам Нямеччына – а краіна ўжо некаторы час знаходзіцца менавіта ў гэтым амплуа – узначальвае не меней “кульгавая качка” Шольц. Але тут, прынамсі, ёсць надзея на лепшую будучыню. Ніхто ў Еўропе не можа дазволіць сабе Нямеччыну, якая знаходзіцца ў тым стане, якое мы бачылі да гэтага часу», – піша італьянскае выданне.

Сіламі парламенцкай большасці кіруючай партыі Грузінская мара новым кіраўніком дзяржавы абраны Міхаіл Кавелашвілі. Апазіцыя байкатавала галасаванне па кандыдатуры Кавелашвілі – палітыка правакансерватыўнага кшталту, а ў мінулым прафесійнага футбаліста. Сваё рашэнне прадстаўнікі апазіцыйных сілаў абгрунтавалі тым, што яны не прызнаюць вынікі кастрычніцкіх выбараў у парламент. «Грузінская мара гне сваю лінію», – канстатуе берлінская taz.

«Такім чынам, на чале Грузіі можа апынуцца чалавек, які ў звыкла недыпламатычнай манеры можа бессаромна разыгрываць з сябе дрэннага хлапца і выконваць за Грузінскую мару ўсю брудную працу: вырыгаць ненавісніцкія тырады на адрас Захаду, меншасцяў, прадстаўнікоў ЛГБТК+, а таксама тысяч “бязмозглых” дэманстрантаў, якіх, паводле яго слоў, аплачвае Захад. Няма сумненняў у тым, што Кавелашвілі ўнясе свае пяць капеек у барацьбу з “ліберальным фашызмам” – недарэчны выраз, які так любяць смакаваць прадстаўнікі Грузінскай мары. Прывітанне ад Пуціна», – піша нямецкае выданне.

Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ заклікаў краіны альянсу рэзка падвысіць выдаткі на абарону, каб узмацніць абараназдольнасць Еўропы. Як заявіў Рутэ падчас сваёй асноватворнай прамовы ў Бруселі, паказчык на два працэнты ВУП можа аказацца ўжо недастатковым для эфектыўнага стрымлівання. «Патрэбна іншая палітыка», – мяркуе амстэрдамская De Volkskrant.

«Пасля падзення Берлінскай сцяны ў 1989 годзе ў палітыцы гаворка ўсё больш ішла аб індывідуальным развіцці і прыватным спажыванні, у выніку чаго стала больш складана патрабаваць ад людзей гатовасці ісці на калектыўныя ахвяры. Гэтая тэндэнцыя толькі ўзмацнілася на фоне ўздыму папулісцкіх партыяў. Яны пераконваюць сваіх выбаршчыкаў у тым, што тым ніколі не давядзецца штосьці мяняць, не кажучы ўжо пра тое, каб ад чагосьці адмовіцца. Рост агрэсіі ў свеце патрабуе іншай палітыкі. Палітыкі, якая патрабуе гатовасці пайсці на ахвяры, але пры гэтым справядліва размяркоўвала б нагрузку. Узмацненне абароны – рэч неабходная: волю індывіда можна захаваць толькі з дапамогай калектыўнай гатовасці да супраціву», – адзначае нідэрландскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка