- Наведванні літоўцамі Беларусі скараціліся ў пяць разоў
- Іран у бліжэйшы час перадасць Расеі балістычныя ракеты
- Вынікі выбараў у Цюрынгіі і Саксоніі

«Колькасць грамадзян Літвы, якія едуць у Беларусь, за апошнія два гады скарацілася ў пяць разоў», – паведаміла ў панядзелак Служба аховы дзяржаўнай мяжы (VSAT) для вядучага літоўскага выдання lrt.lt.
«Грамадзяне Літвы ў жніўні здзейснілі 10 тысяч паездак у суседнюю краіну, у параўнанні з 33 тысячамі год таму і 50 тысячамі два гады таму. Паводле звестак VSAT, грамадзяне Літвы ў мінулым месяцы 10 020 разоў перасякалі мяжу з Беларуссю праз пункты пропуску. Некаторыя здзейснілі не адну паездку, бо колькасць так званых унікальных вылетаў склала 7358. У красавіку 2022 года Беларусь увяла бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы, што прывяло да павелічэння паездак у суседнюю краіну, асабліва сярод жыхароў прыгранічных рэгіёнаў. Пасля гэтага ўрад Літвы закрыў чатыры з шасці пунктаў пропуску на беларускай мяжы. Агульная колькасць паездак грамадзян Літвы ў Беларусь пачала змяншацца пасля дасягнення піка ў 56 048 у ліпені 2022 года. Напрыклад, у снежні 2023 года было зафіксавана 16 930 перасячэнняў, у параўнанні з 36 379 у студзені таго ж года. Галоўны пералом адбыўся ў сакавіку гэтага года, калі Літва закрыла яшчэ два міжнародныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, Райгардас і Лаварышкес, пасля закрыцця пунктаў пропуску Тверэчюс і Шумскас у жніўні 2023 года. Спецслужбы папярэджваюць, што грамадзяне Літвы могуць стаць аб’ектам нападаў беларускіх спецслужб падчас наведвання суседняй краіны», – піша літоўскае выданне.
Еўрапейскія афіцыйныя асобы чакаюць, што Іран найбліжэйшым часам паставіць у Расею балістычныя ракеты, паведамляе амерыканскае выданне Bloomberg са спасылкай на крыніцы. Суразмоўцы агенцтва не раскрылі маштабы і тэрміны паставак, а таксама тыпы ракет. Пры гэтым адзін з чыноўнікаў сказаў, што пастаўкі могуць пачацца цягам некалькіх дзён.
«ЗША і іншыя члены НАТА раней перасцерагалі Іран ад паставак балістычных ракет. Іран і Расея супрацоўнічаюць у вытворчасці беспілотнікаў, якія войскі РФ выкарыстоўваюць у ходзе ўварвання ва Украіну. Армія РФ пры атаках па Украіне прымяняе дроны іранскай распрацоўкі «Шахед» (расейская назва “Герань”), якія вырабляюць у тым ліку на тэрыторыі асаблівай эканамічнай зоны «Алабуга» у Татарстане. У пачатку студзеня 2024 года Іран перадаў Расеі каля 400 балістычных ракет, у тым ліку ракеты малой далёкасці з сямейства «Фатэх-110», здольныя паражаць мэты на адлегласці ад 300 да 700 кіламетраў. Расея ў вайне выкарыстоўвае як балістычныя ракеты ўласнай вытворчасці, так і паўночнакарэйскія ракеты КН-23», – адзначае амерыканскае выданне.
Папярэднія вынікі выбараў у ландтагі Саксоніі і Цюрынгіі, да якіх было прыкавана столькі ўвагі, такія: у Цюрынгіі пераможцам галасавання стала АдГ, якая атрымала амаль трэць усіх галасоў. На другім месцы – Хрысціянска-дэмакратычны саюз. У Саксоніі ХДС здолеў ненашмат абыйсці АдГ. Пры гэтым у абедзвюх землях ведамствы па ахове канстытуцыі ўнеслі АдГ у спіс арганізацый, якія падазраюцца ў праваэкстрэмісцкіх намерах. Новы гулец – партыя Саюз Сары Вагенкнехт (ССВ) здолела з нуля выйсці на двухзначныя паказчыкі. «Як быццам паўтараюцца падзеі стогадовай даўніны», – заўважае рымская La Repubblica.
«Гэта – землятрус, які зменіць ход гісторыі. Упершыню пасля заканчэння вайны перамогу на выбарах у ландтаг у Германіі атрымала ультраправая партыя. Праз 90 гадоў пасля прыходу Гітлера да ўлады. І гэта ў федэральнай зямлі, якая зняславілася тым, што менавіта там у 1924 годзе нацысты на мясцовых выбарах атрымалі шырокую падтрымку. Гаворка ідзе аб Цюрынгіі. Гэта было роўна сто гадоў таму. Б’ёрн Хёке – адзін з бясспрэчных пераможцаў гэтых выбараў: старшыня цюрынгскай АдГ атрымлівае амаль 33 працэнты. А галоўныя актары, якія прайгралі – гэта тры партыі, якія ўваходзяць у цяперашнюю святлафорную кааліцыю, у шэрагах якой пануе раскол», – наракае італьянскае выданне.
Каранавірус вяртаецца да былых маштабаў? У Кіеве назіраецца рэзкі рост выпадкаў каранавіруснай хваробы. У сталіцы і рэгіёне лютуюць «Амікрон» і «Флірт». У Латвіі таксама зафіксаваны рост захворвання Covid-19, што на думку ўрачоў звязана з новым тыпам віруса. «Па назіраннях медыкаў, зараз часцей каранавірусам хварэюць маладыя людзі, якія ходзяць на працу, наведваюць мерапрыемствы і падарожнічаюць. Абараніць ад новага варыянту віруса могуць вакцыны, але найбольшыя фактары рызыкі назіраюцца толькі ў канкрэтных групаў насельніцтва», – паведамляе латвійскае выданне lsm.lv.
«Лета пачалося з маштабнай хвалі захворвання Covid-19, а аб хваробе многія пісалі ў сацыяльных сетках. Прырост захворвання звязаны з распаўсюджваннем новага варыянту віруса, які, як і яго папярэднікі, можа абыходзіць раней набыты імунітэт. Па заканчэнні лета кожны пяты лабараторна правераны ўзор быў станоўчым. Паказчыкі – як у студзені 2024 года. Прыкладна ў 40% выпадкаў, якія паступаюць, скаргі на катар, кашаль, закладзенасць у носе і падвышаную тэмпературу, экспрэс-тэсты паказваюць наяўнасць Covid-19. Суіснаваць з каранавірусам давядзецца яшчэ доўга», – канстатуе латвійскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя